Супрацьстаянне паміж Эстоніяй і РФ: для Расіі закрыюць Фінскі заліў
Расія заявіла, што паніжае ўзровень дыпламатычных адносін з Эстоніяй — краіны Балтыі адказалі.

Фота з канала t.me/worldprotest
Міністэрства замежных спраў Расіі 23 студзеня абвясціла, што ўзровень дыппрадстаўніцтва Эстоніі ў РФ будзе паніжаны да часовага праверанага, а пасол Эстоніі павінен пакінуць Расію 7 лютага.
Эстонія на гэта адказала таксама высылкай пасла Расіі з краіны: ён мусіць пакінуць краіну адначасова з паслом Эстоніі ў РФ.
Да таго ж Эстонія абвясціла, што збіраецца ўвесці прыбярэжную «прылеглую зону» ў Фінскім заліве. Гэта фактычна закрые Балтыку для расійскага флоту.
Так, кіраўнік эстонскага МЗС Урмас Рэйнсалу заявіў, што Эстонія мае намер увесці рэжым прыбярэжнай «прылеглай зоны» ў Фінскім заліве. Яна будзе распаўсюджвацца ў межах 24 марскіх міль ад зыходнай лініі тэрытарыяльнага мора Эстоніі — гэта значыць, будзе пакрываць увесь Фінскі заліў. У гэтых межах Эстонія зможа кантраляваць выкананне ўнутрыдзяржаўнага права і караць за парушэнні сваіх прававых актаў.
Пры гэтым эстонскія спецслужбы змогуць аглядаць расійскія вайсковыя і цывільныя караблі, якія выходзяць з партоў Ленінградскай вобласці і з Кранштата. У выпадку адмовы ад надгляду ім будзе забаронены праход праз Фінскі заліў.

Да таго ж у знак салідарнасці з Эстоніяй Латвія таксама заявіла, што з 24 лютага панізіць узровень дыпламатычных стасункаў з РФ.
Нагадаем, у РФ абурыліся, што ўрад Эстоніі прыняў найбуйнейшы пакет ваеннай дапамогі Украіне, агульным коштам 113 мільёнаў еўра, да такой ступені, што вырашылі выслаць пасла прыбалтыйскай краіны.
У пакет дапамогі Украіне ўвайшлі дзясяткі гаўбіц калібру 155 мм FH-70 і 122-мм D-30, тысячы артылерыйскіх снарадаў калібру 155 мм, сотні процітанкавых гранатамётаў М2 «Карл-Густаф» з боепрыпасамі, а таксама сродкі падтрымкі артылерыйскіх падраздзяленняў.