Залежнасць ад расійскай эканомікі непераадольная

Лукашэнка або сам не верыць у непахіснасць беларускага сувернітэту, або баіцца, што ў гэта не вераць іншыя. 12 студзеня на нарадзе пра рэалізацыю 28 саюзных праграм ён пастаянна паўтараў тэзіс, што «гаворка не ідзе пра страту часткі суверэнітэту».

_belarus_ekanomika_pradpryemstvy_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__2__logo.jpg

Беларускі правіцель заявіў, што 28 саюзных праграм выкананыя на 68%. Яму на ратыфікацыю ўнесена дамова аб агульных прынцыпах падаткаабкладання па ўскосных падатках, якая прадугледжвае стварэнне Наднацыянальнага камітэта па падатках.

"Папярэджваю, размовы аб тым, што Расія або Беларусь адмаўляюцца ад свайго суверэнітэту, не ішло і на сённяшні дзень не ідзе і ісці не можа. Проста няма неабходнасці, — казаў Лукашэнка. — Мы яшчэ ў тым. фармаце, у якім супрацоўнічаем з Расіяй, не выпрацаваліся".

А нараду сабраў, як патлумачыў Лукашэнка, "каб вы не думалі, што за вашай спіной вырашаюцца нейкія пытанні, а вы аб іх і не ведаеце. Не, гэты працэс адкрыты, сумленны і прынцыповы”.

Як звязаныя 28 саюзных праграм з беларускім суверэнітэтам? Пагаварылі з эканамістам Львом Марголіным.

— Я заўсёды казаў, што саюзныя праграмы і суверэнітэт напрамую між сабой не звязаныя. Калі, вядома, не ствараюцца наднацыянальныя органы, дый то толькі ў тым выпадку, калі яўна праглядваецца перавага аднаго з бакоў.

Вось глядзіце. Дамовіліся мы пра ўніфікацыю падатковай сістэмы. Адпрацавалі год-другі, убачылі, што сістэма працуе неэфектыўна ці з яўным перакосам на карысць аднаго боку — нам ніхто і нішто не перашкаджае выйсці з дамовы (ці пагаднення) або вярнуцца да дапрацоўкі гэтага дакумента.

І Лукашэнка паспрабаваў давесці, што саюзныя праграмы — гэта адно, а сувернітэт — другое.

Падводны камень у гэтым інтэграцыйным сюжэце толькі адзін: пастаянна ідуць размовы, што Беларусь страчвае свой суверэнітэт. Пагрозы страты суверэнітэту сапраўды існуюць, але яны зыходзяць з іншага боку — ад вайны, якую Расія вядзе ва Украіне.

Калі чалавек пастаянна цвердзіць адну і тую ж думку, то такія паводзіны маюць два магчымыя тлумачэнні: або ён сам не верыць у свае словы, або баіцца, што ў гэта не вераць іншыя.

— Лукашэнка прагаварыўся, што ў новым інтэграцыйным пакеце гаворка ідзе пра стварэнне Наднацыянальнашга падатковага камітэта. Пры гэтым ён зрабіў агаворку, што, пакуль папярэднія 28 саюзных праграм не будуць выкананыя на 100 адсоткаў, праца над новым інтэграцыйным пакетам не пачнецца. Якія пагрозы нясе стварэнне Наднацыянальнага камітэта?

— Пагрозы існуюць заўсёды, а д’ябал, як вядома, хаваецца ў дэталях: пакуль стварэнне наднацыянальных камітэтаў ідзе на парытэтных пачатках, датуль я не бачу ніякіх пагроз. Але калі заходзяць размовы пра тое, што Расія ў 10 разоў большая па тэрыторыі за Беларусь, што ў Расіі пражывае больш насельніцтва, — тады рыхтуйся да бяды. Як толькі ствараюцца наднацыянальныя органы па такім прынцыпе, рыхтуйся аддаць частку суверэнітэту.

Праблема ў тым, што мы не чыталі тэксты 28 саюзных праграм, наколькі я памятаю, за выключэннем кароткага пераказу, яны нідзе не публіваліся. Таму рабіць нейкія прагнозы немагчыма ў прынцыпе.

Мы не ведаем, што прадугледжваюць 28 саюзных праграм. Мы бачым, што захаваўся беларускі экспарт — магчыма, гэта і ёсць заслуга саюзных праграм? Ведаеце, гэтая інтэграцыя што чорная скрыня: мы бачым інфармацыю, якая туды заходзіць, бачым, якая інфармацыя выходзіць з яе, але не маем ніякага ўяўлення, што з ёй адбываецца ўнутры.

Не памылюся, калі скажу прыкладна так: нават калі б 28 саюзных праграм і не існавала ў прыродзе, то гэта не перашкодзіла б гаварыць, што яны выкананыя на 68%.

— Па выніках 2022 года 90% беларускага экспарту ў краіны СНД ідзе ў Расію, летась Беларусь упершыню за доўгія-доўгія гады дасягнула станоўчага сальда ў гандлі з Расіяй. Ці не перайшоў афіцыйны Мінск чырвоную лінію, за якою залежнасць ад расійскай эканомікі стала непераадольнай?

— Па-першае, у эканоміцы не існуе непераадольных рэчаў: сёння сітуацыя развіваецца так, а заўтра яна можа развярнуцца ў процілеглым накірунку.

Па-другое, не трэба забываць, што аднабокая арыентацыя беларускай эканомікі носіць  вымушаны характар. Але ў той сітуацыі, што склалася, іншага выйсця не было: альбо спыняць усё на свеце, альбо пераарыентаваць на Расію.

Раней у нас было станоўчае гандлёвае сальда з Еўрасаюзам, а з Расійяй — адмоўнае, як толькі Еўрасаюз адрэзаў шляхі для беларускага экспарту, мы атрымалі станоўчае гандлёвае сальда з Расіяй. І калі Беларусь зможа выкарыстаць у сваіх інтарэсах абмежаванне цэнаў на расійскую нафту і нафтапрадукты, то станоўшчае сальда можда яшчэ палепшыцца.