Крым: кропка незвароту. Частка 1
Адзінаццаць гадоў пытанне: «Чый Крым?» акумулявала варожасць у грамадстве. А факты за гэты час згубіліся ў хаосе вайны. Трыадзінства, на якім Расія будуе гібрыдную акупацыю перад ваеннай інтэрвенцыяй, — гэта царква, мова і грошы. І мы раскажам пра кожны пункт падрабязна, каб вы маглі зразумець логіку яе гульні на чужым полі.

Ілюстрацыйная выява. Фота: Жовта Стрічка
Ад дэпартацыі да акупацыі
У кожнай хваробы ёсць свае сімптомы. Мы раскажам пра «сімптомы» акупацыі. Пачнем з напаміну, што менавіта ў Крыме на Ялцінскай канферэнцыі 4–11 лютага 1945 года ў Лівадыйскім палацы ўзнікла ідэя стварэння ААН і было падпісана «Камюніке», дзе быў пункт пра «адзінства ў арганізацыі свету, як і ў вядзенні вайны». У гэтым пункце Сталін, Рузвельт і Чэрчыль дамовіліся, што «толькі пры працягу і росце супрацы і паразумення між нашымі трыма краінамі і між усімі міралюбнымі народамі можа ажыццявіцца … трывалы і працяглы мір». Нічога не напамінае?
Глядзіце таксама

Дамовы пра трывалы мір свет падпісаў з савецкай уладай, якая за год да Ялцінскай канферэнцыі ў траўні 1944 правяла дэпартацыю больш як 190 тысяч крымскіх татараў. Іх абвінавацілі ў «калабарацыі з нацыстамі» (падстава была масава фальсіфікаваная). Людзі былі прымусова вывезеныя ў Сярэднюю Азію, Урал і Сібір. Многія загінулі яшчэ ў дарозе. Гэта была спланаваная аперацыя НКУС пад кіраўніцтвам Берыі.
Падчас і пасля дэпартацыі татараў (а таксама грэкаў, балгараў і армян) улады знішчалі іх культурныя, рэлігійныя і гістарычныя помнікі: мянялі тапаніміку, руйнавалі мячэці, пераймяноўвалі вёскі. На вызваленую зямлю пачалі масава засяляць расейскамоўнае насельніцтва з РСФСР і іншых рэгіёнаў СССР — гэта і было ядром палітыкі русіфікацыі. Афіцыйная мэта — «асіміляцыя і саветызацыя», фактычная — поўная этнічная ідэнтычнасная замена насельніцтва паўвострава. Дэпартацыя была інструментам этнічнай чысткі, а русіфікацыя — яе працягам, які замацоўваў вынікі, каб татары і іншыя карэнныя народы не маглі вярнуцца і аднавіць сваю культурную прысутнасць.
Пасля дэпартацыі крымскіх татараў і іншых народаў гаспадарка Крыма была ў заняпадзе: не хапала рабочай сілы, узнікалі праблемы з вадой. Таму ў лютым 1954 года ЦК КПСС пад кіраўніцтвам Мікіты Хрушчова вырашыў перадаць Крым у склад Украінскай ССР. Пасля распаду СССР у 1991 годзе паўвостраў застаўся ў складзе незалежнай Украіны — што і стала асновай для міжнароднага прызнання Крыму як тэрыторыі Украіны.
Ялцінская канферэнцыя 1945 года фактычна ўстанавіла пасляваенны сусветны парадак, а ў 2014-м Расійская Федэрацыя гэты парадак канчаткова разбурыла. І пачала яна, як і ў 1944-м з «русіфікацыі», якую гэтым разам праводзілі больш хітра і не відавочна для іншых краін. Расія парушыла міжнароднае права і стварыла небяспечны прэцэдэнт. Захапіўшы чужую тэрыторыю, яна фактычна дала сігнал іншым мілітарысцкім рэжымам, што непарушных правілаў больш не існуе.
Па іроніі лёсу трывалы і працяглы мір спыніў сваё існаванне ў 2014 там жа, дзе быў задэклараваны пасля мінулай сусветнай вайны — на паўвостраве Крым. Міру не хапіла нават на жыццё аднаго пакалення.
Крым татарскі
У 1960-я гады дыяспара крымскіх татараў за мяжой стала актыўна расказваць пра дыскрымінацыю іх народа. Захад пачаў адкрыта гаварыць пра дэпартацыю крымскіх татараў: з’яўляліся публікацыі ў замежных медыя, міжнародныя арганізацыі выступалі ў іх абарону. У 1967 годзе быў прыняты ўказ, які фармальна «рэабілітаваў» крымскіх татараў, але права вярнуцца ў Крым ім не далі. Гэтая несправядлівасць яшчэ больш узмацніла рух за вяртанне на радзіму. Толькі ў 1989 годзе Вярхоўны Савет СССР прызнаў дэпартацыю крымскіх татараў злачынствам і дазволіў ім рэпатрыяцыю. Сотні тысяч людзей вярнуліся ў Крым. Гэта стала магчымым менавіта таму, што Захад працягваў націскаць, а савецкія ўлады хацелі палепшыць свой імідж у апошнія гады існавання СССР.
Рэпатрыянтам было вельмі цяжка: зямлю і дамы часта не аддавалі, бо там ужо жылі іншыя людзі; даводзілася будаваць дамы самастойна, часта без камунікацый; улады не мелі выразнай праграмы для інтэграцыі рэпатрыянтаў. У 1991 годзе пачаў актыўна дзейнічаць прадстаўнічы орган — Меджліс крымска-татарскага народа, які арганізоўваў абарону правоў і ўзаемападтрымку. Ён узнік як адказ на патрэбу мець легальны і легітымны голас народа, што вяртаўся ў Крым пасля дэпартацыі. У 2016 годзе так званы «Вярхоўны суд Крыма» (падкантрольны Расіі) прызнаў Меджліс «экстрэмісцкай арганізацыяй» і забараніў яго дзейнасць на тэрыторыі Крыма.
Пані Эльміра — дачка дэпартаваных у 1944 годзе крымскіх татараў. Нават яе пакаленне не паспела пажыць на радзіме без рэпрэсій. Пасля акупацыі Крыма тысячы людзей зноў былі вымушаныя пакінуць свае дамы.
Эльміра: «Маіх бацькоў выслалі ў 1944 годзе. Я нарадзілася ва Узбекістане і з пяці гадоў памятаю слова «Крым». Бацькі пастаянна пра яго гаварылі, а я не разумела, што гэта такое. У месцы, дзе мы жылі, была шахта, дзе здабывалі ўран і руду. Майго брата з-за гэтай працы паслалі ў Грузію лячыць ногі ў санаторый з мінеральнымі водамі. А ён адтуль паехаў у Крым і прывёз зямлю з падворка сямейнага дома і бутэльку марской вады. Мой бацька быў вельмі моцны чалавек, і я ніколі не забуду, як ён гладзіў тую бутэльку з вадой, цалаваў той мяшочак зямлі і плакаў. Для мяне гэта быў шок і поўнае неразуменне: чаму ён так рэагуе? Бацька пастаянна казаў, што там застаўся наш дом.
Зараз я пра Крым распавядаю тое ж самае. Усё паўтарылася. Мне шкада, што я мала распытвала сваіх бацькоў ва Узбекістане, але там такіх тэмаў стараліся пазбягаць. Нам жа і свае святы ў Савецкім Саюзе не дазвалялі адзначаць.
Бацька з братам прыехалі ў Крым першымі. А мы з мамай і дачкой — амаль праз год. У прыгожым месцы купілі стары дом у сяле. Я была вельмі рада ўбачыць сваіх бацькоў на радзіме. Гэта было для мяне важна. А потым прыйшлося даказваць, што мы не горшыя за іншых. У той час пастаянна адбываліся пікеты, крымскім татарам не прадавалі дамы. Мяне не бралі на працу, бо я была крымская татарка».
Суседзі пад адным «дахам»
У 1991 годзе, пасля распаду СССР, была створана Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД). Гэта аб’яднанне, у якое ўвайшлі некалькі былых савецкіх рэспублік. Але галоўнай мэтай аб’яднання было не дапусціць, каб рэспублікі сталі сапраўды незалежнымі. Варыянт уласнага аналага «Еўразвязу» з сумленнай эканамічнай складовай Расію не цікавіў, бо гэта абмяжоўвала б магчымасці для карупцыйных схем. Расія распрацоўвала механізмы газавай і крэдытнай залежнасці. Рашэнні СНД не маюць абавязковай сілы, таму Расія дэ-факта змагла дыктаваць парадак дня без юрыдычнай адказнасці. Рэспублікам новага ўтварэння працягвалі навязваць эканамічную, ідэалагічную і моўную залежнасць ад цэнтра. А цэнтр застаўся ў Маскве.
Украіна не ратыфікавала Статут СНД (1993), але Расія не спыняла рабіць спробы павялічыць там свой уплыў.
Амаль ад самага развалу Савецкага Саюза Крым знаходзіўся ў прарасійскім палітычным эксперыменце. У 1994 годзе Юрый Мешкаў стаў першым і адзіным прэзідэнтам Рэспублікі Крым (аўтаномія ў складзе Украіны). Ён адкрыта выступаў за перадачу Крыма пад юрысдыкцыю Расіі, запрашаў расійскага палітыка і эканаміста Сяргея Глазьева ў якасці свайго галоўнага эканамічнага дарадцы. Іх план быў інтэграваць Крым у расійскую эканамічную і палітычную сістэму. Украінскі ўрад спыніў гэты курс: у 1995 годзе пасаду прэзідэнта Крыму ліквідавалі, а Мешкаў з’ехаў у Маскву. Гэта быў першы няўдалы план інтэграцыі Крыма ў Расію. У 2014 Глазьеў выступіў у якасці дарадцы Пуціна. Тады і адбылася рэалізацыя другога, паспяховага для Масквы, плану анексіі Крыма.
Прадстаўнікі бізнес- і ўладных колаў Расіі атрымалі ў Крыме доступ да рэсурсаў без канкурэнцыі. «Падзякай» за дапамогу раздавалі кадравыя пасады або дзяржаўнае фінансаванне. Іхняя выгада заключалася ў тым, каб праз кантроль над ключавымі сферамі — энергетыкай, інфраструктурай, інфармацыяй — атрымліваць плыню бюджэтных грошай і кантрактаў, што вызваліліся пасля акупацыі рэгіёну. Гэта была сістэма, дзе палітычная ўлада забяспечвала бізнесу інфраструктурныя заказы, а бізнес — палітычную легітымацыю акупацыі.
Трыадзінства, на якім Расія будуе гібрыдную акупацыю перад ваеннай інтэрвенцыяй — гэта царква, мова і грошы. І мы раскажам пра кожны пункт падрабязна, каб вы маглі зразумець логіку іх гульні на чужым полі.
«Дары вешчуноў» — рэлігійны камуфляж
Замежная аўдыторыя часта здзіўляецца, калі бачыць здымкі праваслаўных з іконамі ў адной руцэ і партрэтамі Сталіна ў другой. Але ў гэтым і заключаецца ўся сутнасць Расейскай праваслаўнай царквы.
У часы СССР РПЦ фактычна знаходзілася пад кантролем КДБ, і ўсе праваслаўныя цэрквы ва Украінскай ССР падпарадкоўваліся Маскве. Канкурэнтаў, такіх як Украінская аўтакефальная царква, пераследавалі і забаранялі. Савецкі рэжым заўсёды выкарыстоўваў Маскоўскі патрыярхат як інструмент уплыву і рэпрэсій.
Але і пасля распаду СССР Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП) заставалася найбуйнейшай і найбагацейшай канфесіяй у краіне. Расія выкарыстоўвала яе як інструмент «мяккай сілы».
У 2007 годзе расійскі мільянер Канстанцін Малафееў стварыў «Фонд свяціцеля Васіля Вялікага» — структуру, якая з самага пачатку была не проста дабрачыннай ініцыятывай, а інструментам вялікай геапалітычнай гульні. Аднак ствараў ён фонд не адзін — у яго апякунскую раду ўвайшлі ўплывовыя асобы: Ігар Шчогаляў (памочнік прэзідэнта РФ), рэжысёр-дзяржаўнік Мікiта Міхалкоў і епіскап Ціхан (Шаўкуноў), якога ў Расіі называюць «духоўнікам Пуціна».
Пад лозунгамі абароны «традыцыйных каштоўнасцей» і «русского мира» фонд прасоўваў ідэі, якія пазней стануць апраўданнем анексіі Крыму і агрэсіі супраць Украіны. Праекты фонду тычыліся тэм «рускіх земляў» і «абароны суайчыннікаў» за межамі РФ — усё гэта стварала ідэалагічны падмурак для экспансіі.
У 2014 годзе Малафееў вырашыў арганізаваць тур па розных гарадах з праваслаўнай святыняй — «Дары вешчуноў» з грэчаскай гары Афон. Крым першапачаткова не ўваходзіў у маршрут, але раптам план змяніўся, і 30 студзеня на вайсковым аэрадроме «Бельбек» у Севастопалі прызямліўся самалёт са святыняй — нягледзячы на жудаснае надвор’е, непрыдатнае для палётаў.
Тады гэта была схаваная частка падрыхтоўкі Расіі да анексіі Крыма. Шматлікія чыноўнікі, у тым ліку з крымскай адміністрацыі, прысутнічалі на цырымоніі ў Свята-Траецкім саборы, выкарыстоўваючы гэтую падзею для ўласнага піяру, а атмасфера надзвычайнай колькасці людзей і палітыкаў фактычна прыкрывала працу расійскіх спецслужбаў.
Крыніца: Крым Daily [ youtube ]
Мы пагутарылі з журналісткай Ганнай Андрыеўскай, якая ў той дзень здымала рэпартаж каля сабора.
Ганна Андрыеўская: «Я не выключаю, што там былі і расійскія спецслужбы, якія ўжо на той момант вывучалі сітуацыю ў Сімферопалі, збіралі патрэбную ім інфармацыю, каб пасля захопліваць адміністрацыйныя будынкі. Бо калі яны хадзілі разам з гэтымі ўрадавымі дэлегацыямі, то яны дакладна былі ў тых адміністрацыйных будынках, якія пазней і захапілі. Гэта была такая аперацыя УПЦ пад прыкрыццём. На гэта вельмі лёгка вялася крымская аўдыторыя, бо большасць людзей былі вернікамі УПЦ Маскоўскага патрыярхату».
Разам з Малафеевым у Крым прыбылі асобы, якія адыграюць вялікую ролю ў далейшых падзеях. Намеснік старшыні камітэта Дзяржаўнай думы РФ па справах СНД Алег Лебедзеў (лідар арганізацыі «Баявое братэрства») не быў ні генералам, ні галоўным прапагандыстам, але менавіта ягоная роля «легалізатара» анексіі ў прававым полі РФ зрабіла яго ключавым шрубчыкам у гэтай машыне. Ён прыкрываў акупацыю парламенцкай мовай, дапамагаў ствараць вобраз «волі народа» і забяспечваў бачнасць легітымнасці для ўнутранага спажыўца ў Расіі.
Дзмітрый Саблін — ініцыятар руху «Антымайдан». А таксама былы афіцэр ФСБ Ігар Гіркін, які быў адным з куратараў аперацыі па захопу Крыму: ён супрацоўнічаў з ГРУ і «казакамі», дапамагаў захопліваць адміністрацыйныя будынкі і сілавыя структуры. Паводле яго ўласных слоў, ён удзельнічаў у захопе Вярхоўнай Рады Крыма ў ноч з 26 на 27 лютага 2014 года. Ён сцвярджаў, што камандаваў групай узброеных асобаў (каля 50 чалавек), якія ўвайшлі ў будынак парламента Крыма, раззброілі ахову і «прымусілі» дэпутатаў сабрацца і прагаласаваць за правядзенне рэферэндуму.
Ганна Андрыеўская: «Гіркін сам сказаў, што калі «зялёныя чалавечкі» без распазнавальных знакаў захапілі адміністрацыйныя будынкі Крыма, дэпутаты Крыма не хацелі ісці галасаваць, бо яны баяліся. Гэта сапраўды была небяспека, бо парламент Крыма быў пад кантролем узброеных расійскіх вайскоўцаў. Тады Гіркін і яго памочнікі аб'язджалі гэтых дэпутатаў і цягнулі ў крымскі парламент, каб яны прагаласавалі за правядзенне рэферэндуму».
Крыніца: Halahan Valerii [ youtube ]
Падзеі 26–27 лютага 2014 года з’яўляюцца сілавым пераваротам у Аўтаномнай Рэспубліцы Крым. Адпаведна, усе рашэнні, прынятыя на сесіі Вярхоўнага Савета АР Крым, што адбылася пазней, не маюць юрыдычных наступстваў.
Хочацца нагадаць, чым цяпер займаецца Канстанцін Малафееў, які прывёз у Крым акупантаў з «дарамі». Сёння ён — не проста багаты «праваслаўны» бізнесмен, а ўладальнік расійскага прапагандысцкага тэлеканала «Царьград», дзе апраўдваюць вайну, гвалт і генацыд украінскага народу. У 2024 годзе ён ажаніўся з Марыяй Львовай-Бяловай — расійскай упаўнаважанай па правах дзіцяці, якая стала сімвалам злачыннай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расію.
«Рускі мір»: храналогія здрады
Усё, што адбылося ў 2014, не здарылася раптоўна. Важна згадаць, як у 2010 Партыя рэгіёнаў і Януковіч прыйшлі да ўлады. Ключавую ролю ў тым, каб дапамагчы пракрамлёўскай партыі перамагчы ва Украіне, адыграў былы кіраўнік выбарчай кампаніі Дональда Трампа — амерыканскі паліттэхнолаг Пол Манафорт, які пачаў працаваць ва Украіне яшчэ ў 2005 годзе. За гэта ён атрымліваў мільёны долараў праз «ценевыя схемы» ад расійскага алігарха Алега Дзерыпаскі.
Манафорт ператварыў імідж Януковіча з грубага прарасійскага палітыка ў «прадстаўніка рускамоўнага насельніцтва з еўрапейскім абліччам». Ён прапанаваў рабіць акцэнт на «рускай мове як праве», тэзісах пра «традыцыйныя каштоўнасці» і «стабільнасць», збіраючы галасы на Поўдні і Усходзе. У перспектыве гэта прывяло да Еўрамайдана, уцёкаў Януковіча і анексіі Крыма.
Глядзіце таксама

А цяпер вернемся да падзей 2014 года. 19 лютага старшыня Вярхоўнай Рады Аўтаномнай Рэспублікі Крым Уладзімір Канстанцінаў наведвае Маскву. Ён атрымаў гэту пасаду пасля перамогі Віктара Януковіча на прэзідэнцкіх выбарах у лютым 2010, дзякуючы палітычнаму дамінаванню Партыі рэгіёнаў. З моманту прылёту Малафеева з Дарамі вешчуноў прайшло ўсяго 20 дзён. Расія дзейнічала вельмі хутка.
Ганна Андрыеўская: «На той момант украінскія ўлады ўжо заявілі, што яны асуджаюць любыя спробы анексіі Крыму. І калі Крымскі парламент павінен быў пад ціскам Расіі галасаваць за рэферэндум аб аддзяленні Крыму, ужо тады была выразная пазіцыя Украіны: яна гэта асуджае. А тыя, хто падтрымліваў прарасійскія ідэі, разумелі, што іх дзеянні падпадаюць пад артыкул Крымінальнага кодэксу Украіны як дзяржаўная здрада. Гэта было адно з самых цяжкіх злачынстваў ва ўкраінскім заканадаўстве.
Канстанцінаў быў адным з тых, хто заклікаў крымскі парламент да сепаратысцкіх дзеянняў і разумеў, калі ён адкрыта стане на бок Расіі, то невядома, якая будзе яго далейшая доля. Калі ён зразумеў, на якім «шпагаце» апынуўся, яму былі патрэбныя нейкія гарантыі з Масквы. І ўжо пасля вяртання з той паездкі ён стаў больш адкрытым, пачаў больш актыўна заклікаць да аддзялення Крыма. З гэтага можна зрабіць выснову, што яшчэ да рэферэндуму Масква дала Канстанцінаву гарантыі, а значыць, вынікі рэферэндуму ўжо былі спланаваныя»..
У 2014 годзе курс на еўраінтэграцыю напалохаў Расію. Уступ Украіны ў ЕС і NATO мог выкрыць шмат крымінальных, карупцыйных і іншых схемаў уплыву Расіі ва Украіне. Гэта разбіла б імперыю падману і адмывання грошай, якую Расія стварала дзесяцігоддзямі ва ўсіх краінах былога Савецкага Саюза.
Ужо 23 лютага, праз некалькі дзён пасля Майдану, старшыня камітэта Дзярждумы Расіі па справах СНД Леанід Слуцкі заявіў, што Расія мае намер дапамагаць расійскамоўным украінцам, каб «дзеці ў гэтых сем’ях маглі атрымаць адукацыю і гаварыць па-руску». Ён падкрэсліў, што гэта супрацоўніцтва будзе, безумоўна, весціся па-руску. Слуцкі заявіў, што Украіну спрабуюць адарваць ад Расіі, у тым ліку праз моўны фактар.
З'ява «народнага апалчэння»
План акупацыі Крыма пачаўся да юрыдычнага завяршэння ўлады Януковіча, гэта значыць Расія не чакала «просьбы» ад крымчан — яна дзейнічала загадзя. Пачатак ваеннай аперацыі быў цынічна сінхранізаваны з палітычным крызісам у цэнтры краіны.
Ганна Андрыеўская: «Мясцовыя журналісты распавядалі мне, што прыязджалі аўтобусы з зашторанымі і зачыненымі вокнамі. З гэтых аўтобусаў выходзілі невядомыя людзі ў цывільным, якія пераапраналіся ў казакаў. Потым яны бралі з сабой расійскую сімволіку і ездзілі па Крыме, удзельнічалі ў прарасійскіх акцыях, заклікалі Крым далучыцца да Расіі пад выглядам крымчан, хоць на самой справе не былі крымчанамі. Па-першае, у іх быў акцэнт, яны не так казалі, як мясцовыя. Яны не ведалі мясцовага часу. Напрыклад, адзін крымчанін расказваў, што сустрэў на вуліцы чалавека, які ішоў з гэтага мітынгу, і спытаў яго: якая цяпер гадзіна? А ён стаяў і разумеў, што гэта расіянін, бо яны стаялі пад вежай з гадзіннікам. Для крымчан, якія там жывуць, гэта было вельмі дзіўна – пытацца, якая гадзіна, можна было проста падняць галаву і ўбачыць гадзіннік. Гэтыя людзі не арыентаваліся ў прасторы і часе, у краме яны не ведалі цэнаў і мясцовай валюты».
Пачатак масавых прарасійскіх мітынгаў быў падрыхтаваны і аплочаны. Рэальныя прарасійскія партыі, як «Русское единство», заўсёды знаходзіліся на палітычным маргінесе і мелі нязначную падтрымку. На парламенцкіх выбарах у Крыме 2010 года партыя «Русское единство» атрымала 4,15% галасоў і здабыла тры мандаты са 100. А ўжо пасля акупацыі паўвострава Расіяй лідар партыі Сяргей Аксёнаў стаў кіраўніком незаконна створанай Дзяржаўнай рады Рэспублікі Крым.
Ганна Андрыеўская: «У Крыме яшчэ з савецкіх часоў жыло вельмі шмат расіян, бо гэта цёплы сонечны край каля мора. Іх перасялялі туды, каб яны там ішлі на пенсію. Дасылалі расійскіх артыстаў, вайсковых службоўцаў з сем’ямі. Ім у савецкі час прадастаўлялі жыллё, і яны там дажывалі свае гады. Потым да іх прыязджалі дзеці, унукі — і гэтак далей. На гэтым электараце гулялі прарасійскія партыі. Іх было некалькі, у тым ліку і «Русское единство». Часта некалькі прарасійскіх партый аб’ядноўваліся і ішлі на выбары разам. Яны сапраўды мелі свой невялікі адсотак, але важна адзначыць, што ніколі не былі ў большасці».
«Русское единство» стварылі на паўвостраве ўзброенае фарміраванне «Народнае апалчэнне», якое падавала сябе як нібыта стыхійную ініцыятыву і фактычна стала штабам падрыхтоўкі да анексіі. Ужо неўзабаве пасля анексіі Крыма «Народнае апалчэнне» ўвайшло ў структуру мабілізацыйнай службы пры акупацыйнай адміністрацыі і пачало атрымліваць зарплату з бюджэту РФ. Яго ўдзельнікі нападалі на крымчан, якія выходзілі падтрымаць Майдан і прыходзілі з украінскімі сцягамі да парламента аўтаноміі. У адказ ішлі пабіцці, запалохванне і пераслед. Ад «самаарганізаванай абароны» не засталося і следу — цяпер гэта была штатная структура пад кантролем Крамля.
Глядзіце таксама

20 лютага 2014 года ў Кіеве пасля самага крывавага дня Рэвалюцыі Годнасці, калі на вуліцах сталіцы загінулі дзясяткі мірных пратэстоўцаў, пачаліся перамовы паміж уладай і апазіцыяй. Адначасова ў Крыме ўпершыню было зафіксавана актыўнае перамяшчэнне расійскай ваеннай тэхнікі. Расійскія войскі ўжо тады пачалі заходзіць на ключавыя аб’екты інфраструктуры. Пазней гэты дзень з’явіцца на медалі «За вяртанне Крыму», які выдавалі расійскім вайскоўцам. Гэта быў пераломны момант. 21 лютага расійскія спецслужбы арганізавалі таемную эвакуацыю Януковіча праз Крым, выкарыстоўваючы падраздзяленні Чарнаморскага флоту. А ўжо на наступны дзень Вярхоўная Рада Украіны абрала новага кіраўніка, які выконваў абавязкі прэзідэнта — Аляксандра Турчынава.

Мітынг супраць сепаратызму пад мурамі крымскага парламенту, скліканы Мэджлісам крымска-татарскага народу. Фота Радыё Свабода.
З 27 лютага ў Крыме пачалася прамая вайсковая акупацыя з ваеннай тэхнікай. У Сімферопалі расійскія вайскоўцы захапілі галоўныя адміністрацыйныя будынкі — Раду міністраў Крыма і Вярхоўную Раду АРК. Крэмль адмаўляў прысутнасць расійскіх войскаў на паўвостраве. Тады ва ўкраінскіх СМІ з’явіўся тэрмін «ІХ ТАМ НЯМА» ў гонар фразы, якой Уладзімір Пуцін адказаў на пытанне пра прысутнасць яго войскаў у Крыме.
Крыніца: Крым.Реалии [ youtube ]
Ганна Андрэеўская: «Калі Расія заяўляе, што крымчане хацелі ў Расію — гэта міф, бо ў 2013 годзе ніводны з апытаных мной людзей не казаў пра жаданне далучыцца да РФ: гэта з’явілася толькі пасля пачатку расійскай аперацыі».
Працяг будзе.
Публікацыя створана пры падтрымцы журналісцкай сеткі n-ost і «Фонду Фрыдрыха Наумана за Свабоду»