Вяртацца ў Расію ці звальняцца — VK паставіла супрацоўнікаў перад выбарам
Кіраўніцтва VK запатрабавала вярнуць супрацоўнікаў, якія з'ехалі з Расіі. Тых, хто адмовіцца вяртацца, звольняць.
У кампаніі «VK Group» запатрабавалі ад кіраўнікоў аддзелаў вярнуць дыстанцыйных супрацоўнікаў у Расію. Гэта патлумачылі пытаннямі бяспекі сервераў і жаданнем не дапусціць уцечкі. Пра гэта тэлеграм-каналу «Можем объяснить» паведаміла крыніца ў менеджменце VK.
Кіраўніцтва VK збіраецца звольніць супрацоўнікаў, якія з'ехалі з Расіі, калі тыя адмовяцца вяртацца, заявіў іншы суразмоўца канала, знаёмы з сітуацыяй у кампаніі.
Ахвочым застацца за мяжой ужо цяпер параілі шукаць новую працу, сцвярджае крыніца. Паводле яе слоў, афіцыйна абвясціць пра такое рашэнне кампанія мае намер да канца першага квартала 2023 года.
Як адзначае «Можем объяснить», падставай для звальнення супрацоўнікаў, якія адмовяцца вярнуцца ў Расію, можа стаць законапраект, што забараняе тым, хто з'ехаў за мяжу, дыстанцыйную працу па некаторых спецыяльнасцях. Пад дзеянне гэтай ініцыятывы падпадуць работнікі сферы інфармацыйнай бяспекі. Мінлічбы РФ выступала супраць таго, каб забарона распаўсюджвалася на ўсіх айцішнікаў.
На думку суразмоўцы «МО», рэальнай прычынай для такога рашэння кампаніі можа стаць падрыхтоўка да новай хвалі мабілізацыі. У выпадку, калі «пачнуць хапаць» родных тых праграмістаў, хто пакінуў РФ, зваротнай рэакцыяй можа стаць наўмысны сабатаж працы, кажа айцішнік. Звальненні ж дапамогуць пазбавіць кампанію ад такіх «рызыкоўных» людзей.
У «VK Group» працуе больш за 10 тысяч чалавек. У холдынг уваходзіць аднайменная сацыяльная сетка, а таксама «Аднакласнікі», Mail.ru і іншыя актывы. Кіруе кампаніяй Уладзімір Кірыенка, сын першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта РФ Сяргея Кірыенкі. Кантралюецца «VK Group» праз даччыныя структуры «СОГАЗ» сябра Пуціна Юрыя Кавальчука.
У снежні кіраўнік Мінлічбы Максут Шадаеў заявіў, што ўсяго з Расіі выехала каля 100 тысяч супрацоўнікаў, гэта прыкладна 10% ад агульнай колькасці работнікаў IT-сферы. Па словах Шадаева, прыкладна 80% тых, хто з'ехаў, працягваюць працаваць на расійскія кампаніі.
З ініцыятывай абмежаваць дыстанцыйную працу ў «адчувальных сферах эканомікі» для расіян, якія з'ехалі з краіны пасля пачатку мабілізацыі, у пачатку снежня 2022 года выступіў сенатар Андрэй Клішас. Неўзабаве пасля гэтага «Адзіная Расія» падрыхтавала адпаведны законапраект.
Расійскія СМІ пісалі, што кіраўніцтва як мінімум пяці буйных расійскіх прамысловых і тэхналагічных кампаній дало зразумець супрацоўнікам, што праца за межамі краіны лічыцца непажаданай, або ўзгадала пра старыя патрабаванні, якія забараняюць супрацоўнікам працу з-за мяжы. Так, пра забарону на дыстанцыйную працу паведамілі ў ВТБ, «Открытии», Сбербанке, «Мегафоне» і «Билайне». Супрацоўнікаў большасці гэтых кампаній настойліва прасілі вярнуцца ў Расію.
У канцы 2022 года таксама стала вядома, што Дзярждума РФ распрацоўвае папраўкі, якія забараняюць расіянам, якія з'ехалі, працаваць у рэжыме самазанятасці і плаціць менш падаткаў. У прыватнасці, дэпутаты плануюць падвысіць падаткі для тых індывідуальных прадпрымальнікаў, хто з'ехаў.
Паводле «Можем объяснить», meduza.io