Цімаці Снайдэр: Пуцін праводзіць палітыку расавай трансфармацыі — «ачышчэння расійскага насельніцтва»
Вядомы амерыканскі гісторык заўважае, што з тэрыторый, акупаваных Расіяй, было дэпартавана каля трох мільёнаў чалавек, у асноўным маладыя жанчыны і дзеці. Тое ж рабіла нацысцкая Германія, калі дэпартавала для асіміляцыі каля 200 000 польскіх дзяцей.
![hb_2003.308.webp hb_2003.308.webp](/img/v1/images/hb_2003.308.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На думку гісторыка, на ўзор нацысцкай Германіі Пуцін імкнецца сфарміраваць «здаравейшы» расійскі народ. «Радыё Св*бода» пераклала тэкст Снайдэра.
Калі Ўладзімер Пуцін кажа, што расейцы і ўкраінцы — адзін народ, ён мае на ўвазе, што ўкраінцы пагодзяцца з выкарыстаньнем сілы. Расейскае плянаваньне вайны зыходзіла з таго, што ўкраінская ідэнтычнасьць — нешта неглыбокае і прыўнесенае звонку і што яе можна выкараніць хуткім ваенным ударам, фізычна зьнішчыўшы эліты, якія нібыта абапіраюцца на замежжа.
Гэтая форма генацыду аказалася немагчымай, бо яна грунтавалася на памылковых разьліках. Украінская самаідэнтыфікацыя распаўсюджана шырока і глыбока па ўсім насельніцтве Ўкраіны, і людзі самі бяруць на сябе ініцыятыву, каб дапамагчы краіне перамагчы ў вайне. У гэтым сэнсе ўкраінскую ідэнтычнасьць падчас вайны лягчэй назіраць, чым расейскую.
Сапраўды, гэтая вайна выклікае пытаньне: што такое Расея? Пуцін ня змог адказаць на гэтае пытаньне ў нейкім пазытыўным сэнсе. Калі ён нешта і прапанаваў, дык гэта прывязаць расейскую ідэнтычнасьць да ўкраінскай, хоць і не хацеў такога. Калі судзіць па расейскіх СМІ, дык расейцы цяпер разумеюць сябе пераважна як «анты-Ўкраіну».
Сярод расейскіх элітаў няма яснага вобразу Расеі. Аднак ёсьць схаваная расавая ідэя, якую можна ўбачыць у палітыцы. Пуцін падзяляе са сваімі крайне правымі прыхільнікамі заклапочанасьць дэмаграфічнай сытуацыяй: маўляў, хутка нас будзе недастаткова, а іх будзе зашмат.
Хоць Расея і ня здолела дасягнуць ва Ўкраіне ваенных задачаў, пастаўленых сваімі лідэрамі, яна праводзіць амбітную палітыку расавай трансфармацыі. І тут я маю на ўвазе не палітыку генацыду супраць Украіны (хоць мы пабачым, што гэтыя дзьве рэчы перасякаюцца), а ўнутрырасейскую эўгеніку — спробу сфармаваць «здаравейшы» расейскі народ з дапамогай барацьбы.
Усе гэтыя дзеяньні зьмяншаюць насельніцтва Расейскай Фэдэрацыі. Але чацьвёртае расавае дзеяньне больш чым кампэнсуе гэтыя страты. Гаворка пра сыстэматычны захоп украінскіх жанчын і дзяцей і іх дэпартацыю на прасторы Расеі.
З тэрыторый, акупаваных Расеяй, было дэпартавана каля трох мільёнаў чалавек, у асноўным маладыя жанчыны і дзеці. Як найменей 200 000, а магчыма, і да 700 000 дзяцей было сілай вывезена ў Расею. (Для параўнаньня: нацысцкая Нямеччына падчас Другой сусьветнай вайны дэпартавала для асыміляцыі каля 200 000 польскіх дзяцей). Лёгіка ў тым, што гэтым жанчынам давядзецца выйсьці замуж за расейскіх мужчын, а дзеці вырастуць расейцамі.
Стратэгія дэпартацыі падпарадкоўваецца той жа лёгіцы, якая абгрунтоўвала і ўварваньне Расеі ва Ўкраіну: украінцы — проста белыя прота-расейцы, якія не ўсьведамляюць сваёй сапраўднай ідэнтычнасьці, іх можна перарабіць сілай. Дэпартаваныя жанчыны і дзеці праходзяць празь «фільтрацыйныя лягеры», у якіх мужчын, якіх лічаць безнадзейнымі ўкраінцамі, папросту забіваюць.
З гледзішча ўкраінцаў, гэта генацыд і прычына, чаму трэба перамагаць у вайне. Зь юрыдычнага гледзішча яны маюць рацыю: хоць расейскія афіцыйныя асобы працягваюць хваліцца тым, колькі дзяцей выкрала Расея, такая практыка ясна вызначаецца як генацыд канвэнцыяй 1948 году.
Калі Пуцін абвясьціў пра анэксію новых украінскіх тэрыторый у верасьні 2022 году, ён заявіў, што Расеі правілы ня тычацца, бо гэта асаблівая цывілізацыя. У гэтым выпадку ён цытаваў, як часта робіць, расейскага фашысцкага мысьляра Івана Ільіна.
Такім чынам, вызначэньне Расеі застаецца «пустым»: гэта проста раса, якая перамагае іншыя народы ў змаганьні за рэсурсы, а змаганьне пачынаецца з расавага ачышчэньня. Здаецца, гэта фашысцкі погляд на стан рэчаў.
У гэтым сьвятле Расея робіцца «анты-Ўкраінай» яшчэ і ў іншым сэнсе. Украінская палітычная прэзэнтацыя ў вайне ня мае нічога агульнага з расай, а грунтуецца на грамадзянскай самаабароне. У той час як расейская эўгеніка ваеннага часу абапіраецца на страх перад будучыняй, украінцы настойваюць, што іх найвышэйшая мэта — свабода, у сэнсе адкрытай будучыні, поўнай магчымасьцяў.