Эксперт: саюз з Расіяй праз АДКБ — пытанне жыцця і смерці для Арменіі

Ці азначае дэмарш Пашыняна канец АДКБ? Арменія дэманструе бяссільны пратэст, але не можа парваць з Расіяй і АДКБ.

_gallery_0no.webp


Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян адмовіўся праводзіць вучэнні АДКБ на сваёй тэрыторыі ў 2023 годзе. Аб гэтым ён заявіў 10 студзеня на прэс-канферэнцыі. Пашынян адзначыў, што лічыць «немэтазгодным» правядзенне вучэнняў АДКБ «Непарушнае брацтва–2023» на тэрыторыі Арменіі.

Ваенныя вучэнні «Непарушнае брацтва» кожны год праводзяць на тэрыторыі адной з краін-удзельніц АДКБ. У 2020 годзе вучэнні праходзілі ў Беларусі, у 2021 годзе — у Расіі.

Ці азначае дэмарш Пашыняна канец АДКБ? Пагутарылі з ваенным экспертам Аляксандрам Алесіным.

— Заява Пашыняна — свайго роду форма бяссільнага пратэсту: краіна не зможа парваць з Расіяй і АДКБ, бо саюзнікі далёка, а вораг блізка.

Пашынян вельмі незадаволены тым, як паводзіць сябе Расія і АДКБ у канфлікце вакол Нагорнага Карабаха. Ён лічыць, што Дамова аб калектыўнай бяспецы дазваляе АДКБ аб’явіць вайну Азербайджану і абараніць Арменію.

Аднак сама Арменія ўнутры АДКБ карыстаецца не надта вялікай падтрымкай.

У Казахстана вельмі блізкія адносіны з Азербайджанам: яны з’яўляюцца цюркамоўнымі народамі, абедзве краіны спавядаюць іслам. У Казахстане вельмі моцныя пазіцыі Турцыі, якая лічыць, што павінна патраніраваць цюркамоўныя народы.

Арменія, трэба разумець, парадкам надакучыла і Расіі. У свой час Аліеў прапаноўваў урэгуляваць канфлікт за 10 мільярдаў долараў па наступнай схеме: Арменія вяртае ці то 7, ці то 9 раёнаў, захопленых падчас прарубання калідора ў Нагорны Карабах, калідор застаецца, а Нагорны Карабах аб’яўляецца аўтаномнай тэрыторыяй.

Перамоўны працэс зацягнуўся, Аліеў вырашыў вярнуць захопленыя тэрыторыі сілай. Пры дапамозе Турцыі і дзякуючы нафтадоларам Азербайджан мадэрнізаваў сваю армію, закупіў процьму новага сучаснага ўзбраення. У тым ліку ў Беларусі закупіў РСЗА «Паланэз» ды многа іншага ўзбраення. Калі Азербайджан адчуў, што ўвабраўся ў сілу, зрабіў яшчэ адну спробу вырашыць канфлікт мірам. Але Арменія, у сваю чаргу, вырашыла, што здолее паўтарыць поспех, хаця бяздарна прафукала доўгія гады, грошы раздзярбанілі, а зброю закуплялі не тую, што трэба.

Аднак Азербайджан нанёс вельмі моцны ўрон Арменіі. У выніку Расія вымусіла бакі канфлікту зноў сесці за стол перамоў. Сутнасць прапановы: застаецца невялікі калідор у Нагорны Карабах, які кантралююць расійскія вайскоўцы, а ўсе астатнія раёны вяртаюцца Азербайджану.

Той факт, што АДКБ не выступіла на баку Арменіі, выклікаў сур’ёзныя антырасійскія настроі ў краіне: значная частка насельніцтва патрабуе выхаду Арменіі з АДКБ, ліквідацыі расійскай ваеннай базы ў Гюмры. Антырасійскія настроі разгарэліся менавіта на гэтай глебе.

Лукашэнка не выказваўся публічна на гэтую тэму. Але яго з Азербайджанам і Аліевым звязваюць моцныя асабістыя сувязі. Мы ўсе памятаем, як Аліеў пад чэснае слова пазычыў Лукашэнку 200 мільёнаў долараў, калі паміж Мінскам і Масквой разгарэлася адна са шматлікіх нафтагазавых войнаў, і толькі пасля аформіў гэтую пазыку праз бухгалтэрыю.

Менавіта Азербайджан праавансаваў вытворчасць РСЗА «Паланэз»: выдзеліў 160 мільёнаў долараў на вытворчасць комплексаў для сябе, але на гэтыя грошы Мінск здолеў зрабіць комплексы і для сябе.

Паміж Мінскам і Баку вельмі моцныя эканамічныя сувязі: у Азербайджане наладжана зборная вытворчасць прадукцыі МТЗ, МАЗаў, робяцца шасі «Волат».

Лукашэнка публічна выказваў незадавальненне Пашыняну з-за таго, што гордая Арменія адмовілася ад здзелкі з Азербайджанам.

У Арменіі няма выхаду, яна не можа выйсці з АДКБ, таму што ў адваротным выпадку Азербайджан перакрые і калідор у Нагорны Карабах. Азербайджан, адчуваючы слабасць Арменіі, закручвае гайкі ўсё мацней, патрабуючы ад яе ўсё большых і большых саступак.

У такой сітуацыі прысутнасць расійскіх і беларускіх войскаў у Арменіі магла выклікаць масавыя антырасійскія пратэсты.

Заява Пашыняна пераследуе дзве мэты: выказаць незадавальненне Арменіі пазіцыяй АДКБ і пазбегнуць масавых антырасійскіх выступленняў.

— Ці можа дэмарш Арменіі выліцца ў больш сур’ёзныя крокі?

— У Арменіі толькі адна сяброўская краіна — Іран. Фактычна зараз краіна знаходзіцца ў атачэнні недружалюбных краін: Азербайджан, Турцыя, з Грузіяй таксама не лепшыя адносіны складваюцца. Парваўшы адносіны з АДКБ, найперш з Расіяй, Арменія апынецца ў кальцы варожых краін. Моцныя дыяспары армян знаходзяцца ў Францыі, у ЗША, але яны далёка. Так што ад Расіі Арменія нікуды не дзенецца, бо апынецца ў поўнай аблозе. Па вялікім рахунку, гарантам існавання Арменіі з’яўляецца расійская ваенная база ў Гюмры.

Калі б Арменія суседнічала з краінамі Еўрасаюза, то яна сышла б з АДКБ. Але саюзнікі далёка, таму саюз з Расіяй (праз АДКБ) — пытанне жыцця і смерці для Арменіі.

— То-бок АДКБ выглядае жыццяздольным саюзам?

— Гэта пытанне захавання кіроўных рэжымаў. Калі б не АДКБ, то цяперашнюю кіроўную вярхушку ў Казахстане зверглі б год назад. Такая ж сітуацыя ў Таджыкістане і Кыргызстане. АДКБ гарантуе захаванне існуючых рэжымаў ва ўладзе.

АДКБ і стваралася дзеля таго, каб прыкрыць Расію з боку краін Сярэдняй Азіі — стварыць такі пояс бяспекі. Рэальная ваенная сіла знаходзіцца ў руках Расіі, Беларусі (дзве брыгады паветрана-дэсантных войскаў), Казахстана (два батальёны), якая можа выкарыстоўвацца не толькі для абароны ад знешняга ворага, але і для выратавання кіроўных рэжымаў. Кіроўныя рэжымы краін-удзельніц АДКБ не любяць адзін аднаго, толькі шкурны інтарэс прымушае іх трымацца разам.