Беларусь, якая чакае. Вялікая Берасцейская Вандроўка. Частка 5 (ФОТА)

Вось і надышоў апошні дзень нашай вандроўкі. Але гэта не значыць, што мы сёння будзем доўга піць ранішнюю каву з круасанамі і спяшацца дадому з гасцінцамі для чакаючых сваякоў. Не, сёння ў нас таксама цікавы дзень і незвычайна прыгожае надвор’е. А пачнем мы з невялікага парушэння. Якога? Зараз даведаецеся! Паехалі!

У апошні дзень вандроўкі нябесная канцылярыя нібыта вырашыла выбачыцца за ўсе свае хібы і няветлівасць першых дзён. Чысцюткае неба, ласкавае сонца і такі асобны жнівеньскі пах у паветры стварылі неверагодны настрой ва ўсіх нас. І мы вырашылі трошкі парушыць свой жа маршрут і зачапіць невялічкі кавалачак Гарадзеншчыны, трошкі адхіліўшыся ад плану. Так вось і апынуліся мы на ўскрайку вёскі Дварэц у Дзятлаўскім раёне ля прыгожага касцёлу Божага Цела, які яшчэ называюць Касцёлам Святога Антонія Падуанскага.

Дварэц вядомы яшчэ з канца XV стагоддзя і непарыўна звязаны з такімі прозвішчамі, як Кезгайлы, Свідрыгайлы, Завішы, Радзівілы і Пратасевічы. Першы касцёл на гэтай зямлі быў пабудаваны ў сярэдзіне XVI стагоддзя, але ж напачатку ХХ стагоддзя, нягледзячы на неаднаразовыя перабудовы, перастаў адпавядаць патрэбам парафіі. Міхаіл і Апаліна Пратасевічы, тагачасныя ўладальнікі Дварца, хадайнічалі перад расейскімі ўладамі аб пабудове новага цаглянага храму, але грошай у іх не хапіла, і толькі з дапамогай Радзівілаў, справа пайшла. У 1905 годзе новы касцёл быў кансэкраваны ў гонар Божага Цела. Адметнасць гэтага храму ў тым, што ў той час была «татальная мода на неаготыку» касцёлаў, а гэты быў пабудаваны ў неабарочным стылі з рысамі рэнесансу. Пасля Другой сусветнай вайны храм быў ператвораны ў стайню, вярнуўся толькі ў 1989 годзе. Трапіць унутр, на жаль, у нас не атрымалася — таму звычайны шпацыр побач.

Літаральна праз пару соцень метраў месцяцца старыя могілкі, на якіх пахаваны чальцы роду Пратасевічаў, уключаючы і фундатараў касцёла Міхаіла і Апаліны, якая, на жаль, не дажыла да кансэкрацыі храма. Надмагільны помнік сваёй жонцы ў выглядзе анёла Міхаіл замаўляў у Італіі. У савецкія часы яго нават спрабавалі скінуць з пастамента, але зранку анёл ізноў стаяў на сваім месцы.

Ну, а мы вяртаемся на маршрут па Берасцейшчыны. Надвор’е спрыяе фатографу, і сёння ён адарвецца напоўніцу, не шкадуючы ані месца на карце памяці свайго фотаапарату ды ў нашых галовах, ані кіроўцу, ані наш таймінг. Ладна, не будзем буркатаць, бо ўсё было прадугледжана, тым больш краявіды Гарадзеншчыны насамрэч раскошныя. Жнівеньская Беларусь — яна такая!

А Берасцейшчына такі на нас трошкі пакрыўдзілася! Ледзьве мы перасеклі мяжу вобласці, адразу аблокі пацяжэлі і небасхіл пачаў сурова паглядаць на парушальнікаў плану. Нават надвор’е ў гэтай краіне не ўхваляе аніякіх адхіленняў ад ужо зацверджанага, нават і з добрымі намерамі... Будзем каяцца і выбачацца, а што ж рабіць!

Вось так, пакрысе вымольваючы літасці ад пакрыўджанай Берасцейшчыны, мы дабраліся да Новай Мышы. Насамрэч, Мыш не зусім новая, бо вядомая яшчэ з XV стагоддзя, а ў XVI-XVII стагоддзях тут нават меўся свой замак. Падчас вайны 1654-1667 гадоў мястэчка было зруйнавана дашчэнту маскоўскім войскам. Магчыма, пасля гэтага адноўленае селішча займела дадатак «Новая». Першы касцёл быў драўляным, яго пабудаваў у 1641 годзе Казімір Сапега, а па заканчэнні вайны ў 1667 годзе езуіты заснавалі тут сваю місію, якая дзейнічала да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе. Пасля ўваходу ў склад Расейскай імперыі касцёл Перамянення Пана працягваў дзейнічаць, пакуль не згарэў падчас вялікага пажару напачатку ХІХ стагоддзя. Ужо ў 1825 годзе на ягоным месцы паўстаў каменны храм на сродкі нашчадкаў рода Сапегаў.

Па некаторым сведчанням касцёл у Новай Мышы яшчэ раз пацярпеў ад пажару ў 1890 годзе, але быў адбудаваны ўжо на сродкі парафіянаў, якіх налічвалася каля 5000 чалавек. Дзіўна, але за савецкім часам касцёл працягваў сваю дзейнасць. А зараз падрыхтуйцеся, бо нам пашчасціла трапіць унутр! Нас здзівіць ужо даволі цяжка, але гэты храм гэта зрабіў на трапную «10». Звонку бачыш невялікі акуратны будынак у класічным стылі амаль без усялякіх упрыгожанняў, але як толькі пераступаеш ягоны парог, то літаральна слупянееш ад выбуху колераў і стыляў аздаблення, частка якога была перанесена сюды з зачыненага манастыру ў Нясвіжы. Такое дакладна не забудзеш!

Узрушаныя ўбачаным, працягваем наш маршрут і зноўку прапануем вам некалькі жнівеньскіх краявідаў Берасцейшчыны. Зусім хутка восень і мы спадзяемся, што яна будзе такой, як мы любім — багатай на колеры, шчодрай на спрыяльнае надвор’е і вашыя замовы на новыя вандроўкі! 

Пад’язджаем да вёскі Сваятычы (яна ж Сваяцічы), дзе нас чакае касцёл Святога Юрыя. Калісьці гэта было вельмі вядомае месца, сярод уладальнікаў якога Пясецкія, Рдултоўскія, Абуховічы, Чапскія. Менавіта пры Абуховічах тут пабудавалі найпрыгажэнны палац, які, на жаль, не захаваўся да нашага часу, але застаўся на малюнках Напалеона Орды і некалькіх фотаздымках пачатку ХХ стагоддзя. Касцёл Святога Юрыя, які быў пабудаваны ў 1825 годзе, застаецца адзінай спадчынай тых часоў.

Спачатку падаецца, што гэты храм у стылі класіцызму зусім невялікі, бо мае дастаткова вузкі фасад, але калі пачынаеш яго абыходзіць, то такія думкі адразу знікаюць. Лёс не шкадаваў сваятычскую святыню — пасля паўстання 1863 году яго перадалі праваслаўным, падчас Першай сусветнай вайны ён моцна пацярпеў ад пажару, але пасля пераходу Сваятычаў у склад міжваеннай Польшчы адноўлены каталікамі. У савецкі час касцёл быў закрыты да 1990 году, калі пасля другога вяртання вернікам яго зноў аднавілі. Падобна на тое, што сталага пробашча ў Сваятычах няма, таму мы ўнутр не трапляем і шпацыруем побач.

На гэтым нашая Вялікая Берасцейская Вандроўка заканчваецца і самы час выказаць вялікую падзяку ўсім яе ўдзельнікам і тым, хто менавіта зараз чытае гэтыя словы — вы мужна вытрымалі ўсе нашы расповеды і прагледзелі гэтыя сотні здымкаў. Вельмі спадзяемся, што вам спадабалася! Дзякуй вам вялікі, нашыя дарагія чытачы! Мы вас таксама любім і чакаем новых замоваў. Мы ідзем на невялікі адпачынак, а вы Бывайце Здаровы — Пішыце Замовы!

_belarus_daroha_krajavid__leta_2025_fota_novy_czas.jpg

Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі (гэта бясплатна :)). Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.