«Вядомая ж справа, што ад Саледара ўжо і да Берліна рукой падаць»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» заўважае, што беларускія ўлады доўга крычалі «ваўкі», — і яны, ваўкі, падаецца, прыйшлі. А стратэгічны саюзнік у гэты час аказаўся заняты сваімі справамі. І наступствы могуць быць крышачку непрыемныя.
Беларускія ўлады так шмат казалі пра тое, як апантана ім пагражаюць суседзі, што ўрэшце дамовіліся да сапраўдных пагроз. Украіна перакінулі на поўнач дадатковыя войскі і правяла маштабныя вучэнні каля беларускай мяжы. А Польшча стварае на гэтай мяжы дзве дадатковыя дывізіі.
І гэта прынцыпова адрозніваецца ад будаўніцтва наступальных платоў, якімі беларускія генералы ўжо колькі месяцаў палохаюць дзяцей. Вось і паведамленні аб перакідцы войскаў, і аб'явы аб стварэнні новых дывізій і вучэнні на мяжы — гэта ўжо сапраўдныя, прынцыпова нічым не закамуфляваныя пагрозы. Таму што калі доўга клікаць ваўкоў, так ваўкі ўрэшце зацікавяцца і прыйдуць. А калі ўвесь час ляскаць гусеніцамі пад суседскімі платамі, дык трэба быць гатовым, што суседзі могуць чым-небудзь ляснуць у адказ.
Пакуль суседзі, праўда, не бачаць непасрэднай пагрозы наступу з боку Беларусі. За апошнія пару аб гэтым сказалі і ўкраінскія вайскоўцы, і брытанская выведка, і Пентагон і разведка NАТО. Украінскія ваенныя ацанілі колькасць расійскіх войскаў у Беларусі ў 15.000 чалавек, а гэтага для наступу, вядома, замала.
Хоць я моцна падазраю, што і санкцыйная пуга не вельмі паўплывае на рашэнне беларускіх уладаў аб удзеле або няўдзеле ў спецыяльнай аперацыі саюзніка. Што санкцыі перасталі быць для беларускіх уладаў прыярытэтам. Таму што далейшае захаванне беларускай улады залежыць не ад санкцый, а ад ваенных поспехаў саюзніка. І ад таго, ці здолее саюзнік дамагчыся такіх поспехаў, каб з іх дапамогай можна было дамовіцца аб міры або перамір'і на яго, саюзніцкіх, умовах.
Я ў тактыках не разбіраюся, і за стратэгічныя змены таму не скажу. Але мне падаецца, што калі расійская армія возьме Саледар у апошні і канчатковы раз, то гэта можа мець непасрэдныя ваенныя наступствы. Таму што гэта паўплывае на адэкватнасць успрымання саюзнікамі франтавой рэчаіснасці. Усё ж такі не цэментны завод заваявалі, або, скажам, мэблевую фабрыку. Вядомая ж справа, што ад Саледара ўжо і да Берліна рукой падаць. І замест таго, каб паволі ўмацоўвацца на дасягнутых рубяжах, саюзніку можа прыйсці ў галаву ідэя развіць дасягнутыя поспехі. У сэнсе, задумаць яшчэ што-небудзь глабальна-стратэгічнага маштабу. І можа нават на якіх-небудзь прынцыпова новых франтах.