Перадумовы вялікай вайны. Як нерашучасць дэмакратый Захаду прывяла да катастрофы

Першага верасня 1939 года пачалася Другая сусветная вайна. Самая жудасная вайна ў гісторыі чалавецтва, якая прывяла да страшэннай колькасці ахвяр ва ўсім свеце. Але яна не пачалася раптоўна. Да вялікай вайны прывяла недальнабачная і згодніцкая палітыка ўрадаў дэмакратычных дзяржаў.

Гітлер, Мусаліні, Чэмберлен і Даладзье ў Мюнхене

Гітлер, Мусаліні, Чэмберлен і Даладзье ў Мюнхене


Пачатак агрэсіі

Прыход да ўлады ў Германіі Нацыянал-сацыялістычнай партыі на чале з Гітлерам сур'ёзна ўскладніў міжнароднае становішча. Менш чым праз паўтара гады пасля пачатку агрэсіі Японіі на Далёкім Усходзе ў цэнтры Еўропы ўзнік новы ачаг ваеннай небяспекі. Сваёй бліжэйшай задачай пасля прыходу да ўлады гітлераўцы лічылі ліквідацыю ваенных абмежаванняў, устаноўленых Версальскім дагаворам, з тым, каб пачаць бесперашкодную падрыхтоўку да вялікай вайны за панаванне ў Еўропе і ва ўсім свеце. Распрацоўваючы планы тэрытарыяльнай экспансіі, нацысты ў якасці першага кроку намячалі ўключыць у склад Германіі Аўстрыю і асобныя раёны Чэхаславакіі і Польшчы, што былі на той момант населены пераважна немцамі. Францыю і Бельгію меркавалася падзяліць, таксама далучыўшы да Германіі значную частку іх тэрыторыі. Уся астатняя Заходняя Еўропа бачылася гітлераўцам як нямецкі пратэктарат.

У кастрычніку 1933 года прадстаўнікі Германіі былі адкліканы з Міжнароднай канферэнцыі па раззбраенні і гітлераўскі ўрад заявіў аб выхадзе Германіі з Лігі Нацый. Аднак адначасова нацысты не стамляліся гаварыць аб сваёй міралюбнасці, аб імкненні да сяброўства з суседнімі народамі. У сакавіку 1925 года ў Берліне быў апублікаваны Дэкрэт аб увядзенні ў Германіі ўсеагульнай воінскай павіннасці. Аднабаковы разрыў Германіяй Версальскага дагавора не сустрэў дзейснага адпору з боку кіруючых колаў Англіі, Францыі і ЗША. Правыя, рэакцыйныя колы ў заходнееўрапейскіх краінах і ў Злучаных Штатах аказвалі ціск на свае ўрады на карысць дамовы з Германіяй і Італіяй. Буйныя манаполіі ЗША і Англіі, якія дапамагалі ўзнавіць ваенна-эканамічны патэнцыял Веймарскай Германіі, працягвалі ўкладваць капіталы ў германскую ваенную прамысловасць і пасля прыходу да ўлады гітлераўцаў.

Германія і Італія ўзмацнялі як ваенную, так і дыпламатычную падрыхтоўку будучай узброенай экспансіі. Яны імкнуліся разбурыць сістэму саюзаў Францыі з дзяржавамі Усходняй Еўропы, паслабіць такім чынам сваіх магчымых супернікаў, каб біць іх па адзіночцы. У студзені 1934 года Германія заключыла пагадненне аб «мірным вырашэнні спрэчак» з Польшчай. Гэта сведчыла аб адыходзе ўрада Польшчы ад саюза з Францыяй і аб яго паступовым павароце да збліжэння з Германіяй.

У сувязі з актыўнасцю італьянскага імперыялізму на Балканах і ў басейне Дуная французскі ўрад пачаў схіляцца да думкі, што ў інтарэсах Францыі накіраваць экспансію Італіі ў бок Афрыкі. У студзені 1935 года міністр замежных спраў Францыі і адначасова міністр па справах калоній П'ер Лаваль адправіўся ў Рым і падпісаў з урадам Мусаліні шэраг пагадненняў.

Міністр замежных спраў Францыі П’ер Лаваль. Крыніца: wikipedia.org

Міністр замежных спраў Францыі П’ер Лаваль. Крыніца: wikipedia.org


У гэтых дакументах размова ішла аб сур'ёзных французскіх уступках Італіі ў Афрыцы. Французскі міністр даў згоду на эканамічную перавагу Італіі ў Эфіопіі і ў сакрэтным парадку — на ваеннае ўварванне Італіі ў гэту краіну. 3 кастрычніка 1935 года італьянскія войскі ўвайшлі ў Эфіопію, яе гарады падвергліся бамбардзіроўцы і разбурэнню. Італьянская авіяцыя масава прымяняла супраць цывільнага насельніцтва хімічную зброю, у прыватнасці, атрутныя газы. 30 чэрвеня 1936 года на надзвычайнай сесіі Лігі Нацый, прысвечанай анексіі Эфіопіі, імператар Хайле Селасіе І выступіў з заклікам вярнуць краіне незалежнасць. Ён папярэджваў: «Тое, што адбываецца ў нас сёння, адбудзецца ў вас заўтра» і крытыкаваў міжнародную супольнасць за бяздзейнасць.

Імператар Эфіопіі Хайле Селасіе І. Крыніца: wikipedia.org

Імператар Эфіопіі Хайле Селасіе І. Крыніца: wikipedia.org


Дзіўныя санкцыі

Пад ціскам сусветнай грамадскай думкі Савет Лігі Нацый аб'явіў Італію агрэсарам і абавязаў усіх членаў Лігі прымяніць супраць Італіі санкцыі. Усе члены Лігі Нацый абавязаны былі парваць з гэтай дзяржавай гандлёвыя і фінансавыя адносіны. Аднак эканамічныя санкцыі былі ўжытыя да Італіі нясмела і непаслядоўна. І калі ў лістападзе-снежні 1935 года ў Лізе Нацый нарэшце паўстала пытанне аб нафтавых санкцыях супраць Італіі, дыпламатыя Англіі і Францыі неадкладна прыйшла на дапамогу Мусаліні. 9 снежня ў Парыжы міністры замежных спраў дзвюх дзяржаў — Сэмюэль Хор і П'ер Лаваль — падпісалі сакрэтны дагавор аб англа-французскім пасрэдніцтве ў вайне паміж Італіяй і Эфіопіяй. Сутнасць «пасрэдніцтва» зводзілася да таго, што Эфіопія павінна была перадаць Італіі траціну сваёй тэрыторыі. Фактычна яна станавілася італьянскай калоніяй. Усе гэтыя манеўры дапамаглі Італіі ўвесну 1936 года завяршыць захоп афрыканскай краіны.

7 сакавіка 1936 года германскія войскі ўступілі ў Рэйнскую зону, дэмілітарызаваную на падставе Версальскага дагавора. Англія і Францыя, якія валодалі значна большымі ваеннымі сіламі, нічога не зрабілі для таго, каб прымусіць Гітлера сысці з дэмілітарызаванай зоны і паважаць міжнародныя дагаворы. Заахвочаныя патураннем кіруючых колаў Англіі, Францыі і ЗША фашысцкія дзяржавы пачалі пераходзіць да актаў прамой агрэсіі ў Еўропе. У ліпені 1936 года пачаўся фашысцкі мяцеж у Іспаніі. У першыя тыдні мяцеж развіваўся неспрыяльна для фашыстаў. Большая частка арміі засталася вернай рэспубліцы. Мяцеж мог быць задушаны ў зародку. Але Германія і Італія адкрыта ўмяшаліся ў грамадзянскую вайну ў Іспаніі. Германская і італьянская зброя і грошы адкрыта накіроўваліся ў Іспанію шырокім патокам. Англія і Францыя нічога не зрабілі для спынення агрэсіі. Яны абвясцілі палітыку «неўмяшання» ў іспанскія справы. Больш за тое, дэмакратычныя дзяржавы фактычна дапамагалі Франка. Іспанскія фашысты атрымлівалі даволі вялікі адсотак ад прыбыткаў англійскай горнаруднай кампаніі ў Іспаніі. Сапраўдным ударам у спіну іспанскай дэмакратыі стала адмова французскага ўрада перадаць Іспаніі заказанае і нават аплачанае ўжо да таго моманту ўзбраенне.

Плакат іспанскіх нацыяналістаў: «Няхай жывуць Іспанія, Італія, Нямеччына і Партугалія!» з партрэтам Франка. Крыніца: wikipedia.org

Плакат іспанскіх нацыяналістаў: «Няхай жывуць Іспанія, Італія, Нямеччына і Партугалія!» з партрэтам Франка. Крыніца: wikipedia.org


Падбадзёраны пастаяннымі адступленнямі заходніх дэмакратый Гітлер пачаў інтэнсіўна рыхтавацца да далейшай экспансіі. На сакрэтнай нарадзе ў лістападзе 1937 года Гітлер паведаміў аб сваіх планах захопу Аўстрыі і Чэхаславакіі, а затым аб наступленні на захадзе — супраць Францыі і Англіі.


Мюнхенская змова 1938 года

Пасля аншлюсу Аўстрыі гітлераўскі ўрад пачаў рыхтаваць захоп Чэхаславакіі. Гітлер выказаў патрабаванне аб перадачы Германіі Судзецкай вобласці, большасць насельніцтва якой складалі немцы. У сярэдзіне траўня пачалося перамяшчэнне германскай арміі да меж Чэхаславакіі. У Берліне быў распрацаваны план захопу краіны: падставай для ўварвання павінна было паслужыць забойства гітлераўскай агентурай нямецкага пасланца ў Празе. Палажэнне Чэхаславакіі было вельмі абцяжарана пазіцыяй яе заходніх саюзнікаў. Урады Англіі, Францыі і ЗША ад самага пачатку крызісу дамагаліся капітуляцыі Чэхаславакіі перад агрэсарам. Кіруючыя колы Чэхаславакіі пад націскам гэтых краін вырашылі капітуляваць і прыняць патрабаванні гітлераўцаў. У адказ у Чэхаславаччыне пачалася ўсеагульная забастоўка. 22 верасня 1938 года Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Невіл Чэмберленвылецеў на сустрэчу з Гітлерам, якому ён паведаміў аб згодзе чэхаславацкага ўрада прыняць ультыматыўныя прапановы Англіі і Францыі. Але Гітлер зноў пашырыў свае тэрытарыяльныя патрабаванні да Чэхаславакіі. Па ўзгадненні з Берлінам Польшча і Венгрыя таксама выставілі прэтэнзіі на чэхаславацкія землі.

Прэзідэнт ЗША Франклін Рузвельт звярнуўся да Гітлера з заклікам да мірнага ўрэгулявання судзецкай праблемы. Але пасланне было складзена ў вельмі мяккіх танах. 29 верасня 1938 года Чэмберлен, кіраўнік французскага ўрада Даладзье і Мусаліні прыбылі ў Мюнхен для перамоў з Гітлерам. Тут на працягу некалькіх гадзін лёс Чэхаславаччыны быў вырашаны. У адпаведнасці з пагадненнем чатырох дзяржаў Чэхаславакія абавязана была на працягу дзесяці дзён — з 1 па 10 кастрычніка — перадаць Германіі Судзецкую вобласць. Краіна пазбавілася магутных ваенных пабудоў, паловы цяжкай прамысловасці. Чэхаславацкі ўрад заявіў, што вымушаны прыняць Мюнхенскае пагадненне. Раніцай 30 верасня прэзідэнт Чэхаславакіі Эдвард Бенеш прыняў усе ўмовы дагавора, без згоды на тое нацыянальнага парламента.

Прэзідэнт Чэхаславакіі Эдвард Бенеш. Крыніца: wikipedia.org

Прэзідэнт Чэхаславакіі Эдвард Бенеш. Крыніца: wikipedia.org


Захоп Аўстрыі і Судзецкай вобласці рэзка павялічыў ваенна-эканамічную моц Германіі. У пачатку 1939 года паражэннем рэспублікі завяршылася грамадзянская вайна ў Іспаніі. Краіна пераходзіла пад уладу фашысцкай дыктатуры, цесна звязанай з Германіяй і Італіяй. Адчуўшы сваю сілу, Нямеччына патрабавала вярнуць ёй яе старыя калоніі і наогул правесці новы перадзел свету, а таксама забяспечыць ёй бесперашкодны выхад да акіянаў. Кіруючыя колы Англіі, Францыі і ЗША пачыналі разумець небяспеку, якую ўяўляла для іх экспансія Германіі і Японіі. Якраз у пачатку 1939 года Японія захапіла астравы Спратлі і Хайнань і атрымала магчымасць збудаваць свае ваенна-марскія базы на подступах да Філіпін, Малайзіі, Індакітая і Інданезіі. Працягваўся працэс збліжэння паміж Нямеччынай, Італіяй і Японіяй.

Аднак кіруючыя колы заходніх дэмакратый усё яшчэ спадзяваліся, што ім удасца вырашыць гэтыя супярэчнасці за кошт перамоў, што яны здолеюць стрымаць агрэсію Германіі, Італіі і Японіі ў пэўных рамках. Гітлераўцы свядома падтрымлівалі такія надзеі сярод урадаў і грамадскасці гэтых краін, актыўна рыхтуючыся ў той жа час да вялікай вайны.

Міжнародны палітычны крызіс 1939 года і Мюнхенская змова 1938 года былі чарговай спробай дзяржаў Захаду дамагчыся змякчэння ўсё больш відавочных супярэчнасцей з гітлераўскай Германіяй. Да гэтага часу Германія перагнала Англію і Францыю па аб'ёме прамысловай прадукцыі. Германскія манаполіі з поспехам супернічалі з манаполіямі іншых краін на рынках амаль усіх кантынентаў. Разам з абвастрэннем гэтых эканамічных супярэчнасцей расла і палітычная пагроза заходнім дэмакратычным дзяржавам з боку рэакцыйна-фашысцкага блока Берлін — Рым — Токіа, што цалкам аформіўся да канца 1930-х.

Германія пад заспакаяльныя прамовы лідараў заходніх дэмакратый хутка ператваралася ў вядучую ваенную сілу ў Заходняй Еўропе, якой ужо проста не было месца ў яе гістарычных межах…