Чорны верасень 1972-га

У верасні спаўняецца 50 гадоў з моманту трагедыі, што крывавай плямай назаўжды будзе адзначана ў гісторыі сусветнага спорту. 5-6 верасня 1972 года ў ваколіцах нямецкага Мюнхена падчас Алімпійскіх гульняў адзінаццаць ізраільскіх спартсменаў і адзін нямецкі паліцэйскі былі забіты палесцінскімі тэрарыстамі.

11 загінуўшых ізраільскіх спартсменаў. Крыніца: veteranysporta.com

11 загінуўшых ізраільскіх спартсменаў. Крыніца: veteranysporta.com


Атака на Алімпійскую вёску

Было 4:30 раніцы 5 верасня 1972 года, калі пяцёра палесцінскіх тэрарыстаў у спартыўных касцюмах забраліся на шасціфутавы плот, які атачаў Алімпійскую вёску Мюнхена. Нягледзячы на тое, што іх бачылі некалькі чалавек, ніхто не думаў, што адбываецца нешта незвычайнае, бо спартсмены перыядычна пераскоквалі агароджу, каб трапіць у горад. Зброя тэрарыстаў была добра схавана ў спартыўных сумках.

Гэтых пяцярых сустрэлі яшчэ трое мужчын, якія, як мяркуецца цяпер, перад гэтым атрымалі пасведчанні на ўезд у вёску. Затым палесцінцы выкарысталі скрадзеныя ключы, каб увайсці ў некалькі кватэр па адрасе Connollystraße, 31, у якіх жылі прадстаўнікі ізраільскай каманды.

Але тут усё пайшло зусім не па плане тэрарыстаў. Палесцінскія баевікі сутыкнуліся з адчайным і абсалютна для іх нечаканым супрацівам з боку ізраільскіх спартсменаў. Спачатку арбітр па барацьбе Ёсэф Гутфройнд пачуў драпанне ў дзвярах першай кватэры. Калі ён прачнуўся, то ўбачыў, што дзверы пачалі адчыняцца, а з іншага боку ўваходзяць людзі ў масках і са зброяй. Гэты мужны чалавек наваліўся на дзверы, каб перашкодзіць палесцінцам уварвацца ў пакой, выкарыстоўваючы дзеля гэтага толькі вагу свайго цела. У выніку ўзніклай блытаніны некалькі членаў ізраільскай каманды здолелі ўцячы.

Затым трэнер па барацьбе Мошэ Вайнберг напаў на тэрарыстаў, калі тыя прымушалі яго пад пагрозай пісталета правесці іх у пакоі астатніх ізраільскіх трэнераў і спартсменаў. Гэта дазволіла яго падапечнаму Геду Цабары збегчы. Вайнберг атакаваў тэрарыстаў нажом для садавіны, але ён не меў шанцаў супраць узброеных людзей, і быў застрэлены. Цяжкаатлет і бацька траіх дзяцей 31-гадовы Ёсэф Рамана таксама напаў і параніў аднаго са зламыснікаў, перш чым сам быў забіты. Нягледзячы на гэта арабам удалося выканаць першую частку свайго плана: яны здолелі захапіць дзевяць ізраільцян, зрабіўшы з іх заложнікаў.

Мошэ Вайнберг і Ёсэф Рамана. Крыніца: olimp-history.ru

Мошэ Вайнберг і Ёсэф Рамана. Крыніца: olimp-history.ru


У 9:30 тэрарысты абвясцілі, што яны палесцінцы, і запатрабавалі ад Ізраіля вызваліць 200 арабскіх зняволеных з ізраільскіх турмаў і забяспечыць ім самім бяспечны выезд з Германіі. Таксама яны патрабавалі вызваліць з нямецкай турмы Андрэаса Баадэра і Ульрыку Майнхоф, членаў нямецкай ультралевай тэрарыстычнай арганізацыі «Фракцыя Чырвонай Арміі» (РАФ). Палесцінцаў узначальвалі Лутыф Афіф («Іса»), яго намеснік Юсуф Назал («Тоні») і малодшыя члены Афіф Ахмед Хамід («Паола»), Халід Джавад («Салах»), Ахмед Шык Таа («Абу Хала»), Махамед Сафадзі («Бадран»), Аднан Аль-Гашы («Дэнаві») і яго стрыечны брат Джамаль Аль-Гашы («Самір»).

Палестынскі тэрарыст са зброяй. Крыніца: olimp-history.ru

Палестынскі тэрарыст са зброяй. Крыніца: olimp-history.ru


Прэм'ер-міністр Ізраіля Голда Меір адмовілася весці перагаворы з тэрарыстамі і хацела накіраваць ізраільскі спецназ для вызвалення сваіх спартсменаў. Немцы, аднак, настойвалі на тым, каб узяць на сябе ўсю адказнасць за іх выратаванне. Яны пераконвалі ізраільцян, што цалкам у стане самастойна вызваліць захопленых людзей. Сам Цві Замір, кіраўнік Масада, адправіўся ў Германію, каб дапамагчы спецслужбам ФРГ у справе вызвалення сваіх суайчыннікаў, але яго рэкамендацыі былі адхілены. «Яны не прыклалі нават мінімальных намаганняў, каб выратаваць жыцці, яны не пайшлі на мінімальную рызыку, спрабуючы выратаваць людзей, ні сваіх, ні нашых», — сказаў ён пасля вяртання ў Ізраіль.

Голда Меір. Крыніца: wikipedia.org

Голда Меір. Крыніца: wikipedia.org


Пасля некалькіх гадзін напружаных перамоў палесцінцы, якія, як пазней стала вядома, належалі да арганізацыі «Чорны верасень», радыкальнай мілітарысцкай фракцыі ў складзе Арганізацыі Вызвалення Палесціны, пагадзіліся з планам, згодна з якім яны павінны былі быць дастаўлены на верталёце на авіябазу НАТА ў Фюрстэнфельдбруку, што месцілася ў 25 кіламетрах на захад ад Алімпійскай вёскі. Там ім павінны былі прадаставіць самалёт, які перавязе іх саміх і іх заложнікаў у Каір. Затым ізраільцян даставілі на аўтобусах да верталётаў і адправілі на аэрадром. Меркавалася, што ў самалёце будуць знаходзіцца пераапранутыя ў лётчыкаў нямецкія паліцэйскія, якія абясшкодзяць тых палесцінцаў, што ўзыйдуць на борт самалёта, астатніх павінны былі знішчыць снайперы. І толькі ў ходзе перавозкі заложнікаў немцы выявілі, што тэрарыстаў было восем, а не пяць, як яны чакалі. Але кіраўніцтва нямецкай паліцыі вырашыла не спыняць аперацыю.


Катастрофа ў Фюрстэнфельдбруку

Нягледзячы на тое, што нямецкая армія мела лепшую падрыхтоўку і аснашчэнне для такой місіі, у адпаведнасці з пасляваеннай канстытуцыяй Заходняй Германіі ўзброеным сілам было забаронена дапамагаць грамадзянскай паліцыі. Паліцэйскія, якія ўдзельнічалі ў аперацыі, не прайшлі неабходнай падрыхтоўкі ў якасці снайпераў, яны былі неналежным чынам і ў недастатковай колькасці размешчаны, і ім не хапала рацый для сувязі адзін з адным або са сваімі камандзірамі. Акрамя таго, яны былі ўзброеныя аўтаматамі, а не снайперскімі вінтоўкамі, іх зброя не мела ні дальнабойных прыцэлаў, ні прыбораў начнога бачання. Да таго ж паліцэйскія, якія павінны былі затрымаць тэрарыстаў унутры самалёта, раптоўна пакінулі яго. Бронемашыны, якія таксама павінны былі дапамагчы ў выратаванні ізраільцян, былі адпраўлены занадта позна і моцна затрымаліся. З такім мноствам няўдач у планаванні аперацыя ў выніку стала сапраўднай катастрофай практычна на ўсіх узроўнях.

Паліцэйскі бронеаўтамабіль. Крыніца: olimp-history.ru

Паліцэйскі бронеаўтамабіль. Крыніца: olimp-history.ru


Верталёты прыляцелі каля 22:30, і двое тэрарыстаў адправіліся аглядаць лайнер. Пабачыўшы яго пустым і зразумеўшы, што іх спрабуюць падмануць, яны пачалі крычаць аб гэтым сваім таварышам. У гэты самы момант заходненямецкая паліцыя адкрыла па іх агонь. Завязалася перастрэлка, некалькі тэрарыстаў і адзін паліцэйскі былі забітыя. Ізраільскія спартсмены аказаліся ў пастцы. У гэты самы час вялікае мноства людзей з усіх бакоў атачылі аэрадром і спартыўнага рэпарцёра Джыма Макея, які вёў трансляцыю Алімпійскіх гульняў для амерыканскай тэлевізійнай сеткі ABC.

Апоўначы нямецкі чыноўнік абвясціў, што ўсе заложнікі вызваленыя, а ўсе тэрарысты забітыя. Але гэта паведамленне было трагічна заўчасным. Адразу пасля поўначы тэрарыст кінуў ручную гранату ў адзін з верталётаў, забіўшы ўсіх, акрамя аднаго, ізраільскіх заложнікаў на борце. Другі тэрарыст расстраляў увесь боезапас свайго аўтамата ў салон іншага верталёта з блізкай адлегласці, забіўшы такім чынам астатніх ізраільцян.

Згарэлы верталёт на ўзлётна-пасадачнай пляцоўцы. Крыніца: olimp-history.ru

Згарэлы верталёт на ўзлётна-пасадачнай пляцоўцы. Крыніца: olimp-history.ru


Занадта позна, каб хоць у чымсьці дапамагчы, бронеаўтамабілі нарэшце дасягнулі ўзлётна-пасадачнай паласы, але іх экіпажы не ведалі аб размяшчэнні паліцэйскага персаналу і не мелі магчымасці звязацца з імі. У гэты час узброены чалавек пабег да пазіцыі, дзе да гэтага схаваліся адзін з пілотаў верталёта і паліцэйскі снайпер. Тэрарыст быў адразу застрэлены снайперам, але рух на зацемненай узлётна-пасадачнай паласе выклікаў агонь з аднаго з бронеаўтамабіляў, у выніку пілот і снайпер атрымалі цяжкія раненні.


Наступствы тэракту

Да 12:30 раніцы 6 верасня страляніна спынілася, і больш чым 24-гадзінны тэрор нарэшце скончыўся. Адзінаццаць ізраільцян разам з адным мюнхенскім паліцэйскім былі забітыя, пяць тэрарыстаў «Чорнага верасня» ляжалі мёртвымі. Трое іх паплечнікаў былі схоплены. У 3:00 ночы Джым Макей, які вяшчаў з Алімпійскай вёскі суткі запар, рэзюмаваў трагічны вынік няўдалага выратавання словамі: «Яны ўсе сышлі». Упершыню ў гісторыі Алімпійскія гульні былі прыпынены на 24 гадзіны ў памяць аб забітых спартсменах. На наступны дзень пасля трагедыі на Алімпійскім стадыёне Мюнхена прайшла жалобная цырымонія з удзелам 3 тысяч атлетаў і 80 тысяч гледачоў. Ад удзелу ў ёй адмовіліся толькі прадстаўнікі арабскіх краін і СССР.

Жалобная цырымонія на стадыёне Мюнхена. Крыніца: olimp-history.ru

Жалобная цырымонія на стадыёне Мюнхена. Крыніца: olimp-history.ru


Народ Ізраіля не дараваў забойцам сваёй зборнай. Для вышуку людзей, што мелі дачыненне да тэракту ў Мюнхене, Масадам была распрацавана спецыяльная аперацыя пад кодавай назвай «Гнеў Божы». Па інфармацыі канадскага журналіста Джорджа Джонаса, што пасля была змешчана ў яго кнізе «Помста: праўдзівая гісторыя ізраільскай контртэрарыстычнай групы», восем з 11 чалавек, якіх Масад планаваў забіць, былі адшуканы і знішчаны. З астатніх трох адзін памёр натуральнай смерцю, а двое іншых былі забітыя, але і цяпер дакладна невядома, ці зрабілі гэта агенты ізраільскіх спецлужб, ці нехта яшчэ.

У ліпені 2012 года нямецкі часопіс «Der Spiegel» паведаміў, што Германія была папярэджана аб магчымасці палесцінскага тэрарыстычнага нападу на тых Гульнях, але не прыняла ніякіх мер для належнай бяспекі Алімпійскай вёскі. Праз дзесяць гадоў «Süddeutsche Zeitung» апублікавала тэлеграму, адпраўленую ў жніўні 1972 года з амбасады Германіі ў Бейруце ў міністэрства замежных спраў у Боне з папярэджаннем аб магчымым нападзе.

Мемарыяльны помнік ахвярам мюнхенскай бойні быў адкрыты ў верасні 2017 года ўздоўж ціхай дарожкі ў мюнхенскім Алімпійскім парку. Мемарыял высечаны на травяністым узгорку, і знаходжанне ў ім выклікае адчуванне адначасовага знаходжання як у свяцілішчы, так і ў пячоры. Архітэктары помніка заявілі, што іх ідэя заключалася ў тым, каб выразаць нешта з ландшафту, як гэта было зроблена нападам тэрарыстаў з сем'ямі іх будучых ахвяр.

Ізраільцяне, што загінулі ў час тэракту:

  • Мошэ Вайнберг, 32 гады. Трэнер па барацьбе.
  • Ёсеф Рамана, 32 гады. Цяжкаатлет, нарадзіўся ў Лівіі, удзельнік Шасцідзённай вайны 1967 года.
  • Зееў Фрыдман, 28 гадоў. Цяжкаатлет, нарадзіўся ў Польшчы.
  • Давід Бергер, 28 гадоў. Цяжкаатлет, нарадзіўся і вырас у ЗША.
  • Якаў Шпрынгер, 51 год. Суддзя па цяжкай атлетыцы, нарадзіўся ў Польшчы.
  • Эліэзер Халфін, 24 гады. Барэц, нарадзіўся ў СССР, у Рызе. У Ізраіль эміграваў у 1969-м годзе.
  • Ёсэф Гутфройнд, 40 гадоў. Суддзя па класічнай барацьбе, нарадзіўся ў Румыніі.
  • Кехат Шор, 53 гады. Трэнер па стральбе, нарадзіўся ў Румыніі.
  • Марк Славін, 18 гадоў. Барэц, нарадзіўся ў Мінску, у Ізраіль эміграваў за 4 месяцы да пачатку Гульняў у Мюнхене.
  • Андрэ Шпіцар, 27 гадоў. Трэнер па фехтаванні, нарадзіўся ў Румыніі.
  • Аміцур Шапіра, 40 гадоў. Трэнер па лёгкай атлетыцы.