Ізраільскія вайскоўцы прызналі, што маглі застрэліць журналістку Шырын Абу Акле

Шырока вядомая ў арабскіх краінах журналістка Шырын Абу Акле была забітая стрэлам у галаву падчас асвятлення ізраільскай аперацыі супраць палесцінцаў на Заходнім беразе. Смерць журналісткі выклікала шырокі рэзананс у свеце.

Шырын Абу Акле

Шырын Абу Акле


Прадстаўнікі ізраільскай арміі заявілі, што «з высокай доляй верагоднасці» маглі застрэліць журналістку тэлеканала «Аль-Джазіра» Шырын Абу Акле. Гэта вынікае з апублікаванай справаздачы, паведамляе тэлеканал «Euronews». Пры гэтым падкрэсліваецца, што забойства было ненаўмысным: салдаты стралялі ў адказ па некалькіх пазіцыях.
Шырын Абу Акле загінула 11 мая. Яна асвятляла ізраільскую аперацыю ў Джаніне. Куля трапіла ёй у галаву. Палесцінскія следчыя абвінавацілі ізраільцян у гібелі карэспандэнткі, да такой жа высновы прыйшлі прадстаўнікі ААН. Балістычная экспертыза не змагла ўстанавіць, адкуль была выпушчаная куля.
Паводле паведамленняў ізраільскіх СМІ, справаздача вайскоўцаў была апублікаваная пад ціскам Вашынгтона: Шырын Абу Акле была грамадзянкай ЗША.
Разам з тым, Армія абароны Ізраіля настойвае, што адназначнай высновы зрабіць немагчыма, і не выключана, што Абу Акле «магла трапіць пад агонь палесцінскіх баевікоў». Следчыя ЦАХАЛа «выключаюць» магчымасць наўмыснай стральбы па журналістам і не стануць перадаваць справу вайсковай паліцыі для правядзення крымінальнага расследавання.