Сектар Газа: напад на ізраільскі аўтобус і пакаранне смерцю за «шпіянаж»

У супрацьстаянні Палесціны і Ізраіля штодня з'яўляюцца новыя ахвяры. Палесцінцы абстралялі аўтобус з ізраільцянамі: 6 чалавек параненыя. «Хамас» пакараў смерцю 5 палесцінцаў за «шпіянаж на карысць Ізраіля».

Газа. Фота: «Reuters»

Газа. Фота: «Reuters»


Палесцінцы абстралялі ізраільскі аўтобус на пустой шашы, паведамляе агенцтва «Reuters». У выніку раненні атрымалі пяцёра салдатаў і кіроўца.
Інцыдэнт, падчас якога, паводле слоў ізраільскіх уладаў, двое падазраваных ва ўзброеным нападзе былі затрыманыя пры спробе да ўцёкаў, адбыўся непадалёк ад Джаніна і Наблуса, палесцінскіх гарадоў, якія на працягу некалькіх месяцаў падвяргаліся інтэнсіўным абстрэлам з боку ізраільскіх сіл бяспекі.
Сведкі паведамілі, што палесцінцы на аўтамабілі абагналі аўтобус, адначасова страляючы па ім, а калі кіроўца спыніўся, паспрабавалі падпаліць аўтобус.
Прадстаўнік тэрарыстычнай групоўкі «ХАМАС» ацаніў напад як «доказ таго, што ўсе спробы акупанта (Ізраіля) спыніць супраціў на Заходнім беразе пацярпелі няўдачу».


Рам Бэн-Барак, кіраўнік камітэта па замежных справах і абароне ізраільскага парламента, заявіў, што спадзяецца на мірнае пагадненне з Палесцінскай аўтаноміяй, але назваў гэтую перспектыву на дадзены момант немагчымай.
«Сітуацыя вельмі адчувальная і выбуханебяспечная, з аднаго боку, але з іншага боку, мы бачым, што расце колькасць палесцінцаў, якія разумеюць, што шлях наперад — гэта не шлях гвалту», — сказаў Бэн-Барак Ізраільскаму вайсковаму радыё.
У той жа час стала вядома, што сёння «ХАМАС» пакараў смерцю пецярых палесцінцаў, двое з якіх абвінавачваліся ў «шпіянажы на карысць Ізраіля» ў 2009 і 2015 гадах.
Пакаранні на досвітку праз павешанне або расстрэл былі ўпершыню здзейсненыя на тэрыторыі Палесціны ў 2017 годзе. Мінулыя выпадкі прывядзення ў выкананне смяротнага пакарання ў Газе выклікалі крытыку з боку праваабарончай супольнасці.
У заяве прадстаўнікоў тэрарыстычнай групоўкі не былі пазначаныя поўныя імёны ніводнага з асуджаных мужчын. Вядома, што адзін быў асуджаны за забойства, яшчэ двое — мужчыны ва ўзросце 44 і 54 гадоў, — «перадалі Ізраілю інфармацыю, якая прывяла да забойства палесцінцаў».


Канцылярыя прэм'ер-міністра Ізраіля, якая курыруе выведвальныя службы краіны, адмовілася ад каментароў.
Палесцінскія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі асудзілі смяротнае пакаранне і заклікалі «ХАМАС» спыніць гэтую практыку. Паводле палесцінскіх законаў, апошняе слова ў пытанні смяротных прысудаў застаецца за прэзідэнтам Махмудам Абасам. Але ён не мае ўплыву ў Газе. З таго часу, як «ХАМАС» узяў пад свой кантроль Газу, яго суды вынеслі смяротны вырак каля 180 палесцінцам і на дадзены момант пакаралі смерцю 33 чалавек.