Ракетны абстрэл Ізраіля: за мінулыя суткі — каля 160 ракет

У апошнія дні абвастрылася супрацьстаянне паміж Ізраілем і Палесцінай. Мы сабралі галоўнае, што вядома на дадзены момант.

Ракетны абстрэл Ізраіля

Ракетны абстрэл Ізраіля


5 жніўня Армія абароны Ізраіля аб'явіла, што пачынае аперацыю «Світанне», якая павінна была стаць адказам на масіраваны абстрэл ізраільскай тэрыторыі палесцінскімі баевікамі. У выніку гэтай аперацыі, як паведамлялася ў СМІ, быў забіты камандзір радыкальнай групоўкі «Ісламскі джыхад» Тайсір аль-Джаабары і «каля 15 тэрарыстаў». Ахвяры былі і сярод мірных палесцінцаў: дзесяць чалавек забітыя (у тым ліку пяцігадовая дзяўчынка і пажылая жанчына), 75 чалавек атрымалі раненні.

У адказ на гэта з тэрыторыі сектара Газа па Ізраілі былі запушчаныя ракеты. Агулам па ізраільскіх гарадах было выпушчана 130 снарадаў, яшчэ каля 30 трапілі ў марскую акваторыю і па самім сектары Газа. Ізраіль задзейнічаў сістэму СПА «Жалезны купал». Інфармацыі аб ахвярах сярод ізраільцянаў на дадзены момант няма.

Жыхарам Ізраіля рэкамендуецца не збірацца больш чым па 10 чалавек і трымацца бліжэй да бамбасховішчаў. Грамадскія ўстановы, не абсталяваныя бамбасховішчамі, зачыненыя. Публічныя мерапрыемствы адмененыя. Міністр абароны Ізраіля Бені Ганц абвясціў прызыў на ваенную службу 25 000 рэзервістаў, а прэм'ер-міністр Яір Лапід заявіў, што Ізраіль будзе працягваць адказваць на ўдары з сектара Газа.

Пасярэднікам у святле абвастрэння сітуацыі спрабуе выступіць Егіпет, які спрыяў перамір'ю паміж Ізраілем і радыкальным ісламісцкім рухам ХАМАС вясной 2021 года. Пра пасярэдніцтва Егіпта паведаміў і прадстаўнік ізраільскай арміі, але падрабязнасці пакуль невядомыя..

Пасланец ААН на Блізкім Усходзе Том Венесланд заклікаў «дзеля прадухілення эскалацыі неадкладна спыніць ракетныя абстрэлы». Ён дадаў, што вайна «можа нашкодзіць усім паляпшэнням у сектары Газа, якіх удалося дасягнуць за год. Сусветныя рэсурсы знясіленыя, і атрымаць эканамічную падтрымку на аднаўленне Газы будзе вельмі нялёгка».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: