Ізраіль і «Ісламскі джыхад». Перамір'е пратрымалася некалькі хвілін
Ракеты былі выпушчаныя ў бок поўдня Ізраіля ўсяго праз некалькі хвілін пасля таго, як у нядзелю ўвечары набыло моц пагадненне аб спыненні агню.
Ракеты былі выпушчаныя па ізраільскіх населеных пунктах паблізу мяжы з Газай.
Як паведамляе дзяржаўнае радыё Kan, адна з ракет упала на адкрытай мясцовасці ў раёне населенага пункта Эшколь, ахвяр у выніку інцыдэнту няма.
Нагадаем, Ізраіль абвясціў аб новай ваеннай аперацыі ў Сектары Газа, але не супраць свайго традыцыйнага суперніка палестынскага руху «Хамас», а яшчэ адной уплывовай групоўкі — «Ісламскі джыхад». У Сектары Газа за суткі загінулі не менш як 41 чалавек, пацярпелі больш за 300 чалавек. У адказ палестынцы выпусцілі сотні ракет у бок Ізраіля.
У нядзелю ўлады Ізраіля заявілі, што дасягнута пагадненне аб увядзенні ў сектары Газа рэжыму спынення агню з 23.30. Ізраіль пакінуў за сабой права на прымяненне сілы ў выпадку парушэння гэтай дамоўленасці.