Яшчэ раз пра Люблінскую унію

Аб тым, што 1 ліпеня 1569 года паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каронай Польскай была заключана Люблінская унія, бадай, ведае кожны са школьных часоў: гэта важная гістарычная дата! Прычыны, наступствы, ход падзей… Дата настолькі важная, што з часам згубіліся дэталі. Што адбывалася ў Любліне ў далёкім XVI стагоддзі і як падзеі адлюстраваў мастак у стагоддзі ХІХ-м? 

Ян Матэйка "Люблінская Унія"

Ян Матэйка "Люблінская Унія"

Пра Люблінскую унію напісана шмат. Бо падзея сапраўды значная — дзве дзяржавы аб’ядналіся ў канфедэрацыю: Рэч Паспалітую Абодвух Народаў. І дадаць штосьці новае, а галоўнае — цікавае і незвычайнае, вельмі складана. Яшчэ ў ХІХ стагоддзі гэта падзея была дасканала вывучана гісторыкамі-тытанамі, апублікаваныя дзённікі Люблінскага сойму, разгледжаныя і апісаныя яго дэталі.

Публікацыя пасяджэння Люблінскага сойму

Публікацыя пасяджэння Люблінскага сойму

Не спыняецца праца і ў наш час. Гэта падзея прыцягвае даследчыкаў… І будзе прыцягваць! Бо да канца не вызначана, і вызначыць тое немагчыма: а чым была унія для нас? Еўрапейская інтэграцыя Вялікага Княства Літоўскага ці спроба Кароны Польскай інкарпараваць Літву, якая захрасла ў зацягнутай Інфлянцкай вайне? Глеба для разваг багатая. 

Ян Матэйка 

Ян Матэйка 

Калі ў сучасных працах, асабліва навукова-папулярных, заводзіцца гаворка пра Люблінскую унію, то тэксты абавязкова суправаджае ілюстрацыя: знакамітая карціна мастака Яна Матэйкі «Люблінская унія». Каго мастак сабраў на палатне разам? Чаму адны панурыя, а другія — у гуморы? Наколькі дакладна перададзены момант мастаком-рамантыкам праз 300 год ад падзей? Дзень падпісання векапомнага акту — добрая нагода з гэтым разабрацца і згадаць падзеі Люблінскага сойму.

Актыўная фаза аб’яднання

Шлях да «агульнай справы» (менавіта так перакладаецца Рэч Паспалітая) Літвы і Польшчы пачаўся… у Крэве ў 1385 годзе. Потым былі яшчэ розныя дамовы і акты, якія ці то набліжалі, ці то адсоўвалі інтэграцыю. Актыўная фаза аб’яднання пачалася за некалькі год да супольнага сойму ў Любліне. Падпісанне акту уніі не было падзеяй знянацку. Гэтаму папярэднічаў доўгі і драматычны працэс.

Геральдычны сімвал Рэчы Паспалітай

Геральдычны сімвал Рэчы Паспалітай

На двары — люты 1563 году. Ва ўсю палыхае вайна за Інфлянты. Перад маскоўскім наступленнем Вялікае Княства Літоўскае аказваецца бездапаможным… У гэты час у Кароне Польскай складваецца партыя саноўнікаў, якія настойліва імкнуцца да злучэння Літвы і Польшчы. Пры тым манарх Жыгімонт Аўгуст перастаў супраціўляцца злучэнню, а, усё больш баючыся бяздзетнай смерці, стаў гэтаму спрыяць.

Прапановы і ўмовы Кароны

Польскі бок меў вельмі прывабную прапанову для шляхты з Вялікага Княства: «Хацелі б, каб вы разам з намі карысталіся аднолькавымі вольнасцямі і правамі». Такімі словамі вітаў літоўскую дэлегацыю на сойм летам 1563 году ў Варшаве маршалак Мікалай Сяніцкі. Аднак гэта не была прывабная прапанова для літоўскіх магнатаў.

Палякі настойвалі і ціснулі. Перамовы доўжыліся некалькі гадоў. Радзівілы, якія ўзначальвалі літоўскую дэлегацыю, жадалі, каб пасля уніі ўсё засталося, як было, без агульнага скарбу, сойма і ўстаноў. Напал спрэчак дасягнуў апагею ў 1569 годзе, калі літоўскі бок адхіліў амаль усе патрабаванні Кароны. Бо былі яны для Вялікага Княства Літоўскага жахлівыя і ў падтэксце прачытвалася ўключэнне Літвы ў склад Кароны. Гэта азначала, што Вялікае Княства дэ-факта мела б аднолькавы юрыдычны статус з, напрыклад, Вялікай Польшчай ці якім іншым рэгіёнам Кароны.

Карта Рэчы Паспалітай, 1569

Карта Рэчы Паспалітай, 1569

Пазіцыя манарха

У такіх драматычных абставінах пазіцыя караля аказалася вырашальнай. Жыгімонт Аўгуст пераканаўся, што без польскай падтрымкі Літва не вытрымае націску Масквы і пасля яго смерці можа трапіць у рукі Івана Жахлівага. А цар не меў літасці да пераможаных ворагаў. Апошні з Ягелонаў вырашыў зрабіць усё, што ад яго залежыць, каб рэальная унія была заключана.

Паколькі спробы пасярэднічаць у перамовах не далі плёну, ён пачаў прыціскаць да сцяны літоўскіх магнатаў. На пачатку ён адмовіўся ад правоў Ягелонаў на Літву як спадчынныя землі на карысць Польшчы. Гэта моцна ўсхвалявала літоўскіх магнатаў. «Калі ім будзе дадзена, то якая карысць ад уніі з намі?», — іранічна сказаў на перамовах, якія вяліся ў люблінскім замку, Ян Геранім Хадкевіч. Паводзіны манарха падагравалі асцярогі літоўскіх дэлегатаў, што унія не будзе раўнапраўнай і ў агульнай дзяржаве будуць дамінаваць палякі.

Люблін, XVI стагоддзе

Люблін, XVI стагоддзе

Аднак кароль настойваў. Калі ў ноч на 1 сакавіка 1569 г. дэлегацыя Вялікага Княства перапыніла перамовы і дэманстратыўна пакінула Люблін, Жыгімонт Аўгуст абвясціў аб скліканні на 10 мая літоўскіх соймікаў. Ён таксама напісаў ім мемарандум, у якім расказаў прысутным, як усё склалася. Пры гэтым кароль абяцаў, што унія гарантуе літоўскаму боку: роўнасць грамадзянскіх правоў, асобныя пасады, захаванне мясцовых прававых актаў і маёнткаў.

Літоўскія магнаты апынуліся ў палоне

Гарантыя захавання ўсіх маёнткаў выклікала ахвоту магнатаў да размовы. У той жа час узмацніўся і ціск. Сойм у Любліне абвясціў аб уключэнні ў склад Кароны рускіх зямель: Падляшша, Валыні, Брацлава і Кіева. Да гэтага часу мясцовая шляхта прысягала Вялікаму Княству Літоўскаму, і гэтыя землі ўваходзілі ў яго склад. 

Тактычная гульня, за нітачкі якой цягнуў Жыгімонт Аўгуст, прывяла да таго, што літоўскія магнаты апынуліся ў палоне паміж польскімі магнатамі і літоўскай шляхтай, якая марыла аб польскіх прывілеях, а значыць, і аб уніі.

У такой сітуацыі на пачатку чэрвеня саноўнікі Вялікага Княства вярнуліся ў Люблін для завяршэння перамоў, якія досыць хутка пачаліся і хутка скончыліся. Было дамоўлена, што абедзве краіны захаваюць асобныя пасады, судовую сістэму, армію і дзяржаўныя мовы. Замест гэтага ў іх будзе агульны манарх, сойм і адна манета. Яны таксама ўзялі на сябе абавязак праводзіць агульную знешнюю палітыку. 

І вось ўжо 1 ліпеня 1569 году быў падпісаны і прысягнуты акт, у якім гаварылася: «Карона Польская і Вялікае Княства Літоўскае ёсць адно цэлае непадзельнае і неразлучнае, адна агульная Рэч Паспалітая, каторая злучылася разам з дзвюх дзяржаў і народаў».

Арыгінальны акт Люблінскай уніі

Арыгінальны акт Люблінскай уніі

Мінула 300 гадоў…

1860-я… З палітычнай карты Еўропы ўжо знікла Рэч Паспалітая, спрэчкі і перапалкі Люблінскага сойму засталіся ў далёкім мінулым. Але пра падзею не забыліся і патрыёты даўняй Рэчы Паспалітай адзначаюць угодкі падпісання векапомнага акуту. Што праўда, публічна адзначаюць свята уніі толькі ў Кракаве, дзе палітычны рэжым быў больш лаяльны да нацыянальнага жыцця, чым у Расіі ці Прусіі.

Кракаў, 1869 год

Кракаў, 1869 год

Святкаванне 300-годдзя заключэння Люблінскай уніі, арганізаванае ў Кракаве ў 1869 годзе, мела намер звярнуць увагу Еўропы да становішча Польшчы і Літвы пасля правалу студзеньскага паўстання 1863-га і рэпрэсій пасля яго. Хоць аўстрыйская паліцыя і забараніла публічныя маніфестацыі, было дазволена правядзенне выставы. Гэта была адзіная публічная падзея, якой адзначалі юбілей. І на гэтай выставе ў Кракаве быў прадэманстраваны твор гістарычнага мастацтва…

Карціна «Люблінская унія» з’яўляецца адным з твораў знакамітага мастка гістарычнага жанру Яна Матэйкі. Ён быў напісаны як раз да 300-годдзя уніі. Кампазіцыя твору сканцэнтравана на цырымоніі прысягі акту уніі ў рэнесансным інтэр’еры замка ў Любліне.

Сюжэт і канцэпцыя «Люблінскай уніі»

Адзін з першых дзён ліпеня 1569 года… Акт уніі ўжо прыняты на агульным сойме дэпутатамі ад дзвюх дзяржаў. Ян Матэйка вырашыў паказаць момант прыняцця прысягі дэпутатамі.

Пасярод сходу стаіць кароль Жыгімонт Аўгуст. У паднятай руцэ ён трымае распяцце. У атачэнні манарха як прыхільнікі уніі, так і яе праціўнікі. Прысутнічаюць дзеячы, звязаныя з рэфармацыйным рухам  і контррэфармацыяй. У адным месцы сустрэліся людзі рознага паходжання, поглядаў і памкненняў. Іх аб’ядноўвае прыналежнасць да адной агульнай і вольнай радзімы.

Жывая карціна «Люблінская унія» (сучасны праект Каралеўскага замка ў Варшаве)

Жывая карціна «Люблінская унія» (сучасны праект Каралеўскага замка ў Варшаве)

Гэта галоўны пасыл карціны Матэйкі. Каб дасягнуць гэтай мэты і каб падкрэсліць, што важныя гістарычныя падзеі — гэта расцягнутая ў часе сума дзеянняў многіх людзей, мастак уключыў людзей, якія па розных прычынах не былі ў Любліне 1 ліпеня 1569 года.

З пералічаных дзеячаў у Любліне прысутнічалі толькі Жыгімонт Аўгуст і Станіслаў Хозюш. Прычыну «негістарычнага» падыходу Матэйкі да гісторыі добра растлумачыў біёграф мастака Станіслаў Тарноўскі: «Гістарычная падзея не падае з неба адразу гатовай, яна рыхтуецца праз увесь працэс памкненняў і намаганняў розных людзі, якія прысутнічалі або не прысутнічалі ў дадзены момант. І да сукупнасці фактаў гэтыя людзі належаць як сілы, якія рухалі і выклікалі яго, нават з адлегласці часу або з адлегласці месца».

Гайд па карціне: каго Матэйка сабраў разам? 


Тлумачэнне да карціны (Dudrak Andrzej Jan)

Тлумачэнне да карціны (Dudrak Andrzej Jan)

Сапраўды, хто ж завітаў на Люблінскі сойм дзякуючы пэндзлю Матэйкі? Гэтым пытаннем задаваліся яшчэ ў ХІХ стагоддзі. І нават была выпушчаная адмысловая брашура аўтарства Яна Дудрака, якая схематычна тлумачыла гледачам: хто перад імі. Выпадковых людзей, як можна здагадацца, тут няма.

Цэнтральная фігура карціны — кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт II Аўгуст. Характэрна, што Матэйка адлюстраваў Жыгімонта Аўгуста як «першага сярод роўных», без якіх-небудзь прыкмет улады.

Жыгімонт II Аўгуст

Жыгімонт II Аўгуст

Побач з манархам у белых шатах, трымаючы руку на Евангеллі, стаіць сталы прымас Польшчы Якуб Уханьскі — адзін з рухавікоў ідэй Рэнесансу. У гэты час прысягае кашталян кракаўскі Марцін Збароўскі. У адной руцэ ён трымае дакумент з тэкстам уніі, другая пакладзеная на Евангелле. Фактычна ён памёр ужо 4 гады як, але быў гарачым прыхільнікам аб’яднання Польшчы і Літвы. Адсюль і яго прысутнасць на карціне.

Змест жа прысягі зачытвае біскуп Кракаўскі Філіп Паднеўскі, які стаіць паміж манархам і прымасам.

 Якуб Уханьскі, Марцін Збароўскі, Філіп Паднеўскі

 Якуб Уханьскі, Марцін Збароўскі, Філіп Паднеўскі

На каленях з мячом у руцэ бачна постаць Мікалая Радзівіла Рудога. Ён —адзіны літоўскі сенатар, які не падпісаў унію, а аголены меч павінен сімвалізаваць варожае стаўленне як да караля, так і да уніі. Таксама на каленях стаіць Мікалай Мялецкі ў латах з гетманскай булавой у правай руцэ. Фактычна пасаду вялікага кароннага гетмана ён атрымаў толькі ў 1578 годзе.

 Мікалай Радзівіл Руды, Марцін Мялецкі

 Мікалай Радзівіл Руды, Марцін Мялецкі


Злева ад караля на пярэднім плане спаўзае з крэсла віленскі біскуп Валяр’ян Пратасевіч. Па стане здароўя і сталым узросце яго ў Любліне не было. Яна Ласкага, які яго падтрымлівае, таксама не было ў Любліне, бо ён памёр у 1560 годзе. Напэўна, толькі на карціне Матэйкі маглі так спакойна быць побач каталіцкі біскуп і галоўны дзеяч Рэфармацыі.

Валяр’ян Пратасевіч, Ян Ласкі

Валяр’ян Пратасевіч, Ян Ласкі

На фатэлі ў чырвоным кардынальскім адзенні сядзіць Станіслаў Хозюш, а прыхінуўся да яго фатэля — Лукаш III Горка, ваявода познаньскі. Яго не было ў Любліне, але Матэйка паставіў пана, каб сімвалізаваць калыску польскай дзяржавы — Познань.

Станіслаў Хозюш, Лукаш ІІІ Горка

Станіслаў Хозюш, Лукаш ІІІ Горка

У левым куце з маршальскім кіем намаляваны вялікі маршалак каронны Ян Фірлей. На заднім плане бачны прускі прынц Альбрэхт Фрыдрых Гогенцолерн з гатовай да прыняцця прысягі рукой.

Альбрэхт Фрыдрых Гогенцолерн, Ян Фірлей

Альбрэхт Фрыдрых Гогенцолерн, Ян Фірлей

З правага боку карціны стаіць сястра караля Ганна Ягелонка, яна не была ў Любліне. Малюючы Ганну, Матэйка ўзяў за ўзор захаваны партрэт каралевы ў каранацыйным убранні, які захоўваецца ў Вавельскім саборы. Ганна Ягелонка з’яўляецца тут хутчэй сімвалам працягу дынастычнай палітыкі Ягелонаў як будучая жонка караля Стэфана Баторыя.

Ганна Ягелонка

Ганна Ягелонка

Барадатая фігура ў чорным — гэта Анджэй Фрыч Маджэўскі, аўтар работы «Пра аднаўленне Рэспублікі». На карціне Маджэўскі ахоплівае постаць селяніна, што сімвалізуе ідэю роўнасці сялянства з мяшчанствам і шляхтаю.

Анджэй Фрыч Маджэўскі і селянін

Анджэй Фрыч Маджэўскі і селянін

Сцяг з архангелам Міхалам, гербам Русі, трымае ў руцэ пазнейшы кашталян брацлаўскі князь Міхал Вішнявецкі. Ён сімвалізуе землі, якія ў той час кароль Жыгімонт ІІ Аўгуст далучыў да Кароны. Князь даў пачатак вялікаму багаццю і моцы роду Вішнявецкіх на ўсходзе.

Побач з князем — ваявода брацлаўскі, гетман польны, князь Раман Сангушка. Матэйка, жадаючы спаслацца на познія поспехі Рэчы Паспалітай XVII стагоддзя, сімвалам якой з'яўляюцца гусары, апрануў Сангушку ў гусарскія даспехі і крылы.

Міхал Вішнявецкі і Раман Сангушка

Міхал Вішнявецкі і Раман Сангушка

***

«Люблінская унія» лічыцца адной з лепшых работ Яна Матэйкі, за каштоўнасць карціны ў 1870 годзе мастак быў узнагароджаны французскім ордэнам Ганаровага легіёна. Акрамя ўсяго, гэтай карцінай Матэйка хацеў нагадаць аб былым суверэнітэце Літвы. Гэта быў адказ мастака на хвалю жорсткіх рэпрэсій, якая абрынулася на мясцовае насельніцтва пасля падаўлення паўстання 1863-га, і яго пратэст супраць прызнання Літвы карэннай і спрадвечнай расійскай зямлёй.