Вялікая перамога самай жудаснай вайны. Бітва пад Палонкай

28 чэрвеня 1660 года пад вёскай Палонкай аб’яднанае літоўскае і польскае войска разграміла ўшчэнт магутную армію маскоўскага цара. Гэта быў пералом у захопніцкай вайне. Пад Палонкай вырашаўся лёс Вялікага Княства Літоўскага: альбо мы пераможам, альбо нас.

Бітва пад Палонкай

Бітва пад Палонкай

У невялікай вёсцы на аднайменнай рэчцы Палонка, якая прыхавалася на шляху паміж Баранавічамі і Слонімам, кожны мінак можа ўбачыць памятны камень. На ім — выявы двух славутых гетманаў Паўла Сапегі і Стэфана Чарнецкага. І надпіс, які паведамляе, што тут адбылася самая значная бітва самай жудаснай вайны. 

1660 год… Ва ўсю палае полымя захопніцкай вайны, якую вяла Маскоўская дзяржава супраць Вялікага Княства Літоўскага. Фактычна, у вырашальнай бітве шаблі скрыжаваліся менавіта пад Палонкай… Гэта была першая і такая значная буйная перамога Рэчы Паспалітай на канцавым этапе вайны з Масквой, якая спыніла аблогу Ляхавіцкага замка і прывяла да вызвалення зямель Вялікага Княства Літоўскага па Днепр на ўсходзе і Дзвіну на поўначы.

Становішча перад бітвай

Не будзе перабольшаннем, калі стан спраў на Літве ў 1660 годзе назваць катастрофай. 

У гэты час войскі Маскоўскай дзяржавы занялі амаль усе землі Вялікага Княства Літоўскага. Захопнікі атабарыліся ва ўсіх значных гарадах, узялі нават сталічную Вільню. На дыпламатычным фронце справа дайшла да таго, што за маскоўскім царом Аляксеем Міхайлавічам прызнаваўся тытул вялікага князя літоўскага, а польская шляхта пагаджалася з яго ўладай над украінскімі і беларускімі землямі, давала гарантыі абраць цара на найбліжэйшым сойме польскім каралём.

Аднак калі запарожскія казакі перайшлі на бок Рэчы Паспалітай, вайна з Маскоўскай дзяржавай аднавілася. Пад канец 1658 года Масква падпісала перамір’е са Швецыяй (з ёй вяла вайну і Рэч Паспалітая) і накіравала войскі на землі Рэчы Паспалітай. У гэты ж час кароль Ян Казімір спрабаваў адцягнуць час, каб замірыцца са шведамі. Гэта разумелі і маскавіты, якія ў часе перамоў распачалі з Полацка новы наступ на Вялікае Княства Літоўскае. 

Баявыя дзеянні кампаніі 1659-1660 гг.

Баявыя дзеянні кампаніі 1659-1660 гг.

На чале маскоўскага войска быў князь Іван Хаванскі. Праз Вільню, узяўшы Городню, захапіўшы Падляшша і выразаўшы абаронцаў Берасця, Хаванскі збіраўся рушыць на Варшаву. Каб паставіць пераможную кропку ў гэтай вайне.

Маскоўскі ваявода Іван Хаванскі

Маскоўскі ваявода Іван Хаванскі

Але аб’яднанне харугваў Вялікага Княства Літоўскага на чале з гетманам вялікім Паўлам Янам Сапегам і войскаў Кароны на чале з ваяводам рускім Стэфанам Чарнецкім прымусіла захопнікаў у лютым 1660 года адысці да Наваградка.

Павел Ян Сапега

Павел Ян Сапега

Перыяд канца зімы і вясны 1660 года праходзіў галоўным чынам пад знакам дзеянняў арміі Івана Хаванскага на Наваградчыне. Канчатковае авалоданне маскоўскім войскам гэтымі землямі і далейшы наступ на Варшаву быў немагчымы без заняцця апошніх асяродкаў супраціву. Гэта былі тры крэпасці: Ляхавічы, Нясвіж і Слуцк.

Асада Ляхавіцкага замка

Каб працягнуць рух на Варшаву, Хаванскі вырашае расправіцца з нескаронымі замкамі. Першай на прыцэле была Ляхавіцкая фартэцыя.

Пад Ляхавічы Хаванскі са сваім войскам прыйшоў 23 сакавіка 1660 года. У данясенні цару ваявода казаў, як важна захапіць горад: «А не учиняя промыслу над Ляховичами, отойти… отнюдь нельзя, потому что Ляховичи стали промеж твоих завоёванных городов…».

Аблога Ляхавіцкай фартэцыі, 1660 г.

Аблога Ляхавіцкай фартэцыі, 1660 г.

Армія Івана Хаванскага лічылася на той момант галоўнай сілай маскоўскага войска. Яна налічвала да 9 тысяч чалавек, а ў яе склад уваходзілі: каля 1300 у сотнях, 2800 рэйтар, да 1500 стральцоў, больш за 100 начальных людзей пяхоты, 2338 жаўнераў і драгун. Меліся ў маскоўскім войску і аддзелы прысяжнай шляхты Полацкага павету, якія налічвалі больш за 1000 жаўнераў. 

З боку абаронцаў фартэцыі пад кіраўніцтвам Станіслава Юдыцкага маскоўскаму войску супрацьпастаўлялася каля 4 тысяч чалавек: прафесійнае войска (дзве харугвы вугорскай пяхоты, тры драгунскія харугвы), шляхта, мяшчане, сяляне. Апроч таго, у дыспазіцыі абаронцаў мелася 47 гармат, значныя запасы ўзбраення, пораху, правіянту...

Драгун каралеўскай харугвы

Драгун каралеўскай харугвы

Дачакаўшыся збору ўсяго войска пад Ляхавічамі, вечарам 5 красавіка Хаванскі пачаў першы штурм фартэцыі, але пацярпеў няўдачу. З цяжкімі стратамі — 10 старэйшых афіцэраў і дзве сотні ратнікаў — маскоўцам прыйшлося адступіць. Пачаліся аблога і шчыльная блакада крэпасці, рыхтаваўся новы штурм. 

У маі маскоўскі ваявода атрымаў ад цара значнае падмацаванне: 19 мая ў лагер Хаванскага прыйшлі элітныя аддзелы маскоўскіх стральцоў у трох прыказах у колькасці 1500–2000 чалавек. Іх прыбыццё пад асаджаныя ўжо два месяцы Ляхавічы мусіла натхніць вайскаводцу на новы штурм і, нарэшце, здабыць крэпасць, якая ўпарта абаранялася. І вось ужо 24 мая пачалася новая атака на ляхавіцкія бастыёны, якая закончылася поўнай няўдачай і вялізнымі стратамі для маскоўскага войска…

Маскоўскя стральцы

Маскоўскя стральцы

У канцы мая і чэрвені маскоўскія войскі хоць і не рабілі спроб штурму, але не пакідалі намаганняў заняць крэпасць, назапашваючы сілы. 27 мая на дапамогу Хаванскаму прыбыў атрад на чале з ваяводам Змеевым у колькасці 2400 чалавек. Неўзабаве пачаў фарміравацца яшчэ адзін ваяводскі полк, узмоцнены палкамі з Кіева і палкамі казакаў. Агулам к канцу чэрвеня колькасць войска Хаванскага мусіла павялічыцца да 40 тысяч чалавек...

Але Ляхавічы годна трымаліся, скоўваючы значныя сілы Маскоўскай дзяржавы.

Мір са шведамі, вайсковая нарада ў Варшаве

А ў гэты час, пакуль на бастыёнах Ляхавіцкай фартэцыі грымелі літоўскія гарматы і абаронцы мужна затрымлівалі маскавітаў, на дыпламатычным фронце адбыліся істотныя перамены. 

3 мая 1660 года ў Аліве пад Гданьскам быў заключаны такі доўгачаканы мір паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай. Пасля заключэння міру войска, якое налічвала больш за 50 тысяч шабель, можна было накіраваць у Літву для разгрому наступу Хаванскага, які атрымліваў усё новыя і новыя баяздольныя  часткі.

Але справа замаруджвалася доўгімі спрэчкамі. Нават у час войнаў эліты Рэчы Паспалітай не змянялі свайму старадаўняму звычаю спрачацца пры любой нагодзе… Справа зрушылася на вайсковай нарадзе, якая адбывалася ў Варшаве з 24 па 30 мая. Там было прынятае рашэнне аб паходзе на выручку Ляхавічам і іх слаўным абаронцам.

Стэфан Чарнецкі ў вайне з Маскоўскай дзяржавай

Стэфан Чарнецкі ў вайне з Маскоўскай дзяржавай

У паход выйшлі войскі Паўла Сапегі і Стэфана Чарнецкага. Што цікава, Павел Сапега меў тытул графа на Ляхавічах і фактычна вёў харугвы вызваляць свой маёнтак. Ці ведаў Хаванскі, калі пустошыў Ляхавічы і ваколіцы, што гэта асабістая ўласнасць яго непасрэднага суперніка?

Рушылі імкліва і скрытна, бо літоўскі і польскі камандзіры спяшаліся пазмагацца з маскоўскім царом, пакуль да Хаванскага не падышлі новыя падмацаванні.

Сутычка каля Слоніма

Нашы войскі спяшаліся… 24 чэрвеня яшчэ не злучаныя харугвы Чарнецкага і Сапегі стаялі ў розных месцах у ваколіцах Слоніма. Было вядома, што ў горад якраз прыбыў моцны аддзел маскоўскіх войскаў — 200 жаўнераў.

Перш чым абодва войскі шчыльней паядналіся, Чарнецкі вырашыў заняць Слонім і разбіць тамтэйшы варожы аддзел.

Стэфан Чарнецкі 

Стэфан Чарнецкі 

А ў самім горадзе разгортвалася сапраўдная драма. Маскоўскія жаўнеры даволі доўга не ўсведамлялі, што да горада набліжаюцца вялікія войскі непрыяцеля. Неўзабаве, аднак, гэтая вестка абрынулася на іх як снег на галаву. 

Яны вырашылі даць адпор, арганізаваўшы абарону ў горадзе. З ранейшага досведу маскавіты выдатна ведалі, што мясцовае насельніцтва іх не падтрымлівае. Не давяраючы яму, яны вырашылі пазбавіцца ад жыхароў Слоніма, пазабіваўшы іх. Людзей пачалі заганяць у сінагогу, каб спаліць усіх жыўцом... Адбывалася мноства жахлівых сцэн, шмат людзей страціла жыццё ад рук царскіх жаўнераў, падобна што п’яных.

На шчасце, хутка падышла дапамога, якая перашкодзіла захопнікам здзейсніць іх планы. Каронныя войскі ўшчэнт разграмілі маскавітаў. Хоць і атрымаўшы падмогу, але сутыкнуўшыся з тысячным конным войскам, маскавіты доўга адбівацца не сталі і кінуліся наўцёкі. За імі вершнікі Чарнецкага пагналіся праз горад па мосце цераз раку Шчару і палажылі трупам 400 непрыяцеляў.

Маскоўскія вершнікі

Маскоўскія вершнікі

Разгублены ваявода Хаванскі

Набліжэнне польскіх і літоўскіх войскаў стала для Хаванскага поўнай нечаканасцю. Ён даведаўся пра яго толькі ў самы апошні момант, ад уцекачоў-недабіткаў з-пад Слоніма, і напачатку спадзяваўся, што гэта проста яшчэ адзін моцны раз’езд. 

Хутка, аднак, дзякуючы ўцекачам з-пад Слоніма ён усвядоміў сапраўдную сілу праціўніка. Таму толькі 26 чэрвеня Змееў, які дзейнічаў пад Нясвіжам, паводле загаду Хаванскага зняў з гэтага горада аблогу. Абозы ён адправіў за Нёман, а сам, спаліўшы лагер, рушыў пад Ляхавічы да Хаванскага. Злучыўшыся, яны 27 чэрвеня выступілі супраць арміі Рэчы Паспалітай у спадзеве заспець яе знянацку на маршы і разбіць.

На бітву дабраслаўляе «каралева Літвы»

Пасля баёў пад Слонімам адбылася сустрэча Чарнецкага з Сапегам, на якой быў узгоднены план супольных дзеянняў, войскі рыхтаваліся да генеральнай бітвы з маскоўскім ваяводам.

Войскі Вялікага Княства Літоўскага стаялі ў Жыровічах блізу Слоніма, дзе быў даўні базылянскі кляштар. Трэба прыгадаць, што ў Жыровічах захоўваўся знакаміты цудадзейны абраз Маці Божай. І гэты Жыровіцкі абраз быў датычны да будучай перамогі ў бітве пад Палонкай. Лічыцца, што непасрэдна перад бітвай да Жыровіцкай Божай Маці звяртаўся вялікі гетман Павел Сапега…

Жыровіцкі манастыр

Жыровіцкі манастыр

Калі баталія пад Палонкай скончылася разгромам групоўкі Хаванскага, то заслуга ў атрыманай перамозе прыпісвалася тады Божай Маці.  Пройдзе час, і абраз Маці Божай Жыровіцкай будзе каранаваны і яна атрымае тытул «каралевы Літвы».  

На полі пад Палонкай…

Надышоў дзень бітвы.

28 чэрвеня а восьмай гадзіне на ўсходнім баку ракі Палонкі паказалася армія Хаванскага. Маскоўскі ваявода спярша хацеў быў адразу кінуцца ў бой. Але заспець праціўніка знянацку не ўдалося, бо пра яго набліжэнне ведалі загадзя і войскі Рэчы Паспалітай ужо былі гатовы да бою, стаялі ў баявым парадку.

Хаванскі ад планаў нападу не адмовіўся і з ходу атакаваў свайго непрыяцеля. Гэтым актам маскоўскім войскам удалося пацясніць авангард польска-літоўскага войска. Адступленне перадавых частак Чарнецкага пераканала князя Хаванскага: трэба развіваць поспех і працягваць наступленне. Дарадцы Хаванскага ваяводы Шчарбатаў і Змееў заклікалі да асцярожнасці і спасылаліся на недахоп інфармацыі аб колькасці непрыяцеля, але князь загадаў атакаваць.

Схема бітвы пад Палонкай

Схема бітвы пад Палонкай

Адыход літвінаў, атака драгун, конніца ў тыле маскавітаў

Спачатку палякі і літвіны адступалі. 

У пераслед суперніка Хаванскім быў пасланы полк Змеева, які пры пераправе праз раку трапіў у засаду. Драгуны Чарнецкага з дзвюма гарматамі адкрылі агонь збоку, а затым салдат Змеева атакавалі каронныя гусары. 

Крылаты гусар

Крылаты гусар


Маскоўскі полк не паспеў разгарнуцца і перастроіцца. З сур’ёзнымі стратамі паранены Змееў быў змушаны адступіць. Гэта раз’юшыла Хаванскага, і ён сам вырашыў узначаліць сустрэчную атаку сваёй арміі. Разлік Хаванскага аказаўся правільным. Літоўскія харугвы, не вытрымліваючы напору маскоўскіх войскаў, пачалі адступаць. Як успамінаў Павел Сапега: «калі мы ўжо ў агні стаялі, конніца нас з тылу абышла, ад гэтага займелі мы вялікія цяжкасці… бо нас ужо было атачылі». Але Хаванскі недаацаніў колькасць літвінаў, якія мелі перавагу, і не змог здабыць поспех.

У гэты час Чарнецкі паслаў конныя часткі ў абыход левага фланга арміі Хаванскага. Стралецкая засада аказалася занадта слабай, і контратака рэйтараў не змагла спыніць наступ ветэранаў шведскай вайны. Конніца выйшла ў тыл маскоўскай арміі.

Гусары атакуюць!


Атака гусараў

Атака гусараў

Узначаліўшы эліту каронных войскаў, Чарнецкі атакаваў у цэнтр. Драгуны занялі пераправу цераз раку і пры падтрымцы кавалерыі захапілі пазіцыі маскоўскай артылерыі. Да гэтага часу харугвы пад камандаваннем Сапегі перайшлі ў контрнаступленне. 

Зыход вырашыла атака гусараў, якая перакуліла і разбіла маскоўскую конніцу. Тут жа ў палон трапіў ваявода Шчарбатаў.

Далей супраціўляцца было немагчыма. Чарнецкі аддаў загад конніцы атакаваць. Ад страшнай разні выратаваліся і змаглі ўцячы толькі 800 стральцоў і 400 салдат.

Бітва была выйграна, а страшны Хаванскі, які з мінулага года катаваў Вялікае Княства Літоўскае, і яго жаўнеры ўцякалі, ратуючы свае жыцці.

Панцырны гусар Літоўскага войска

Панцырны гусар Літоўскага войска

Вызваленне Ляхавічаў

Летні дзень быў у разгары, бо бітва скончылася каля 12-й гадзіны. На полі бітвы войскі доўга не затрымліваліся і яшчэ ў той самы дзень рушылі далей. Першай мэтай былі Ляхавічы ўласнасці Паўла Сапегі. 

Па ваколіцы разыходзілася вестка пра вялікую перамогу. Дайшла яна і за муры Ляхавіцкай фартэцыі. Даведаўшыся пра набліжэнне сваіх, адважны камендант Ляхавічаў Станіслаў Міхал Юдыцкі зрабіў вылазку і прычыніў сур’ёзныя страты маскоўскай пяхоце, якая заставалася на валах. Захапіўшы гарматы, ён абярнуў іх супраць непрыяцеля.

Ян Пасек у бітве пад Палонкай

Ян Пасек у бітве пад Палонкай

На світанні 29 чэрвеня пад Ляхавічамі з’явілася ўся польска-літоўская армія.

У войску Чарнецкага служыў знакаміты мемуарыст Ян Пасек, які занатаваў урачысты ўваход жаўнераў у Ляхавічы:


«У дзень Найсвяцейшай Панны ўязджае Чарнецкі ў Ляхавічы. Насустрач яму хрэсным ходам выйшлі законнікі, шляхта, шляхцянкі і хто толькі быў у гэтай аблозе. “Вітаем! — крычаць яны, — сардэчна запрашаем, непераможны правадыр, калі ласка, ад Бога пасланы нам абаронца!” З гармат лупілі моцна. А пасля цудоўнае набажэнства, казанні, віншаванні, хвала Богу, і паўсюль поўна радасці, перамешанай з плачам…»

А што далей?   

Паражэнне арміі Хаванскага пад Палонкай змяніла суадносіны сіл бакоў на літоўскім тэатры ваенных дзеянняў. Стратэгічная ініцыятыва маскавітамі была ўпушчаная. Удар польска-літоўскіх войскаў сарваў план наступлення на Варшаву. Адбыўся небывалы разгром пасля цэлага шэрагу бесперапынных перамог маскоўскага войска… 

У рукі пераможцаў трапілі ўсе маскоўскія гарматы, шмат іншай зброі. Захоплены былі таксама ўсе боепрыпасы ворага, дасталіся ўсе запасы харчу, нарыхтаванага для маскоўскіх жаўнераў. Было здабыта шмат маскоўскіх харугваў, у тым ліку вялікая царская харугва, якую Хаванскі атрымаў ад цара Аляксея Міхайлавіча пры ад’ездзе ў літоўскі паход.

Памятны знак на месцы бітвы

Памятны знак на месцы бітвы


Наступствам перамогі пад Палонкаю стаў пачатак карыснага для Рэчы Паспалітай пералому ў вайне з Масквой і вызваленне Вялікага Княства Літоўскага.