Па «справе Гаюна» адбылося ўжо як мінімум 6 судовых працэсаў. Хронікі рэпрэсій 11 ліпеня

Апошнія месяцы ў Беларусі працягваюцца затрыманні ў межах крымінальнай справы за перадачу інфармацыі «Беларускаму Гаюну». Як паведамлялі былыя вязні Акрэсціна, затрыманні адбываюцца ў межах арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Большасць затрыманых — мужчыны.

1_1097_1.png

Паводле інфармацыі «Вясны», ужо адбылося як мінімум 6 судовых працэсаў па гэтай справе.

Праваабаронцам вядома пра як мінімум 26 пацверджаных(!) фігурантаў «справы Гаюна», якіх змясцілі пад варту. Агульная ж лічба затрыманых значна больш.

Гісторыка, які працаваў у ваенкамаце ў Мастах, асудзілі па цэлым пакеце палітычных артыкулаў

У Гродзенскім абласным судзе адбыўся разгляд справы Яўгена Шляхцёнка, супрацоўніка Мастоўскага ваенкамата. 37-гадовага жыхара вёскі Вялікія Сцепанішкі судзілі па трох палітычных артыкулах:

уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання (ч. 3 арт. 361-1)

заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі (ч. 3 арт. 361)

садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1. арт. 361-4).

Па самым цяжкім з гэтых артыкулаў яму пагражала ад 4 да 12 гадоў калоніі.

Мяркуючы па інфармацыі з сацсетак, Шляхцёнак нарадзіўся ў Краснасельскім у Ваўкавыскім раёне. Вучыўся на настаўніка гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў зваршчыкам і на СТА. У 2015 годзе ўладкаваўся ў ваенкамат Мастоўскага раёна, дзе займаўся ўлікам афіцэраў запасу.

Апошні раз Яўген быў анлайн у кастрычніку 2024 года.

Прысуд набыў моц, 11 ліпеня 2025 года Шляхцёнка ўключылі ў спіс «экстрэмістаў», піша «Наша Ніва».

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 45 прозвішчаў — цяпер у ім 5511 чалавек

11 ліпеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі гомельскага праграміста Дзмітрыя Хамянкова, шэф-кухара з Браслава 44-гадовага Юрыя Андрукіна, асуджанага за «абразу Лукашэнкі», а таксама 28 чалавек, асуджаных паводле арт. 342 КК.

«Вясна» публікуе апошнюю версію спіса.