«Беларускія ўлады не змаглі прымяніць мінімум гнуткасці для пошуку ўнутранага прымірэння»

Незалежная экспертка, кандыдатка гістарычных навук Роза Турарбекава на партале «Наше мнение» разважае пра розніцу беларускага і казахстанскага досведу пратэстаў.

kalaz.jpg

Перад уладам Беларусі і Казахстана ў апошнія гады паўставалі падобныя пытанні: што рабіць падчас пратэстаў і як справіцца з іх наступствамі? Як захаваць баланс паміж унутранай нестабільнасцю і знешняй залежнасцю ад Расіі? Якую пазіцыю заняць у дачыненні да вайны Расіі ва Украіне, каб і самім не стаць наступнай ахвярай агрэсіўнай імперскай палітыкі Крамля? Аднак пры падабенстве палітычных працэсаў можна зафіксаваць адрозненне ў стратэгіях паводзін уладаў — і ў выніках гэтых рашэнняў, піша Роза Турарбекава.

Як пры пратэстах і пазбегнуць санкцый і падзення рэжыму

Напярэдадні вайны ў студзені 2022 года па Казахстане пракацілася хваля пратэстаў. Маштаб наступстваў сацыяльнага выбуху дагэтуль няясны, але спробы іх купіраваць выглядаюць досыць паспяховымі. Нягледзячы на прамую пагрозу захаванню прэзідэнцкага кантролю над сілавымі структурамі, Такаеву ўдалося купіраваць крызіс.

У выніку студзеньскіх падзей загінулі 238 чалавек, а ў турмах знаходзіцца 22 палітвязняў. Казахстанскія праваабаронцы патрабавалі міжнароднага расследавання, бо войска і паліцыя ўжывалі на вуліцах агнястрэльную зброю.


У адрозненне ад беларускага кейса, улады Казахстана спрабуюць знайсці формулу прымірэння ўнутры краіны. Былі адкрытыя справы па фактах прымянення катаванняў, суды вядуць разбіральніцтвы адносна выкарыстання зброі супраць мірных пратэстоўцаў. Прынятая 19 верасня новая Канстытуцыя Казахстана скараціла ўладу прэзідэнта, былі вынятыя артыкулы адносна статусу Елбасы, узмоцнена пазіцыя судовай улады і амбудсмена па правах чалавека. Усе адыёзныя заявы адносна замежнага ўмяшання і баевікоў былі вынятыя з прамоваў і фактычна дэзавуяваныя.

Нягледзячы на ўвод войскаў АДКБ і колькасць забітых, не было пачата міжнароднае расследаванне і не былі ўведзеныя санкцыі ў дачыненні да ўладаў Казахстана. Прэзідэнт і міністр замежных спраў былі пастаянна на сувязі з лідарамі і дзяржаўнымі дзеячамі іншых дзяржаў, уключаючы Кітай і ЗША.

Ізаляцыянізм і адвага

Дыпламатычная гнуткасць казахстанскага кіраўніцтва рэзка кантрастуе з жорсткім ізаляцыянізмам беларускага рэжыму. У прыватнасці, падчас пратэстаў жніўня 2020 года Лукашэнка адмовіўся ад кантактаў з канцлеркай Германіі і прэзідэнтам Францыі. Нават нягледзячы на відавочна меншую колькасць загінулых падчас пратэстаў у Беларусі (паводле розных ацэнак ад 8 да 10+), у выніку рэжым аказаўся ў ізаляцыі, і гэтая ізаляцыя разам з санкцыйным рэжымам узмацняюцца.


Рэпрэсіўная палітыка ў дачыненні да пратэстоўцаў і выбар на карысць падаўлення грамадзянскай супольнасці сведчаць пра значна больш кансерватыўны падыход у пытанні захавання і ўзмацнення аўтарытарызму. Да пачатку 2023 года кааліцыя беларускіх праваабарончых арганізацый прызнала палітвязнямі 1446 чалавек.

Беларускія ўлады, у адрозненне ад казахстанскіх, не змаглі праявіць нават мінімум гнуткасці як для пошуку ўнутранага прымірэння, так і для змякчэння міжнароднай рэакцыі на падаўленне пратэстаў.

Вайна: няроўныя стартавыя ўмовы

Параўноўваць пазіцыі Беларусі і Казахстана ў кантэксце пачатку расійскага ўварвання ва Украіну складаней, бо стартавыя пазіцыі былі кардынальна рознымі.

Ва ўмовах разбурэння нармальных адносінаў з Захадам і ўзмацнелай з восені 2020 года фінансавай і палітычнай залежнасці ад Расіі, рэжым Лукашэнкі самапазіцыянаваўся як антызаходні і самы прарасійскі. Беларусь стала плацдармам для агрэсіі Расіі супраць Украіны. Акрамя таго, тэрыторыя Беларусі застаецца стратэгічна важнай з пункту гледжання расійскіх захопніцкіх планаў ва Украіне. Лукашэнка дэманстраваў поўную лаяльнасць у падтрымцы так званай «спецыяльнай ваеннай аперацыі» Крамля, звяртаючыся да адкрыта ілжывых заяў.

Да 24 лютага палітычная сітуацыя ў Казахстане стабілізавалася. Ужо 6 студзеня было арыштавана ўсё вышэйшае кіраўніцтва спецслужбы КНБ на чале з Карымам Масімавым. 19 студзеня завяршыўся вывад войскаў АДКБ. 3 лютага Такаеў здзейсніў свой першы працоўны візіт пасля студзеньскіх пратэстаў. Сімвалічна, што гэта быў Кітай. Так дыпламатычна было падкрэслена значэнне Пекіна для Казахстана ў новых палітычных умовах.

За місію АДКБ дзякуй, а тытунец паасобку

У адрозненне ад беларускага кіраўніцтва, казахстанскае з самага пачатку выступала супраць вайны. Антываенная пазіцыя не выяўлялася востра, у відавочнай форме, але за дыпламатычнымі фармулёўкамі стаяла пярэчанне.

За два дні да пачатку вайны міністр замежных спраў Казахстана заявіў пра немагчымасць адпраўкі войск краін-членаў АДКБ у самаабвешчаныя «ЛНР» і «ДНР». А 1 красавіка намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Цімур Сулейменаў заявіў, што «Казахстан паважае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і прытрымліваецца ўсіх рашэнняў ААН па Крыме і Данбасе». І хаця пазней былі зроблены спробы змякчыць уражанне ад дэмарша Сулейменава, але гэтая мяккая антываенная пазіцыя пасля неаднаразова пацвярджалася.


Унутры казахстанскага грамадства склалася неадназначнае стаўленне да вайны, якое патрабуе асобнага разгляду. Але дзяржаўная пазіцыя выяўляецца менавіта такім чынам: за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, супраць квазідзяржаўных утварэнняў «ЛНР», «ДНР» і іншых. Адказы Такаева на пытанні крамлёўскай прапагандысткі Сіманян на «Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме» ў чэрвені 2022 года насілі недвухсэнсоўны антываенны і антысепаратысцкі характар.

Гэтая пазіцыя прэзідэнта Казахстана, яго адміністрацыі і МЗС блізкая да таго, што калісьці вылучаў Кітай у якасці барацьбы супраць трох бед: сепаратызму, экстрэмізму і тэрарызму. І ключавое значэнне мае барацьба з сепаратызмам. Для Кітая гэта Сінечу-Цзянь, Тыбет і Тайвань. Для Казахстана гэта можа выяўляцца ў страху за свае паўночна-ўсходнія тэрыторыі, напрыклад горад Усць-Каменагорск, дзе колькасць этнічных рускіх найбольшая ў Казахстане — больш за 48% (170 тысяч чалавек). Для Беларусі пытанне аб сепаратызме не стаіць так востра. Магчыма, гэта з'яўляецца яшчэ адной прычынай адрозненняў у пазіцыях.