Б'юць па прыватных аптэках: хутка там нельга будзе набываць рэцэптурныя лекі

Большасці камерцыйных аптэк прыйдзецца несалодка. Гэта звязана з пастановай Міністэрства аховы здароўя, якая ўступае ў сілу з 1 чэрвеня.

Фота: Белфармацыя

Фота: Белфармацыя

Што адбылося?

Цяпер у Беларусі, паводле звестак ilex.by, працуе каля 3600 аптэк. Дзяржаўнай сетцы «Белфармацыя» і рэгіянальным «Фармацыям» належыць каля 1850 кропак, адпаведна, амаль палову рынку займаюць камерцыйныя сеткі, піша «Люстэрка».
Усе аптэкі краіны дзеляцца на пяць катэгорый. Першая катэгорыя — вытворчыя. Іх плошча -- не менш за 100 квадратных метраў. І акрамя гандлёвай залы яшчэ пад дзясятак розных памяшканняў для работнікаў, вытворчасці і захоўвання лекаў. Другая катэгорыя — буйныя аптэкі плошчай ад 60 «квадратаў» з гандлёвай залай, памяшканнямі для персаналу і захоўвання лекаў. Аптэкі трэцяй катэгорыі ствараюцца ў сельскіх населеных пунктах, чацвёртай — у арганізацыях аховы здароўя.
Да пятай катэгорыі асаблівых патрабаванняў раней не было — толькі плошча не меншая за 25 м². Гэта звычайныя невялікія аптэкі, якія сустракаюцца ў жылых дамах, гандлёвых цэнтрах, на вакзалах і ў іншых ажыўленых месцах.
Пад сур'ёзны ўдар у сувязі з новай пастановай Міністэрства аховы здароўя трапляюць менавіта аптэкі пятай катэгорыі. Да іх адносіцца большасць камерцыйных аптэк Беларусі, якія рэдка займаюць памяшканні большыя за 60 «квадратаў». Згодна з папраўкамі, зараз аптэкі пятай катэгорыі змогуць прадаваць толькі тыя лекавыя прэпараты, на якія не патрабуецца рэцэпт урача. Невялікія дзяржаўныя аптэкі з-пад удару выведзены: для іх Міністэрства аховы здароўя зрабіла выключэнне.

«Хто захоча хадзіць па розных аптэках?»

Аляксандра працуе правізарам у прыватнай аптэцы ў Наваполацку. Паводле яе слоў, новая пастанова Міністэрства аховы здароўя сур'ёзна паўплывае на работу камерцыйных аптэк у яе горадзе.
— У цэлым рэцэптурных прэпаратаў у нас каля 30%. Але гэтыя змены ў любым выпадку значна знізяць тавараабарот, — кажа правізар. — Хто захоча хадзіць па розных аптэках і збіраць рэцэптурныя і безрэцэптурныя назначэнні ад лекара? Натуральна, спажыўцу прасцей схадзіць у тое месца, дзе ён зможа купіць усё і адразу.
Дзяўчына расцэньвае такія змены як «звычайную манаполію і выцясненне прыватных сетак з фармацэўтычнага рынку». Таксама яна ўспамінае, што ў пачатку 2021 года некаторыя прэпараты дазволілі адпускаць без рэцэпту з-за пандэміі каронавіруса, а зараз іх «проста могуць вярнуць назад у пералік рэцэптурных».
У Наваполацку з-за змен, па словах Аляксандры, праблемы могуць закрануць каля 90% камерцыйных аптэк, бо тыя з'яўляюцца аптэкамі пятай катэгорыі.
Яшчэ адна наша суразмоўніца — правізар Людміла — працуе ў прыватнай сетцы аптэк у Мінску. Яе кіраўніцтва ўжо забараняе заказваць са склада больш за 1-2 упакоўкі рэцэптурных прэпаратаў, бо распрадаць іх трэба да 1 чэрвеня.
— Таму цяпер часта даводзіцца адмаўляць пацыентам з-за таго, што няма запасу антыбіётыкаў. Прэпараты ў ін'екцыях часта ляжаць доўга ў продажы, таму зараз мы іх увогуле не бяром. Антыдэпрэсанты ідуць рэдка, але ўсё роўна рух ёсць, — тлумачыць яна сітуацыю. — Або снатворныя: у нас у раёне шмат пажылых людзей з парушэннямі сну, ім усім выпісваюць. Хутка такім пацыентам давядзецца ехаць некалькі прыпынкаў да бліжэйшай дзяржаўнай аптэкі або прыватнай аптэкі другой катэгорыі. Многія мае знаёмыя незадаволены, што зноў у нас будзе ўсё не як у людзей. Нельга проста выйсці з дому ў суседнюю аптэку і купіць патрэбныя лекі.

«З нашай адукацыяй асабліва нікуды не пойдзеш»

Анастасія — фармацэўт адной з мінскіх прыватных аптэк. Дзяўчына адзначае, што колькасць рэцэптурных прэпаратаў у той ці іншай аптэцы залежыць ад яе размяшчэння. Іх больш у аптэках побач з паліклінікай ці бальніцай. І там гэта значная частка выручкі.
— Важна тое, што чалавек прыходзіць да цябе з рэцэптам, і паралельна купляе і іншыя лекі, якія яму патрэбныя. Звычайна людзі купляюць усё ў адным месцы, каб нікуды не хадзіць. Таму ў гэтым плане таксама будуць страты выручкі, — разважае фармацэўт. — Яшчэ пытанне ў тым, як астатнія аптэкі будуць спраўляцца з нагрузкай. Цяпер тавар падоўгу стаіць на межах, і з-за гэтага фарміруецца вялікая дэфектура (дэфіцыт тавару). Дзяржаўная сетка ўвогуле шмат чаго нават і не заказвае.
Дзяўчына кажа пра хваляванні сярод супрацоўнікаў, бо некаторыя аптэкі могуць проста аказацца нерэнтабельнымі і закрыцца.
— Пакуль дакладна ніхто не можа сказаць, ці пратрымаецца тая ці іншая аптэка і колькі. Некаторым плошча дазваляе перайсці ў аптэку другой катэгорыі і працягнуць рэалізацыю рэцэптурных лекаў, але не ўсім, — апісвае сітуацыю Анастасія. — Цяпер кіраўніцтва загадзя плануе, якія аптэкі могуць стаць нерэнтабельныя. Супрацоўнікі хвалююцца, таму што на рынку апынецца шмат вольных кадраў, а з нашым станам медыцынскай адукацыі нікуды асабліва і не пойдзеш.
Анастасія адзначае, што з фармацэўтычнай адукацыяй у Беларусі можна працаваць альбо ў аптэцы, альбо фармпрадстаўніком, але кампаній, якія маглі б узяць на такую працу, у краіне засталося мала. Па словах дзяўчыны, многія яе калегі ўжо сур'ёзна думаюць кардынальна змяніць сферу дзейнасці.
Яшчэ адзін наш суразмоўца — Дзмітры — правізар адной з прыватных мінскіх аптэк. Апісвае новую пастанову Міністэрства аховы здароўя як «чарговы перадзел рынку пры дапамозе адміністрацыйнага рэсурсу».
— Незадаволеныя як работнікі прыватных аптэк, так і дзяржаўных, таму што для іх павысіцца нагрузка яшчэ больш. У іх жа і так манаполія на абслугоўванне льготных рэцэптаў, — кажа мужчына. — «Рэцэптуркі» ў нас каля чвэрці асартыменту цяпер. Яна не прыносіць істотную долю выручкі непасрэдна, хаця ёсць і дарагія пазіцыі. Аднак галоўная праблема ў тым, што яна працуе на пашырэнне асартыменту і прыцягвае людзей.
Наш суразмоўца спадзяецца, што ўлады неяк падкарэктуюць змены або «адкацяць» іх у выпадку абурэнняў супрацоўнікаў пасля 1 чэрвеня. На яго думку, гэтыя папраўкі ўскладняюць жыццё людзей «без усялякай на тое прычыны».
— Некаторыя рэцэптурныя прэпараты наша сетка імпартавала ў Беларусь, і кошты былі самыя нізкія, што таксама ўплывала на тавараабарот. Што зараз будзе — пакуль незразумела. Яшчэ ёсць заканадаўчая калізія, калі

мы павінны мець спіс прэпаратаў у аптэцы, у тым ліку рэцэптурных, але прадаваць іх будзе нельга.

Такія вось «Вакацыі ў Прастаквашына».
Пакуль што Дзмітрый не робіць прагнозаў наконт скарачэнняў работнікаў ці закрыцця аптэк. Ён лічыць, што вопытныя кадры застануцца на сваіх месцах, але вось новым фармацэўтам, якія толькі выпусціліся, будзе цяжкавата знайсці працу. Таксама змены могуць негатыўна паўплываць на заробкі работнікаў.