Гандаль суверэнітэтам упісаны ў формулу палітычнага выжывання Лукашэнкі
Што цяпер засталося ад некалі «царскіх паўнамоцтваў» Лукашэнкі? Як «гарант суверэнітэту» ператварыўся ў прадаўца незалежнасці? Ці давераць Качанавай заняць пасаду прэзідэнта? Ці магчымы транзіт улады, які Лукашэнка абяцае яшчэ з дарэвалюцыйных часоў? «Новы Час» пагутарыў з акадэмічным дырэктарам BISS Пятром Рудкоўскім.
Шматлікія ролі Лукашэнкі: ад рупара Крамля да Жырыноўскага
— Лукашэнка амаль тры дзясяткі гадоў збіраў усе нітачкі ўлады ў сваіх руках. Нават у 2020 годзе, калі бегаў з аўтаматам па Мінску, з’яўляўся стрыжнем, вакол якога аб’ядноўвалася вертыкаль. Але за мінулыя тры гады многае змянілася. Унутраная палітыка ператварылася ў няспынны паток рэпрэсій, які ажыццяўляюць сілавыя структуры; Лукашэнка персанальна стаў рупарам Крамля, а беларускае МЗС — філіялам расійскага. Фармальна ён аддае загады, праводзіць нарады, блытае народ сваімі супярэчлівымі заявамі. Але да чаго звялася роля Лукашэнкі на практыцы?
— У яго шмат роляў. Інфармацыйны рупар Крамля — яго сталая роля апошнія прыблізна паўтара года. Ёсць роля «гаранта» для часткі наменклатуры і сілавікоў, якія не жадаюць, каб Беларусь стала часткай Расіі, і пры гэтым не жадаюць, каб да ўлады прыйшлі, як яны кажуць, «бэчэбэшнікі». Я б вылучыў яшчэ ролю... Жырыноўскага — скандальнага прамоўцы, які прамаўляе ад імя Крамля рэчы, якія Крамлю агучваць не выпадае. Гэта няпоўны спіс, але я да таго, што Лукашэнка выконвае шмат роляў.
Што тычыцца залежнасці беларускага аўтакрата ад Крамля і тэзіса, што МЗС стаў «філіялам» расійскага... Ну, па-першае, у свой «філіял» Крэмль, напэўна, не прызначаў бы міністрам асобу, уся кар'ера якой, уключна з прафесійнай стажыроўкай, праходзіла ў заходнееўрапейскім полі (а Сяргей Алейнік, якога паўгода таму Лукашэнка прызначыў на месца памерлага Макея, менавіта такая асоба).
Па-другое, Лукашэнка не зацікаўлены стаць поўным васалам Крамля, і, пакуль Беларусь захоўвае фармальныя атрыбуты незалежнай дзяржавы, у яго застаецца нейкае поле для манеўру. Яно даволі вузкае, але параўнабельнае з тым, якое было ў часы халоднай вайны, напрыклад, у кіраўнікоў Польшчы або Чэхаславакіі.
«Лукашэнка заўсёды вяртаўся ў каляіну антынезалежнасці»
— Калі «гарант незалежнасці», як любіў сябе называць сам Лукашэнка, ператварыўся ў гандляра суверэнітэтам?
— На двух этапах. Першы — калі пасля выбуху пратэстаў паехаў прасіць падтрымкі ў Пуціна ўзамен за лаяльнасць і ўзнаўленне так званай паглыбленай інтэграцыі. Другі раз — калі выступіў дзейсным саюзнікам Расіі ў агрэсіі супраць Украіны. Цягам гэтых двух этапаў было спалена шмат мастоў для адступлення — як мастоў з прыхільнікамі перамен унутры краіны, так і мастоў з заходнім светам.
Быў яшчэ «нулявы этап» — гэта яго антынезалежніцкая палітыка другой паловы дзевяностых, якая і вылілася ў падпісанне дамовы «аб стварэнні Саюзнай дзяржавы», якая была запраектавана менавіта як адна суцэльная дзяржава — з агульнымі органамі кіравання, агульнымі пашпартамі, адной валютай і гэтак далей. Пасля прыходу да ўлады Пуціна Лукашэнка пачаў дыстанцыявацца ад свайго дзецішча, але гэта ўжо іншая гісторыя.
Тым не менш, тая антынезалежніцкая палітыка на пачатку яго прэзідэнцкай кар'еры сталася базавай каляінай яго прэзідэнцтва: незалежна ад таго, наколькі далёка прасунутым было збліжэнне з Захадам, лібералізацыя або беларусізацыя, і незалежна ад таго, наколькі сам Лукашэнка, магчыма, жадаў выбрацца з гэтай каляіны, пры любым крызісе або хаця б часовых праблемах ён вяртаўся ў гэту каляіну. Гандаль суверэнітэтам, можна сказаць, упісаны ў формулу палітычнага выжывання Лукашэнкі.
— 27 красавіка ў Веткаўскім раёне Лукашэнка абрынуўся на моладзь: «Ах, моладзь у нас добрая, добрая! Так, добрая. Але працаваць не ўмеюць і не хочуць. Яны не зробяць, яны не ўтрымаюць краіну». Сказана за 10 месяцаў да пачатку новага электаральнага цыкла. Гэта варта ацэньваць як заяўку на ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі?
— Наўрад ці гэта мае сувязь з будучымі выбарчымі кампаніямі. Яго выказванне пра моладзь — частка яго маралізатарска-патэрналісцкага стылю кіравання, частка яго тоеснасці як «бацькі». Ён пастаянна кагось павучае, настаўляе, лае — то міністраў, то прадпрымальнікаў, то айцішнікаў, ну а вось цяпер моладзь, якая, маўляў, толькі і ўмее пальцам тыцкаць у смартфон.
«Качанава ў якасці прэзідэнта ўспрымаецца Лукашэнкам як бяспечны варыянт»
— Між іншым, тыднем раней з праграмным інтэрв’ю ў «СБ. Беларусь сегодня» выступіла Наталля Качанава. І яна распачынае прэзідэнцкую кампанію?
— Гіпотэза аб Качанавай як імавернай пераемніцы, думаю, небеспадстаўная. І тут справа не толькі ў яе нядаўнім інтэрв'ю (хоць яно таксама даволі сімптаматычнае). Цягам ужо доўгага часу Качанава рэгулярна, тры-чатыры разы на тыдзень, з'яўляецца ў цэнтральных СМІ рэжыму, у загалоўкі або падзагалоўкі выносяцца тыя выказванні, якія маюць загадна-нарматыўны характар. Апроч таго, калі прыняць, што Лукашэнка збіраецца стаць старшынёй Усебеларускага народнага сходу і сысці з пасады прэзідэнта, то Качанава ў якасці прэзідэнта, мяркую, успрымаецца Лукашэнкам як даволі бяспечны варыянт. Бо, па-першае, наўрад ці прыходзіцца чакаць ад Качанавай манёўру а-ля Такаеў, які брутальна прагнаў з сістэмы свайго патрона. А па-другое, на выпадак, калі б нешта такое прыйшло ў яе галаву, ягоны «мужчынскі» кантроль над сілавымі структурамі праз УНС і Савет Бяспекі прывёў бы да таго, што яна не мела б шанцаў выйграць гэту міжусобіцу і яе чакаў бы лёс Су Чжы ў М'янме.
Тры сцэнары транзіту ўлады
— Беларусь мае патрэбу ў перазапуску адносін з навакольным светам. Але старая гвардыя не жадае расчапляць ссінелыя рукі і дзяліцца ўладай. Ці магчымы гэты перазапуск, калі ва ўладзе застанецца Лукашэнка ці нават Качанава?
— Калі не здарыцца чагось катастрафічнага (анексія Беларусі Расіяй або пашырэнне вайны на беларускую тэрыторыю), то перазапуск у агляднай будучыні цалкам магчымы. Ён можа адбыцца двума трэкамі. Першы — гэта транзіт улады «без пабочных эфектаў», калі ў рамках існуючай сістэмы прэзідэнтам становіцца асоба, якая ўспрымаецца як менш таксічная, чым папярэднік. То-бок нешта падобнае, што адбылося ў камуністычнымі Кітаі ў 80-х гадах. Што праўда, там сыход папярэдніка (Маа) палягаў у яго смерці, але фізічная смерць у такіх выпадках не ёсць ключавым фактарам. Другі трэк або сцэнар — гэта «транзіт з пабочнымі эфектамі», як тое было ў сямідзясятыя гады ў Партугаліі і Іспаніі. Пераемнікам становіцца правераны прадстаўнік рэжыму, але ці то пад прэсінгам рэфарматарскай часткі чынавенства, ці то з-за ўнутраных перакананняў пераемніка запускаюцца дэмакратычныя механізмы, якія прыводзяць у выніку да структурных змен.
Канешне, магчымы і трэці трэк — гэта калапс аўтарытарнай сістэмы і прыход да ўлады дэмакратычных сіл, якія зараз знаходзяцца па-за сістэмай. Калі Расія прайграе ў вайне з Украінай (спадзяемся на гэта) і пагрузіцца ва ўнутраныя разборкі, то гэты трэці трэк даволі рэалістычны.