Пралятаючы міма суверэнітэту

Для ўладаў гэта быў тыдзень палётаў. Так, яны лёталі, хто куды, а ў выніку праляцелі міма суверэнітэту і суб’ектнасці. Прынамсі, па іх рэакцыі можна бачыць, што ў іх той самай суб’ектнасцю і не патыхае.

Новы верталёт Лукашэнкі. Фота з "экстрэмісцкага" сайту 

Новы верталёт Лукашэнкі. Фота з "экстрэмісцкага" сайту 


Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка разам з урадавай дэлегацыяй адправіўся ў турнэ па расійскіх рэгіёнах. Як паведамілі ў прэс-службе ўрада, ён правядзе перамовы з кіраўніцтвам Новасібірскай, Іркуцкай і Свярдлоўскай абласцей Расійскай Федэрацыі. Асноўнымі тэмамі стануць прамысловая кааперацыя і імпартазамяшчэнне. Таксама беларуская дэлегацыя наведае мясцовыя прадпрыемствы, сустрэнецца з дзелавымі коламі расійскіх рэгіёнаў.

І ўжо ёсць першыя вынікі. Галоўчанка сустрэўся з губернатарам Новасібірскай вобласці Андрэем Траўнікавым. «Як мне далажылі, ужо падчас гэтага візіту напрацаваныя і будуць падпісаныя кантракты на пастаўку тэхнікі, абсталявання і прадукцыі на суму больш за 13 млн долараў», — сказаў беларускі прэм’ер.

Паводле яго слоў, паказальным у Новасібірску з'яўляецца ўзаемадзеянне БелАЗа і «Сібэлектрапрывада», яшчэ адным перспектыўным праектам ён назваў сумеснае прадпрыемства «Белкамунмаша».

Але ўзнікае пытанне: гэта дакладна ўзровень прэм'ер-міністра? Чаму прадстаўнікі БелАЗа і «Белкамунмашу» не могуць зрабіць гэта без Галоўчанкі? Калі аддзел збыту таго ж БелАЗа не можа заключыць дамову без прэм'ера — навошта такі аддзел? Трэба ўсіх звольніць і наняць іншых, больш кампетэнтных.

Ці, можа, Галоўчанка атрымлівае «адкаты» за «пасрэдніцкую дзейнасць» у пытаннях супрацы гэтых прадпрыемстваў і расійскіх рэгіёнаў?

Вось ужо дзе патрэбная «ліквідацыя пасрэднікаў», пра якую так доўга казаў Лукашэнка. І цяпер зразумела, чаму ён пра гэта так доўга казаў. Напэўна, ён успрымае пасрэднікаў, як Галоўчанку, які, уласна кажучы, сапраўды лішні ў гэтым эканамічным ланцужку. Бачна, Лукашэнка лічыць, што ўсе астатнія «пасрэднікі» такія ж, як прэм'ер, таму і ставіцца да іх адпаведна.

А вось там, дзе прэм'ер-міністр патрэбны, яго няма.

Пасол Кітая ў Францыі Лу Шае заявіў, што краіны былога Савецкага Саюза «не маюць эфектыўнага статусу ў міжнародным праве, паколькі не існуе міжнароднага пагаднення, якое б канкрэтызавала іх статус як суверэнных краін». Якой канкрэтызацыі хацеў пасол, незразумела, паколькі нават у дамове аб утварэнні СССР прадугледжвалася магчымасць выхаду рэспублік з Саюза.

І, апроч таго, Беларусь, як і Украіна, былі ў ліку заснавальнікаў ААН. Здавалася б, чаго яшчэ трэба кітайскаму амбасадару? Але не.

Літва, Латвія, Украіна — адразу ж асудзілі заявы кітайскага амбасадара. А вось МЗС Лукашэнкі вырашыў адмаўчацца (у прынцыпе, як заўсёды). І маўчаў так доўга і ўпарта, што ў выніку за незалежнасць і суверэнітэт Беларусі вымушана была заступіццаСвятлана Ціханоўская, якая назвала словы пасла КНР у Францыі абсалютна недапушчальнымі і нагадала, што Кітай быў сярод першых краін, які прызнаў незалежнасць Беларусі ў 1991 годзе.

І вось пасля гэтага, вядома, узнікае пытанне — а хто ў Беларусі беларуская ўлада? Чаму нібыта ўлада не рэагуе, калі службовыя асобы іншай краіны ставяць пад пытанне яе суверэнітэт, незалежнасць і суб'ектнасць? Можа, таму, што яна, тая нібыта ўлада, насамрэч не адчувае сябе суверэннай і суб'ектнай?

Наогул, тыдзень быў поўны дзіўных выпадкаў і заяў. Напрыклад, Лукашэнка не паляцеў у чарнобыльскія раёны. Да 2022-га, да ўварвання Расіі ва Украіну, ён іх наведваў, а цяпер — не. Хаця верталёт у яго быў пад бокам — напярэдадні на ім ён злётаў у Гродна на хакей і чамусьці амаль на пяць гадзін затрымаўся ў Віскулях.

У мінулым годзе такое ненаведванне можна было патлумачыць вайной. Але цяпер…

Імаверна, беларускі кіраўнік мяркуе, што чарнобыльская праблема ўжо вырашаная. Яна заўсёды яму муляла вока. І вось цяпер, нібыта, можна яе пазбавіцца. Тым больш, што ў яго шмат «прыдворных навукоўцаў», якія з радасцю абгрунтуюць яму любую бздуру.

Напрыклад, намесніца дырэктара па навуковай рабоце Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя Сахарава БДУ Марыя Гермянчук заявіла, што ў пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС раёнах Беларусі могуць з'явіцца прадпрыемствы па зборы, апрацоўцы і пахаванні радыеактыўных адкідаў.

«Тут не мае значэння, забруджанае навакольнае асяроддзе ці не. Магчыма, тут з'явяцца прадпрыемствы па вытворчасці кантэйнераў для захоўвання, апрацоўцы адкідаў», — патлумачыла Гермянчук.

Паводле яе, гэтыя пытанні пакуль знаходзяцца на стадыі абмеркавання. Яна адзначыла, што стварэнне новых працоўных месцаў на забруджаных тэрыторыях «станоўча адаб'ецца на сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёнаў».

«Мы ўжо павінны разумець, якую карысць мы можам атрымаць з таго, што маем. Гэта значыць, мы жывём у сітуацыі існуючага апраменьвання. Падзецца нам ад яго няма куды, але жыць-то трэба», — лічыць Гермянчук.

Я не ведаю, хто зрабіў гэтую даму намесніцай па навуковай рабоце. Калі б гэта заявіў ідэолаг — я б паставіўся да гэтага, прынамсі, з разуменнем. Але словы пра тое, што «радыяцыя ёсць, але жыць-то трэба» — гэта ж поўнае трызненне! Якое можа наогул быць «сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёнаў», забруджаных радыяцыяй?

І што значыць «не мае значэння, забруджанае навакольнае асяроддзе ці не»? Прадпрыемствы па вытворчасці чагосьці — гэта непазбежныя будаўнічыя працы, у тым ліку капанні зямлі пад падмуркі. А ўсе мы ведаем, што здарылася з рускімі салдатамі, якія выкапалі акопы ў Рудым лесе пад Чарнобылем.

Ёсць цікавы метад, які дакладна вызначае, ці можна жыць у забруджаных зонах. Гэта — адправіць туды тых, хто сцвярджае, што там можна жыць. Калі яны туды паедуць і там атабарацца, то так, жыць можна. А вось калі спадарыня Марыя Гермянчук бліжэйшым часам не з’явіцца там, дзе «не мае значэння, забруджанае навакольнае асяроддзе ці не» — то…