Аб чарговай дэманстрацыі ўсяму свету злачыннасці Лукашэнкі і яго памагатых — Аб'яднаны пераходны кабінет

Рэжым працягвае парушаць усе магчымыя міжнародныя стандарты абыходжання з вязнямі ў турмах. Аб'яднаны пераходны кабінет выступіў з адмысловай заявай наконт катаванняў Віктара Бабарыкі.

Выбарчы плакат Віктара Бабарыкі. Ілюстрацыйнае фота: РИА «Новости»

Выбарчы плакат Віктара Бабарыкі. Ілюстрацыйнае фота: РИА «Новости»

Аб'яднаны пераходны кабінет Беларусі зрабіў заяву аб умовах турэмнага ўтрымання і стане здароўя Віктара Бабарыкі.

У заяве згадваецца: мінулай ноччу стала вядома пра тое, што  Бабарыка трапіў у бальніцу са слядамі збіцця. Да палітвязня не дапускаюць ні адвакатаў, ні сваякоў. Яго блізкія і грамадскасць не маюць магчымасці ўвачавідкі пераканацца, што яго стан з’яўляецца «здавальняючым», як пра гэта паведамляюць супрацоўнікі бальніцы, дзе ён знаходзіцца.

«Рэжым працягвае парушаць усе магчымыя міжнародныя стандарты абыходжання з вязнямі ў турмах. Само па сабе зняволенне Віктара Бабарыкі, экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта, не мае прававога абгрунтавання і з’яўляецца палітычна матываваным пераследам. Для цывілізаванага свету гэта чарговая дэманстрацыя злачыннасці Лукашэнкі і яго памагатых.

У сувязі з гэтым мы заклікаем да працягу рашучых дзеянняў улад суседніх дэмакратычных краін — найперш Літвы і Польшчы, якія дамагаюцца ад рэжыму Лукашэнкі вызвалення палітвязняў праз закрыццё таварных пагранпераходаў і іншыя меры санкцыйнага характару».

Весці перамоўны працэс з рэжымам аб зняцці санкцый у сітуацыі, калі беларускія палітзняволеныя зведваюць у турмах катаванні, псіхалагічны ціск, рознабаковыя неабгрунтаваныя абмежаванні — недапушчальна і немагчыма, гаворыцца ў заяве Аб’яднанага пераходнага кабінета. «Мы падкрэсліваем, што пачатак перамоў аб паслабленні санкцый магчымы выключна пасля спынення рэжымам рэпрэсій і вызвалення ў першую чаргу палітычных зняволеных, якія не павінны знаходзіцца за кратамі па меркаваннях гуманнасці: людзей з інваліднасцю, цяжкімі захворваннямі, пенсіянераў, непаўналетніх, шматдзетных бацькоў, жанчын».

Аб'яднаны пераходны кабінет патрабуе дапусціць да Віктара Бабарыкі яго адвакатаў і сваякоў, даць магчымасць грамадскасці ўвачавідкі пераканацца ў тым, што стан Віктара Бабарыкі з’яўляецца «здавальняючым» і яму аказваецца ўся неабходная медыцынская дапамога.

Кабінет звяртаецца да міжнароднай супольнасці і заклікае «напоўніцу выкарыстоўваць інструмент санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі як самы адэкватны цывілізаваны спосаб прыцягнення злачынцы да адказнасці за бесперапынныя злачынствы з яго боку супраць чалавечнасці».

 

Учора ўвечары, 26 красавіка,  з падобнай заявай выступіла Святлана Ціханоўская: «Сёння ноччу з'явілася інфармацыя, што Віктар Бабарыка трапіў у бальніцу са слядамі збіцця. Мы патрабуем публічна прадэманстраваць, у якім ён стане. Мы патрабуем допуску адвакатаў і сваякоў да яго. Любыя іншыя дзеянні будуць трактавацца як наўмыснае прычыненне шкоды жыццю і здароўю».