Віктар Бабарыка трапіў у лякарню пасля збіцця
Яго стан ацэньваецца як сярэдняй ступені цяжкасці.
Некалькі тэлеграм-каналаў сёння паведамілі пра тое, што палітзняволены Віктар Бабарыка, які ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі 2020 года, трапіў у лякарню з відавочнымі слядамі збіцця.
На дадзены момант вядома, што Віктар Дзмітрыевіч знаходзіцца ў хірургічным аддзяленні Наваполацкай гарадской бальніцы, куды ён паступіў у ноч з 24 на 25 красавіка з папраўчай калоніі №1. Крыніцы паведамляюць, што праз множныя цялесныя пашкоджанні супрацоўнікі медустановы не пазналі Бабарыку — толькі пасля таго, як даведаліся яго прозвішча.
Зараз стан палітзняволенага ацэньваецца як сярэдняй ступені цяжкасці, у яго пнеўматоракс.
Нагадаем, Віктар Бабарыка — былы кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2020 года, найбольш папулярны сярод усіх удзельнікаў апошняй прэзідэнцкай гонкі. За яго вылучэнне кандыдатам прагаласавалі каля 400 тысяч чалавек, але, нягледзячы на гэта, ЦВК, якім на той момант кіравала Лідзія Ярмошына, не зарэгістраваў Бабарыку кандыдатам.
18 чэрвеня 2020 года яго затрымалі разам з сынам Эдуардам, прычым абвінавачанні Бабарыку-старэйшаму выстаўляліся эканамічныя: «легалізацыя злачынных даходаў» і «атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры». А вось прысуд аказаўся палітычным: 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, буйны штраф і шматмільённая кампенсацыя таемнай «шкоды дзяржаве"». Сваю віну Віктар Дзмітрыевіч не прызнаў.
Усіх абаронцаў палітыка пазбавілі ліцэнзій, так што ён фактычна застаўся без адвакатаў, яму самому забаранілі выконваць фізічныя практыкаванні падчас перапынкаў на працы, а людзям, якія знаходзяцца ў калоніі, забаранілі з ім мець зносіны. Сын экс-банкіра Эдуард Бабарыка фактычна ўтрымліваецца за кратамі як закладнік: яму дагэтуль не прад'явілі ніякага абвінавачання, хаця з моманту затрымання прайшло ўжо амаль тры гады.
Пакуль галоўны апанент рэжыму на мінулых выбарах знаходзіцца за кратамі, дзяржава спрабуе распрадаваць яго маёмасць. У 2021-м з малатка сышоў арыштаваны аўтамабіль Ford Fiesta і аптычны прыцэл Victory V8. У 2022 годзе на аўкцыён выстаўлялі аптычны прыцэл і долі ў статутных фондах розных кампаній. Пры гэтым на некаторых лотах хоць і быў пазначаны завінавачаным былы банкір, але належалі яны Эдуарду.
За час знаходжання ў калоніі Віктар Дзмітрыевіч змяніў некалькі відаў працы, прычым кожны раз яму прызначалі ўсё горшую: апальшчык у пякарні, укладчык хлебабулачных вырабаў (увесь час павінен быў знаходзіцца ў памяшканні практычна без вентыляцыі, з тэмпературай плюс 30º), выпальшчык вугалю (6 дзён на тыдзень па 9 гадзін, на вуліцы, без магчымасці сагрэцца).
Як расказваў праваабаронцам былы зняволены наваполацкай калоніі, «за Бабарыкам заўсёды ўзмоцнены кантроль. Як правіла, дзе ён працуе, там ставяць вельмі шмат камер, дзеля таго, каб ён не пакідаў працоўнага месца ў нявызначаны час. Таксама на Бабарыку павесілі прафілактычны ўлік як на "схільнага да захопу закладнікаў, праявы агрэсіі і нападу на адміністрацыю". Праз тое, што ён ножыкам пакінуў драпіны на падаконні, калі рэзаў сала. Гэта ўбачылі пазаштатныя супрацоўнікі адміністрацыі, пабеглі ў штаб і даклалі пра гэта аперам [супрацоўнікам адміністрацыі калоніі]. На гэтай падставе палітвязню павесілі такі прафулік».