Святлана Ціханоўская: «Я ўвесь час думаю пра Сяргея, але мае думкі распаўсюджваюцца на ўсіх»

Дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская расказала ў інтэрв'ю «Нямецкай хвалі» пра групы падтрымкі нашай краіны ў парламентах еўрапейскіх дзяржаў, пра ціск на рэжым і пра мужа-палітвязня.

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай


— Вы сустракаліся ў Берліне з парламенцкай групай «Дэмакратычная Беларусь». Такія групы ёсць не толькі ў Германіі, але яшчэ ў 17 парламентах. У чым іх сэнс?

— Людзі ў парламенце будуць сфакусіраваны на беларускай тэматыцы. Яны будуць пастаянна выдаваць рэзалюцыі, нагадваць пра Беларусь. Гэта вельмі важна (асабліва цяпер, калі Беларусь не на піку сваёй папулярнасці, не на парадку дня), што ёсць людзі, якія не забываюць пра Беларусь. Гэта пастаянныя кантакты, зносіны, штотыдзень апдэйты па сітуацыі ў Беларусі.

Прыязджаеш у краіну, праходзіць паўгода — і ты як быццам прыехаў зноў у пустое поле, трэба зноў расказваць, што адбываецца. Вось сёння я тут выступала, і шмат людзей да мяне потым падыходзілі і казалі: «Мы раней нічога не ведалі пра Беларусь». А нам здаецца, што ўсе ведаюць. Гэта не так. Вельмі хутка забыліся і пра 2020-ты год. І вось цяпер гэта будзе задача ўжо ў парламенце, каб пастаянна нагадваць, прыцягваць увагу да дапамогі, да ціску на рэжым.


— На фоне вайны ва Украіне, здаецца, пра Беларусь крыху забылі. Што вы робіце, каб усё-ткі вярнуць увагу?

— Крыху забылі, але не забылі зусім. І, вядома, задача і палітычных цэнтраў, і нашых дыяспар, і НДА, і праваабарончых арганізацый — нагадваць пра тое, што людзі ў Беларусі пакутуюць ад рэжыму, што цяпер наша незалежнасць пад пагрозай, што там збіраюцца размясціць ядзерную зброю. Падумайце пра наступствы, не пакідайце Беларусь на потым. Палітычныя рэпрэсіі працягваюцца, колькасць палітвязняў павялічваецца, беларусы, якія выехалі, таксама адчуваюць шэраг цяжкасцей.

Усе гэтыя праблемы трэба падымаць. І гэта не толькі мая задача, гэта задача таксама ўсіх асноўных структур. І таму любы візіт — гэта як адкрыццё дзвярэй. А потым ужо структуры павінны падтрымліваць гэтыя сувязі, кантакты ў розных сферах — культурнай, спартыўнай, палітычнай, эканамічнай — і далей іх паглыбляць.

— Чаму важна не забываць пра Беларусь менавіта ў кантэксце вайны, якую вядзе Расія ва Украіне?

— Таму што Крэмль не бачыць ні Украіну, ні Беларусь як незалежныя краіны. Ён не прымае, што мы як народ можам выбіраць сваю будучыню. Мы частка Еўропы, мы хочам мірнага, нармальнага дэмакратычнага развіцця і выбралі гэты шлях. А Крэмль хоча нас зацягнуць назад у мінулае, у савецкую эру.

Таму мы нагадваем, што не можа быць ні свабоднай Украіны, ні міру і бяспекі ва ўсім рэгіёне, пакуль Беларусь не будзе свабоднай. Пакуль Аляксандр Лукашэнка з'яўляецца агрэсарам і паплечнікам Уладзіміра Пуціна, гэта будзе сталая крыніца пагрозы. Пытанне Беларусі — гэта частка рэгіянальнага крызісу, і немагчыма цяпер развязаць крызіс у адной частцы, а потым вярнуцца да Беларусі — потым ужо можа быць занадта позна.


Таму мы гаворым, што трэба прадухіліць размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі, таму што пасля гэта дазволіць Расіі ўмацаваць сваю прысутнасць у Беларусі. І потым наогул будзе вельмі цяжка гэтага пазбавіцца — нават пасля перамен. У нас адзін вораг, і мы змагаемся з адным злом і за адзіную будучыню.

— Ужо два з паловай гады вы і ваша каманда змагаецеся з рэжымам Лукашэнкі. Цяпер здаецца, што змагацца ўсё ж давядзецца і з Пуціным. Ці думаеце вы аб'яднаць намаганні з дэмакратычна настроенымі расійцамі тут, у Еўропе?

— У нашых арганізацый ёсць кантакты з прадэмакратычна настроенымі расійцамі, мы дзелімся досведам, метадамі барацьбы. Але насамрэч мы разумеем, што ў нашых краін дастаткова розны кантэкст, што ў Беларусі большасць беларусаў супраць рэжыму, супраць вайны.

А ў Расіі ўсё-ткі сітуацыя трошкі, а можа, і шмат у чым іншая, там большасць усё яшчэ ўпэўнена прагаласуюць за Пуціна і выступаюць за вайну. Таму мы можам дзяліцца нейкімі магчымасцямі, але я лічу, што нам цяпер, наадварот, трэба больш падзяляць Расію і Беларусь, таму што ў нас зусім розныя жыццёвыя прынцыпы.

— Вы гаварылі сёння са сцэны, што вам надаюць сілы людзі, якія знаходзяцца ў Беларусі, у тым ліку і ваш муж, ад якога вы не атрымлівалі навін нейкі час. Як вы жывяце ў гэтай невядомасці?

— Цяжка жыву. Ты кожны дзень прачынаешся: а як ён, а дзе ён? Асабліва, калі нічога не ведаеш. Калі адвакат быў раз на тыдзень, ты хоць разумеў, што ён не ў ШІЗА. Так, яму немагчыма перадаць грошы, рэчы, забаронены пасылкі, ён ізаляваны, у яго, можа, нават няма паперы, ручкі напісаць лісты дзецям. А цяпер ты проста ў невядомасці: дзе ён, што ён, ці жывы наогул?

Я вельмі спадзяюся, што ў адваката атрымаецца яго наведаць, таму што гэта адцягвае ад працы, я ўвесь час загружана думкамі пра Сяргея і ў прынцыпе пра астатніх. У такой жа сітуацыі шмат палітвязняў. Вядома, Сяргей — гэта частка майго сэрца. Я ўвесь час буду думаць пра яго, але мае думкі распаўсюджваюцца на ўсіх.


Ёсць вельмі шмат працы, вельмі шмат выклікаў. І беларусы за мяжой, якія сутыкаюцца з праблемамі, таксама патрабуюць увагі; і незалежнасць, і ядзерная зброя, і нашы адважныя ваенныя валанцёры, якія цяпер ваююць ва Украіне, атрымліваюць раненні, выязджаюць — ім таксама патрэбна рэабілітацыя і ўтрыманне ўвагі. Не тое што мы сядзім і чакаем, пакуль Украіна пераможа і мы скарыстаемся сітуацыяй.

Мы павінны разам — і ўнутры Беларусі, і звонку — трымаць рэжым Лукашэнкі ў стрэсе, не даць часу на перадышку. І любыя нашы палітычныя дасягненні — як арганізацыя кантактнай групы ў Радзе Еўропы ці новая група «Дэмакратычная Беларусь» у любым парламенце, ці такія выступленні — гэта новы выклік для рэжыму, ён не можа расслабіцца і добра сябе адчуваць.