Хронікі рэпрэсій за 26 красавіка
Навіны пра пераслед беларусаў, нязгодных з рэжымам.
Працягваецца судовы працэс над рэдактарамі ТГ-канала NEXTA Раманам Пратасевічам, Сцяпанам Пуцілам і Янам Рудзікам. Сёння ў судзе з апошнім словам выступіў Раман Пратасевіч. Ён прызнаў «палітычную паразу» і ўзяў на сябе адказнасць за «памылкі». Нагадаем, пракурорка Наталля Сакалова запытала для Сцяпана Пуцілы 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, для Яна Рудзіка — 19 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і для Рамана Пратасевіча — 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд агучаць 3 траўня.
Стала вядома, што ў канцы студзеня быў затрыманы адвакат Аляксей Бародка. Цяпер ён утрымліваецца ў СІЗА на Валадарскага. Пасля затрымання профіль адваката быў выдалены з сайта Рэспубліканскай калегіі адвакатаў, а 21 красавіка Бародку пазбавілі ліцэнзіі. У чым яго абвінавачваюць, невядома.
Таксама праваабаронцы паведамілі, што прыкладна месяц як за кратамі знаходзіцца паэт, музыка, заснавальнік музычнага квіза «СамШазам» Мікіта Найдзёнаў. Яму інкрымінуюць «народны» 342-гі артыкул.
У Гомелі ГУБАЗІК затрымаў непаўнагадовага Глеба Шамрэя — нібыта за тое, што той на камеру спаліў чырвона-зялёны сцяг. З падлеткам знялі пакаяльнае відэа, у якім Глеб «прызнаецца», што быццам рабіў гэта ў нецвярозым стане. У віну хлопцу таксама ставяць тое, што ён нібыта быў падпісаны на тэлеграм-канал «Рэальная Беларусь». Невядома, ці прысутнічалі на допыце непаўналетняга яго бацькі і ці давалі яны згоду на запіс з Глебам відэа. Дзе цяпер знаходзіцца хлопец, таксама інфармацыі няма.
Працягваецца разгляд справы паэта і выкладчыка прыватнай школы «Смарт Скул» Дзмітрыя Юртаева. Яго вінавацяць у «абразе Лукашэнкі» (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса) і «распальванні іншай сацыяльнай варожасці» (ч.1 арт.130). Палітзняволены Дзмітрый Юртаеў быў затрыманы 21 верасня 2022 года супрацоўнікамі ГУБАЗіК. Выкладчыка прымусілі на камеру чытаць уласныя вершы і апраўдвацца: нібыта ён у жніўні 2020 года хадзіў на акцыі, рабіў допісы ў Facebook і «УКантакце». Таксама ў праўладных каналах зʼявіліся скрыншоты з яго сацыяльных сетак з крытыкай дзеянняў улад. На судзе Дзмітрый Юртаеў выглядаў падаўлена, прызнаў цалкам віну ва ўсіх прад’яўленых эпізодах і раскаяўся ў здзейсненым, паведамляюць праваабаронцы. Наступнае судовае пасяджэнне прызначана на 28 красавіка.
Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзіі яшчэ пяцярых адвакатаў: Бародку Аляксея, Гурыновіча Аляксандра, Сцяпанава Ігара — у сувязі з прымяненнем да іх дысцыплінарных спагнанняў у выглядзе выключэння з абласных калегій адвакатаў (Мінскай і Віцебскай) за «ўчыненне правін, несумяшчальных са званнем адваката»; Аленскую Інэсу, Шарснёва Дзяніса — у сувязі з немагчымасцю выканання адвакатамі сваіх прафесійных абавязкаў з прычыны «недастатковай кваліфікацыі, пацверджанай рашэннем Кваліфікацыйнай камісіі». Інэса Аленская абараняла ў судах палітвязняў Сяргея Ціханоўскага, Рамана Пратасевіча, Насту Лойка, Рыгора Кастусёва.
Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1497 палітвязняў. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітычнымі зняволенымі 1763 чалавекі. Сярод іх — 192 жанчыны і 6 непаўнагадовых. 15 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.