Віктар Бабарыка застаецца ў бальніцы Наваполацка. Яго нікуды не вывозілі (абноўлена)

Святлана Ціханоўская патрабуе ад улад публічна прадэманстраваць, у якім стане Віктар Бабарыка пасля збіцця. Дзе знаходзіцца палітвязень і ў якім ён стане, доўгі час было невядома. Увечары каманда палітыка паведаміла, што ён застаецца ў наваполацкай лякарні.

Фота з сайта «Смартпрэс»

Фота з сайта «Смартпрэс»

Віктар Бабарыка яшчэраніцай 27 красавіка знаходзіўся ў хірургічным аддзяленні. Пра гэта стала вядома «М*дыязоне» ў даведачнай службе бальніцы.

«Віктар Бабарыка знаходзіцца ў здавальняючым стане», — сказалі журналістам у ардынатарскай хірургічнага аддзялення Наваполацкай бальніцы.

Інфармацыя пра шпіталізацыю Бабарыкі з'явілася ўчора ў тэлеграм-канале «Рабочы рух». Аўтары канала пісалі, што палітыка паклалі ў бальніцу ў ноч з 24 на 25 красавіка.

Удзень стала вядома, што Віктара Бабарыку вывезлі з наваполацкай бальніцы.

Пра гэта паведаміў беларускі тэлеканал, прызнаны ўладамі экстрэмісцкім, са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Так, нібыта раніцай 27 красавіка з хірургічнага аддзялення Віктара Бабарыку забралі трое супрацоўнікаў калоніі ў форме і некалькі чалавек у цывільным.

Медыцынскі тэлеграм-канал «Белыя х*латы» паведаміў, што ў Віктара Бабарыкі стаіць дрэнажная прылада, ён ходзіць сам. Такая інфармацыя, нібыта, паступіла ад сведак у наваполацкай бальніцы:

«Раніцай ішоў сам, яго кудысьці везлі з лякарні. Выглядае збітым, але ягонага дыягназу я не ведаю».

Верагодна, розгалас пра Бабарыку і ўцечкі інфармацыі пра яго стан сталі прычынай пераводу палітвязня з наваполацкай бальніцы.

UPD. Аднак увечары каманда палітыка паведаміла, са спасылкай на свае крыніцы, што Віктар Бабарыка ўсё яшчэ знаходзіцца ў Цэнтральнай гарадской бальніцы горада Наваполацк.

«Лекары пацвердзілі, што было праведзена абследаванне, адводзяць вадкасць з лёгкіх. Стан Віктара ацэньваецца як сярэдняй цяжкасці. Ён знаходзіцца пад наглядам медыцынскага персаналу бальніцы. Аб прычынах шпіталізацыі па ранейшаму не паведамляецца», — адзначае прэс-служба Бабарыкі.

«Інфармацыя пра яго перавод, агучаная раней у СМІ, не пацвердзілася. Любая транспарціроўка на сённяшні момант можа быць спалучана са смяротнай пагрозай жыццю і здароўю», — дадалі паплечнікі палітыка.




Святлана Ціханоўская ўвечары 26 красавіка пракаментавала жахлівую сітуацыю з Бабарыкам: «Сёння ноччу з'явілася інфармацыя, што Віктар Бабарыка трапіў у бальніцу са слядамі збіцця. Мы патрабуем публічна прадэманстраваць, у якім ён стане. Мы патрабуем допуску адвакатаў і сваякоў да яго. Любыя іншыя дзеянні будуць трактавацца як наўмыснае прычыненне шкоды жыццю і здароўю».

У апошні час Бабарыка пастаянна знаходзіцца ў ШІЗА, каля 2 месяцаў ад палітыка не прыходзіла карэспандэнцыя.

У штабе палітыка паведамілі, што інфармацыі пра Віктара Бабарыку ў іх не было некалькі месяцаў.

«Каля 2 месяцаў ад Бабарыкі не паступае пісьмовая карэспандэнцыя. У апошні час ён увесь час знаходзіцца ў ШІЗА. Адвакат Бабарыкі таксама не можа працаваць. 20 сакавіка была аднаразовая аблава на шэсць адвакатаў, у тым ліку на адваката Віктара Бабарыкі», — дадалі ў штабе.

Абаронца экс-банкіра не можа працаваць і наведваць свайго кліента: ён быў затрыманы 20 сакавіка падчас аблавы на адвакатаў, нагадвае «Нямецкая хваля».

Віктара Бабарыку апошнім часам пастаянна трымаюць у штрафным ізалятары. Менавіта з ШІЗА ў лістападзе мінулага года ў рэанімацыю трапіла паплечніца Бабарыкі Марыя Калеснікава.


Нагадаем, 18 чэрвеня 2020 года яго затрымалі разам з сынам Эдуардам, прычым абвінавачанні Бабарыку-старэйшаму выстаўляліся эканамічныя: «легалізацыя злачынных даходаў» і «атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры». А вось прысуд аказаўся палітычным: 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, буйны штраф і шматмільённая кампенсацыя таемнай «шкоды дзяржаве». Сваёй віны Віктар Дзмітрыевіч не прызнаў.

А 20 снежня 2021 года Вярхоўны суд прысудзіў Віктара Бабарыку да 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Суд прызнаў палітыка вінаватым па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: «Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры» (ч.3 арт. 430) і «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» (ч.2 арт. 235). Ён адзіны з васьмі абвінавачаных па справе «Белгазпрамбанка» не прызнаў віны па ўсіх эпізодах абвінавачання.