Калонія, дзе трымалі Бабарыку, — «лагер для самых свавольных»

Збіццё, цяжкая праца, абсурдныя традыцыі і здзекі — усё гэта побыт зняволеных, якія адбываюць пакаранне ў наваполацкай папраўчай калоніі №1. Пасля прысуду туды адправілі ў тым ліку палітыка Віктара Бабарыку і блогера Ігара Лосіка.

njavolja.png

Усяго ў наваполацкай папраўчай калоніі №1 знаходзяцца каля 90 палітвязняў. «Мед*язона» распавядае, што вядома аб тым, што адбываецца ў ПК-1.


Расцяжкі і зламаная ключыца. Збіццё і абсурдныя традыцыі

«Адзінка» — гэта лагер для самых свавольных. Туды закрываюць тых, каго трэба «павучыць жыццю» <...> усе арыштанты, якія знаходзяцца на следстве, ведаюць пра «адзінку», і трапіць туды ніхто не хоча, — распавядаў пра ПК-1 былы палітвязень Аляксандр Кабанаў.

З ягоных слоў, адміністрацыя калоніі карыстаецца правілам «зэк павінен пакутаваць». Былы палітвязень, які пажадаў застацца ананімным, распавядаў праваабаронцам, што ў наваполацкай калоніі «ўшчамляюць ва ўсім»: тэлефанаваць сваякам «палітычныя» могуць 2 разы на месяц па 5 хвілін, а спатканні даюць толькі на адны суткі.

Зняволеных, па словах Кабанава, вымушаюць удзельнічаць у абсурдных «традыцыях»: на пастраенні ў адказ на «Здрасьте» ад загадчыка гаспадаркі трэба хорам адказаць патройнае «Здрасьте» — такія «вітанні» могуць працягвацца гадзінамі. Калі прозвішча зняволенага называюць на праверцы два разы на дзень, трэба зрабіць крок наперад і зняць шапку — «быццам вітаеш пана»: «Засталося толькі што пакланіцца», — адзначаў Кабанаў.

Кабанаў сцвярджае, што ў ПК-1 збіваюць зняволеных. Супрацоўнікі адміністрацыі закрываюць чалавека ў ШІЗА і збіваюць дубінкамі: «Б'юць так, каб не заставалася слядоў».


Яго самога збілі адзін раз — пры паступленні ў калонію, «ставілі на расцяжку». У ШІЗА, як сцвярджае Кабанаў, яго не чапалі.

Паводле яго слоў, збіццё адбывалася па камандзе начальніка калоніі Андрэя Пальчыка. Пра тое, што начальнік установы аддаваў загады пра здзекі і сам збіваў асуджаных, распавядалі і іншыя палітвязні. У сакавіку «Люстэрка» высветліла, што Пальчык больш не займае пасаду кіраўніка ПК-1.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у 2021 годзе ў калоніі зламалі ключыцу 58-гадоваму Мікалаю Хролу. У калоніі яго не лячылі, а ў 2022 годзе адправілі ў памяшканне камернага тыпу, «каб схаваць наступствы здзекаў», казалі былыя зняволеныя.

«Ключыца не так зраслася — і костка ўпіраецца ў горла, месцамі падгнівае, правая рука часткова непрацаздольная. Яго так прымушалі цягаць бярвёны і іншае», — распавядалі праваабаронцам відавочцы.


Холад, хлорка і парэзаныя вены. ШІЗА

У наваполацкай калоніі асуджаных адпраўляюць у штрафныя ізалятары па надуманых прычынах — за тое, што не павіталіся з супрацоўнікам ці не зашпілілі гузік, сведчылі былыя палітвязні. Сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Сяргей Капанец трапіў у ШІЗА за тое, што пагаварыў з палітыкам, але рапарт на яго склалі за «парушэнне лакалізацыі на прамзоне», пісалі праваабаронцы.

У штрафным ізалятары невыносныя ўмовы: холад і скразняк, зменшаныя порцыі ежы, цёплую вопратку не выдаюць, днём забараняюць ляжаць нават на падлозе і перыядычна заліваюць у камеру хлорку.

— Кожную раніцу льюць хлорку па пяць літраў, каб асуджаныя ёй труціліся. Вокны не зачыняюць пры любым надвор'і. Іх завешваюць ручніком — адной з нямногіх рэчаў, што дазволена мець у ШІЗА. Часам даходзіць да таго, што даводзіцца на акно вешаць анучу для мыцця падлогі. За гэта таксама могуць выпісаць рапарт і даць 10 сутак, — перадавалі праваабаронцы словы чалавека, які адбываў пакаранне ў ПК-1.

Аляксандра Кабанава змясцілі ў камеру ШІЗА з няспраўным ацяпленнем, адкрытым акном і металічнай шконкай проста пад ім. У камеры было настолькі холадна, што даводзілася ўвесь час адціскацца або прысядаць, каб не змерзнуць.


Праз пару дзён без сну з-за холаду Кабанаў ускрыў вены. Падчас ранішняй раздачы станкоў для галення ён зрабіў на абедзвюх руках ад запясця да локця па пяць надрэзаў. Яго адвезлі ў бальніцу, дзе наклалі 68 швоў.

— У лагеры гэта не з'яўляецца чымсьці жахлівым і шакавальным. Лічыцца, што гэта ўчынак нармальнага чалавека, які спрабуе змагацца за сябе. Успрымаецца нават станоўча, — казаў Кабанаў.

У сакавіку праваабаронцы пісалі, што палітвязень блогер Ігар Лосік трымаў галадоўку ў ШІЗА ПК-1, а пасля парэзаў сабе рукі і шыю. Яго адправілі ў медсанчастку. Пасля гэтага інцыдэнту Лосіка зноў змясцілі ў штрафны ізалятар, а цяпер ён, верагодна, знаходзіцца ў ПКТ.

У 2021 годзе ў карцары наваполацкай калоніі памёр 25-гадовы Андрэй Дубік, асуджаны за збыт наркотыкаў. Турэмны лекар паведаміў сям'і, што іх сын здзейсніў самагубства.

«Мы не ведаем, што менавіта адбылося і што паслужыла прычынай такога ўчынку, але ў апошніх лістах ён скардзіўся на псіхалагічны ціск, пісаў, што яго выклікала начальства і праводзіла гутарку, каб ён прызнаў віну, а мы — перасталі пісаць лісты ў розныя інстанцыі», — распавядаў бацька загінулага Ігар Дубік.


Дым, сажа і смурод. Цяжкая праца

У наваполацкай калоніі ёсць некалькі відаў работ для асуджаных: дрэваапрацоўка, пераборка пластыкавых гранул, выраб поліэтыленавай плёнкі, атрыманне медзі, выпальванне вугалю, мылаварня і хлебапякарня. Большасць з іх звязана са шкоднымі ўмовамі працы.

Працу на «вугалі» Аляксандр Кабанаў назваў стопрацэнтным пакараннем. Туды адпраўляюць усяго траіх ці чацвярых асуджаных з калоніі — «доўга ніхто не вытрымлівае».

Зняволеныя дыхаюць дымам, а сажа ўбіраецца ў скуру. Па словах Кабанава, «на вугалі» працуюць людзі з «гучнымі» крымінальнымі справамі. На гэтым участку, нягледзячы на медыцынскія супрацьпаказанні, працаваў і палітык Віктар Бабарыка.

На «пластыку» зняволеныя сартуюць пакеты і перабіраюць пластмасавы гранулят, з якога пазней робяць поліэтыленавую плёнку.

«Гэта непрыемна, таму што, калі нават проста заходзіш на гэты ўчастак, там смярдзіць», — кажа Кабанаў.

Пластыкавыя гранулы асуджаныя перабіраюць за адмысловым сталом — падзяляюць па колерах сумесь дробных чорных і белых пацерак.

Яшчэ адзін від працы — атрыманне медзі з кабеляў, якія ў калоніі прывозяць тэлекамунікацыйныя прадпрыемствы. З правадоў трэба зняць аплётку і дастаць медны дрот. Па словах былых асуджаных, паліць дрот забаронена з-за шкоды для экалогіі, але гэта ўсё ж робяць — ноччу, каб не было відаць чорнага дыму.

Пераклад «НЧ»