Хронікі рэпрэсій. Чарговы прысуд за дзяржаўны сцяг, затрыманне за абразу вясковых міліцыянтаў
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 27 красавіка.
У судзе
Смаргонскага раёна адбыўся суд па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса за абразу
Лукашэнкі над мясцовым жыхаром і ўраджэнцам Расіі Юрыем Краўчанкам. Прысуд
— 1,5 года калоніі — вынесла суддзя Вікторыя Алянцэвіч.
Мужчыну абвінавацілі ў тым, што пасля распіцця алкагольных напоеў з сябрам каля крамы пасля затрымання супрацоўнікамі Смаргонскага РАУС лаяўся, у тым ліку на Лукашэнку чамусьці за тое, што Беларусь не прызнала незалежнасць Абхазіі.
Супрацоўнікі прыехалі атрымліваць мужчыну супрацоўнікі прыехалі за тое, што ён чапляўся да мінакоў, але ў выніку распачалі крымінальную справу па ч.1 арт. 368 КК.
Стала вядома, што
ў судзе Бабруйскага раёна і горада Бабруйска яшчэ 23 студзеня асудзілі Аляксея
Дзям’янчыка паводле арт. 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў). Суддзя Вольга
Серакова прызначыла Аляксею два гады абмежавання волі з накіраваннем у
папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хіміі»). Падрабязнасці
справы пакуль невядомыя.
Жыхара Ваўкавыска затрымалі за тое, што ён нібыта абразіў міліцыянтаў з вёскі Днепр Магілёўскага раёна. Гаворка ідзе пра 52-гадовага Сяргея Боўфала з Ваўкавыска. Імаверна, супраць яго заведзеная крымінальная справа.
28 красавіка ў Мінску пачнуць судзіць палітвязняў Івана Марозава (блогер, адзін з пачынальнікаў беларускамоўнага ЖЖ) і яго сяброўку Ганну Кавалёву. Пра затрыманне Івана стала вядома 9 студзеня. Тады паведамлялася, што мужчыне ставяць у віну ўдзел у
пратэстах у 2020 годзе. Праз два тыдні
затрымалі Ганну. Цяпер іх
абвінавачваюць паводле арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба
парушаюць грамадскі парадак).
28 красавіка Вярхоўны суд разгледзіць апеляцыйную скаргу на прысуд палітзняволенаму адвакату Віталю Брагінцу. У Мінскім
гарадскім судзе 16 студзеня яму прысудзілі 8 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго
абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
Брагінец абараняў некаторых палітвязняў, у тым ліку старшыню «В*сны» Алеся Бяляцкага, а таксама адваката Андрэя Мачалава, які на судзе застаўся без абароны праз арышт Віталя.
Уладальнік этнакрамы «Цудоўня» Андрэй Несцяровіч выйшаў на волю пасля трох сутак арышту. Раней паведамлялася, што мужчыну арыштавалі на трое сутак па крымінальнай справе. Да гэтага Андрэй адбыў 10 сутак адміністрацыйнага арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».