Беларускае незалежнае выданне пазбавілі дамену .by. А так можна?
Пад чарговую «зачыстку» незалежных СМІ трапіла рэдакцыя інфармацыйнага інтэрнэт-рэсурсу, які расказвае пра падзеі ў Барысаве і Жодзіне. Цяпер для гэтага не трэба нават суд.
Беларускай журналісцкай супольнасці стаў вядомы яшчэ адзін выпадак пазасудовага пазбаўлення недзяржаўнага медыя дамена .by у беларускім сегменце інтэрнэту. Гэтым разам пазбавілі дамена .by інфармацыйны інтэрнэт-рэсурс EX-PR*SS.BY, які расказвае пра падзеі ў Барысаве і Жодзіне. У кастрычніку 2021-га прадукцыю рэдакцыі ўлады прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Супрацоўнікі рэдакцыі неўзабаве пакінулі Беларусь.
Нейкі час таму ўладальніца даменнага імя ЕX-PR*SS.BY Міла Поляк атрымала электронны ліст з Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Беларусі — яшчэ адзін аналагічнага зместу, мяркуючы па «шапцы», прадубляваны на адрас таварыства з абмежаванай адказнасцю «Беларускiя воблачныя тэхналогii», распавядае прэс-служба Беларускай ас*цыяцыі журналістаў.
Тэма допісу інфармавала «аб прыняцці мер рэагавання ААЦ у межах выканання функцый адміністратара нацыянальнай даменнай зоны, а таксама па выніках разгляду ліста ТАА «Беларускiя воблачныя тэхналогii» ў якасці рэгістратара».
У допісе за подпісам намесніка начальніка кантрольнага ведамства Сяргея Жарнасека даводзілася, што ў цэнтралізаванай базе даных аб даменных імёнах змяшчаюцца звесткі пра EX-PR*SS.BY, уладальнікам якога ўказаны індывідуальны прадпрымальнік. Спасылаючыся на прэзідэнцкі ўказ ад 18 верасня 2019 года № 350 («Аб асаблівасцях выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт») чыноўнік адзначае: асобы, якія прадстаўляюць звесткі для фармавання базы даных, мусяць указваць праўдзівую інфармацыю і пры неабходнасці пацвярджаць яе дакладнасць.
У якасці «жалезнага аргумента» прадстаўнік дзяржаўнага адміністратара адсылае да пункта 27 інструкцыі аб рэгістрацыі даменных імёнаў, зацверджанай загадам усё таго ж ААЦ ад 18 чэрвеня 2010 года № 47, што ўладальнік дамена абавязаны ў тэрмін да сямі працоўных дзён па запыце рэгістратара падаць дакументы, якія пацвярджаюць дакладнасць інфармацыі, унесенай у базу дадзеных.
Паводле яго слоў, рэгістратар сваім лістом ад 20 сакавіка 2023 года накіраваў уладальніку дамена EX-PR*SS.BY на электронную пошту, а таксама на паштовы адрас паведамленні аб неабходнасці падаць дакументы з пацвярджэннем дакладнасці звестак у базе дадзеных. Прычым, уладальнік дамена мусіць гэта зрабіць «явачным парадкам» — то-бок прыйсці ў офіс з пакетам дакументаў.
Паколькі на апавяшчэнні ў вызначаны тэрмін адрасат не адрэагаваў, са спасылкай на пункт 48 унутранай інструкцыі Сяргей Жарнасек канстатуе: непрадстаўленне ўладальнікам дамена па запыце рэгістратара пацвярджальных дакументаў з'яўляецца парушэннем парадку рэгістрацыі даменнага імя.
На гэтай падставе, і кіруючыся чарговым пунктам 52 інструкцыі, нацыянальны адміністратар прыняў аднаасобнае рашэнне прыпыніць дэлегаванне даменнага імя інфармацыйнаму рэсурсу EX-PR*SS.BY. Што зручна ва ўмовах «правасуддзя» па-беларуску, нават не запатрабавалася звароту ў суд.
Рэгістратару ў асобе ТАА «Беларускiя воблачныя тэхналогii» ў выглядзе канстатацыі факту даручана праінфармаваць уладальніка дамена EX-PR*SS.BY аб парушэнні і мерах адэкватнага рэагавання з боку кантрольнага органа.
Нагадаем, у кастрычніку 2021 года паводле заявы пракуратуры Барысаўскага раёна Мінскай вобласці інфармацыйная прадукцыя інтэрнет-рэсурсу EX-PR*SS.BY была прызнана «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У лютым 2023-га той жа суд з невядомых прычын прадубляваў рашэнне.
Каб не падвяргаць калектыў небяспецы, кіраўніцтва рэдакцыі прыняло рашэнне «эвакуявацца» з Беларусі. Перадусім з гэтай прычыны паходы «на дыван» да рэгулятара ўяўляюцца немагчымымі фізічна. Хоць, як сведчыць юрыдычная практыка, насамрэч асабістыя візіты ніякімі нарматывамі не прадугледжваюцца.
Днямі журналісцкай супольнасці стала вядома, што Аператыўна-аналітычны цэнтр ануляваў запіс аб рэгістрацыі даменнага імя яшчэ аднаго незалежнага выдання на падставе нібыта «няпройдзенай праверкі даных». Назва медыя пакуль не разгалошваецца, бо ў Беларусі пад патэнцыйнай пагрозай засталіся супрацоўнікі. Інфармацыйны рэсурс да таго быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем», і падавалася, што радыкальныя захады звязаныя менавіта з вымушаным статусам. Але выглядае, што перад кантралёрамі стаіць задача «аптымізаваць» у нацыянальным сегменце ўсіх нелаяльных да дзейнага рэжыму. У тым выпадку ў скарзе на імя начальніка Аператыўна-аналітычнага цэнтра Андрэя Паўлічэнкі рэдактарат спаслаўся на пункт 49 інструкцыі аб рэгістрацыі даменных імён, зацверджанай самім ААЦ загадам № 47 ад 18 чэрвеня 2010 года. Там наўпрост гаворыцца: адміністратар інфармуе рэгістратара толькі пры выяўленні парушэння. А сутнасць «парушэння» так і не была агучана.
У той жа час такое рашэнне цалкам цягне на перавышэнне службовых паўнамоцтваў, таму што прадпісанне пра «асабістае наведванне офіса рэгістратара» не прадугледжана функцыямі адміністратара нацыянальнай даменнай зоны і супярэчыць ч. 2 арт. 7 Канстытуцыі: дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства.
Акрамя таго, такое патрабаванне супярэчаць пункту прэзідэнцкага дэкрэта № 1 ад 16 студзеня 2009 года, дзе ў якасці пацвярджэння законных функцый правамоцным дакументам называецца пасведчанне аб дзяржрэгістрацыі. Як вынік, само апавяшчэнне з боку ААЦ вынесена з перавышэннем улады.