СМІ атрымалі планы Крамля па ўплыве на дзяржавы Балтыі

Журналісты шэрагу выданняў атрымалі дакументы, якія відавочна рыхтаваліся некалькі гадоў таму і раскрываюць стратэгію ўплыву Расіі ў дзяржавах Балтыі.

marsz_adzinstva_6__85__logo_2_logo.jpg

Матэрыялы пра гэта выйшлі ў выданнях LRT, Delfi Estonia, Expressen, цэнтр "Дасье", Kyiv Independent, NDR (Norddeutscher Rundfunk), Frontstory.pl, Süddeutsche Zeitung, VSquare, WDR (Westdeutscher Rundfunk), Yahoo News, Re:Baltica. Гэтыя СМІ атрымалі і даследавалі дакументы, паведамляе "Еўрапейская праўда".  

Гэтыя матэрыялы тычацца доўгатэрміновых планаў Расіі ў дачыненні да Эстоніі, Латвіі, Літвы. Аналагічныя планы РФ ужо раскрывалі ў дачыненні да Беларусі і Малдовы.

Верагодней за ўсё, дакументы рыхтавалі восенню 2021 года. Зрэшты, не падобна, каб аўтары гэтых дакументаў ведалі пра тое, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін рыхтуе поўнамаштабную вайну супраць Украіны — нейкіх згадак пра чаканыя наступствы гэтага, што немагчыма было б не ўлічыць у планах па Балтыі, у паперах няма.

Стратэгія па кожнай з краін складаецца з дзвюх частак. У першай прапісваюць, што Расія бачыць для сябе як пагрозу, у другой — як гэтаму плануюць процідзейнічаць. Усе мэты па сферах прапісаныя па часовых рамках — 2022 год, 2025 год, 2030 год.

У цэлым Расія вызначае сваімі мэтамі захаванне максімальнай прысутнасці расійскай мовы ў адукацыі, стварэнне прарасійскіх арганізацый і ўплыў на грамадства праз іх, супраціў зносу помнікаў савецкай эпохі, прасоўванне расійскага гістарычнага наратыву на супрацьдзеянне таму, які сама Расія ўважае за "фальсіфікацыю". У Эстоніі і Латвіі РФ вельмі разлічвае ў рэалізацыі сваіх мэтаў на рускамоўную меншасць.

Акрамя таго, планавалі заахвочваць бізнес балтыйскіх дзяржаў выходзіць на расійскі рынак.

Журналісты ўзгадалі падзеі апошняга года, падобныя да элементаў рэалізацыі стратэгіі, у дзейнасці мясцовых прарасійскіх актывістаў і арганізацый. Тыя праводзілі кампаніі абароны савецкіх манументаў: арганізоўвалі мітынгі супраць іх зносу і рыхтавалі звароты ў ААН.

Ільвіная доля стратэгіі прысвечаная паслабленню прысутнасці NATO ў краінах Балтыі.

У планах Крэмль выказвае асцярогі, што ў Літве з'явіцца вялікая база NATO, і дэкларуе мэты прадухіліць размяшчэнне там СПА і пра сярэдняй далёкасці, інтэграванай у агульную сістэму абароны неба Альянсу, а таксама паменшыць прысутнасць войскаў хаўруснікаў і захадаў баявой гатоўнасці.

У доўгатэрміновай перспектыве ў РФ хацелі стварыць перадумовы, пры якіх бы ўлады краіны "прызналі патэнцыйную шкоду" для сваёй бяспекі праз рост уплыву NATO ў рэгіёне і захацелі больш глыбокага супрацоўніцтва з Расіяй. Гэтыя намеры практычна аднолькавыя для ўсіх трох балтыйскіх дзяржаў.

Найбольш непажаданым для сябе сцэнарам Расія называе актыўны ўдзел дзяржаў Балтыі ў дзейнасці NATO і павелічэнне прысутнасці там саюзніцкіх войскаў, санкцыі і згортванне гандлю, што і адбылося пасля 24 лютага 2022 года.