Кіеў мае дастаткова ваеннай моцы, каб вызваліць свае акупаваныя тэрыторыі — кіраўнік NATO
Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг заявіў, што саюзнікі і партнёры Украіны ў Паўночнаатлантычным альянсе перадалі Кіеву амаль усю абяцаную вайсковую тэхніку.
Кіеву перадалі — 1550 бронетранспарцёраў і 230 танкаў, а таксама «велізарную колькасць боепрыпасаў».
«Больш за 98% баявых машын, якія былі абяцаныя Украіне, ужо перададзеныя [у распараджэнне ўкраінскага камандавання]», — запэўніў Столтэнберг журналістаў у чацвер, 27 красавіка, калі выступаў на сумесным брыфінгу з прэм'ер-міністрам Люксембурга Ксаўе Бетэлем, паведамляе ВВС.
Па словах генеральнага сакратара, з улікам перададзенай тэхнікі і пастаўленых для патрэб УСУ снарадаў, цяпер ва ўкраінскай арміі ёсць неабходныя тэхнічныя магчымасці для вызвалення тэрыторый краіны, акупаваных расійскімі войскамі.
Столтэнберг таксама згадаў тэлефонную размову паміж прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і кітайскім лідарам Сі Цзінпінам, якая адбылася напярэдадні.
Са слоў генеральнага сакратара, у NATO вітаюць сам факт першай размовы двух лідараў за год з лішнім — з пачатку поўнамаштабнай вайны, — аднак адзначаюць, што Кітай па-ранейшаму так і не выступіў з публічным асуджэннем расійскага ўварвання.
Ці хутка адбудзецца ўкраінскі наступ?
Пра тое, калі чакаць наступу міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў у інтэрв'ю ўкраінскай службе РБК сказаў, што «сэнс вайсковай аперацыі ў тым, што ніхто не павінен ведаць, што яна пачалася. Чым даўжэй не будзе ведаць вораг, тым больш верагоднасці, што яна пройдзе паспяхова». Пры гэтым ён запэўніў, што грамадства пра ўсё даведаецца, калі прыйдзе час. Пры гэтым ўкраінскі міністр сказаў: не вельмі добра, што ў цэлым тэма контрнаступлення моцна перагрэтая: «Раней не верылі ў перамогу. Раней хацелі, каб Украіна выжыла хоць неяк мінімальна, каб хоць нейкая частка Украіны захавалася. А калі УСУ паказалі поспехі, усе пачалі верыць у перамогу. Хочуць наступнай перамогі. Гэта нармальна, гэта эмоцыі — чаканне поспеху».
А на пытанне журналіста, ці не бачыць ён у спадзявання на пасповы наступ асаблівай шкоды, заявіў: «Глядзіце, я не магу гэта змяніць. Мая мама-псіхіятр і псіхатэрапеўт, заўсёды мне казала: «Калі ты не можаш змяніць абставіны, пастарайся змяніць сваё стаўленне да іх». Таму мы ўзгадняем з Генштабам — і Ганна Маляр потым кажа: «Хлопцы, не варта завышаць уласныя чаканні, каб потым не было расчаравання. Потым будзеце нервавацца. Не ўсё так проста, гэта вайна. І мала таго, мы вам дакладна не скажам, калі, як і дзе».
Колькі ў сярэднім часу праходзіць ад рашэння аб пастаўцы ўзбраення да яго рэальнай пастаўкі? Ці ж рашэнні напрацоўваюцца да «Рамштайна», а на «Рамштайне» іх ужо фіксуюць? На гэта міністр адказаў: «Другое. «Рамштайн» — гэта ўжо абнародаванне прынятых рашэнняў і агучванне трэндаў, нейкіх новых наратываў на наступны перыяд. І калі нейкая краіна публічна выходзіць і кажа: «Мы прынялі рашэнне даваць тое і тое» — гэта ўжо вырашана раней. Плюс каардынацыя ўзаемадзеяння паміж краінамі. Цяпер ключавая наша задача з партнёрамі — гэта забеспячэнне нас запчасткамі, абслугоўваннем, рамонтам і боепрыпасамі да тых сістэм, якія мы атрымалі: ад снайперскай вінтоўкі да Хаймарса і танка. Што тычыцца самалётаў — я ўпэўнены, мы даб'ём гэтае пытанне».