Ціханоўская: Кітай прызнаў незалежнасць Беларусі яшчэ ў 1991-м. Заявы пасла недапушчальныя

Новая Беларусь будзе патрабаваць павагі да сваёй незалежнасці, цэласнасці меж, раўнапраўных і празрыстых адносін, паабяцала Ціханоўская.

svjatlana_cihanouskaja_5.jpg

Заява пасла Кітая ў Францыі днямі справакавала міжнародны скандал. Ён паставіў пад сумнеў права на незалежнасць усіх дзяржаў, якія калісьці ўваходзілі ў СССР. Балтыйскія дзяржавы, Украіна, Малдова выказалі рашучы пратэст з гэтай нагоды. Беларускія ўлады сціпла прамаўчалі. Святлана Ціханоўская сёння, 25 красавіка, заявіла пра недапушчальнасць такіх заяў з кітайскага боку.

Святлана Ціханоўская нагадала, што «амбасадар Кітая ў Францыі выказаўся наконт постсавецкіх краін: «Яны не маюць статусу ў міжнародным праве». Такім чынам, амбасадар Кітая паставіў пад сумнеў суверэнітэт 15 краін, у тым ліку Беларусі.

Беларуская дэмакратычная лідарка выступіла з адмысловай заявай на гэты конт у сваіх сацсетках:

«Вядома, такія заявы амбасадара абсалютна недапушчальныя. Міжнародная супольнасць прызнала Беларусь як суверэнную дзяржаву адразу пасля аднаўлення незалежнасці ў 1991 годзе, і КНР гэта зрабіла сярод першых. Суверэнітэт Беларусі замацаваны ў нашай Канстытуцыі, і Беларусь яго рэалізуе ў адпаведнасці з прынцыпамі міжнароднага права.

Нашы суседзі — Літва, Латвія, Украіна — адразу ж асудзілі заявы кітайскага амбасадара, Пекін павінен быў выправіцца і вытлумачыцца. А вось МЗС Лукашэнкі вырашыў адмаўчацца, нягледзячы на свае нібыта сяброўскія адносіны з Кітаем.

Грэбаванне незалежнасцю і нацыянальнымі інтарэсамі нашай краіны — вынік заганнай палітыкі Лукашэнкі на працягу дзесяцігоддзяў. Менавіта таму наша краіна знаходзіцца ў глыбокім палітычным і гуманітарным крызісе. Менавіта з-за гэтай палітыкі Беларусь сталі ўсё часцей успрымаць усяго толькі прыдаткам або васалам Расіі.

Павагі да незалежнасці, цэласнасці меж, раўнапраўных і празрыстых адносін будзе патрабаваць у дачыненні да сябе новая Беларусь. Але для гэтага наша краіна павінна пазбавіцца тыраніі і працаваць над тым, каб аднавіць сваю рэпутацыю ў міжнароднай супольнасці. І ўжо цяпер дэмакратычныя сілы пачалі гэту працу. Мы напрацоўваем міжнародныя сувязі і кантакты, выбудоўваем адносіны з суседзямі і партнёрамі, каб пасля перамен адбудаваць усё тое, што разбурыў рэжым».


Што здарылася?

Нагадаем, як пісаў «НЧ», Лу Шае, пасол Кітая ў Францыі, 21 красавіка даў інтэрв'ю французскаму тэлеканалу «LCI», пасля якога распачаўся сапраўдны міжнародны скандал.

Там Лу Шае, сярод іншага, заявіў, што Крым быў «рускім першапачаткова». Ён паставіў пад сумнеў права на незалежнасць усіх дзяржаў, якія калісьці ўваходзілі ў СССР. Паводле яго слоў, гэтыя краіны «не маюць эфектыўнага статусу ў міжнародным праве», таму што няма адпаведнага міжнароднага пагаднення, якое б ратыфікавала іх статус.

Інтэрв'ю Лу Шая выклікала велізарны рэзананс, у прыватнасці, яго асудзілі прадстаўнікі краін Балтыі і Украіны. Жазэп Барэль таксама раскрытыкаваў заяву Лу Шае і назваў яе непрымальнай. У МЗС Францыі заявілі, што з «жахам успрынялі» выказванні дыпламата і заклікалі Кітай патлумачыць сваю пазіцыю.

Учора, 24 красавіка, МЗС КНР афіцыйна заявіў, што КНР паважае суверэнітэт усіх краін, якія раней уваходзілі ў склад СССР, а яго пазіцыя па Крыме «застаецца нязменнай».