Асобная думка. Навошта мы ім-2?
Мінулая «Асобная думка» ў часткі нашых чытачоў выклікала абурэнне: як так, няўжо ў нас няма нічога, што можа прымусіць зайздроснікаў распачаць узброены паход ці «спецаперацыю» дзеля захопу і валодання такімі «скарбамі»? Давайце глядзець зноў.
Першым, канечне, амаль кожны дзень згадваецца геапалітычны фактар — нібыта Беларусь адважна прыкрывае заходнюю мяжу сваёй саюзніцы (чытай «донара») РФ ад уварвання. Магчыма, бо даўжыня мяжы РФ з Беларуссю складае 1239 км, з якіх сухапутная частка — 857 км. Сур’ёзная лічба! Але ж мяжа РФ з краінамі «варожай і агрэсіўнай» NАТО — 2532 км, з якіх па сушы — 1640 км. І гэта не ўлічваючы больш за 2000 км мяжы з Украінай... Так што прапаганда прапагандай, але з гэтай кропкі гледжання марнаваць час і рэсурсы на захоп «беларускага гаўбца» падаецца не зусім мэтазгоднай справай.
«Спяць і бачаць як будуць ірваць Беларусь на кавалкі». Прабачце, навошта? Войны з мэтай захопу тэрыторый проста каб штосьці захапіць скончыліся яшчэ ў Сярэднявеччы. Мала таго, што сучасная вайна, як мы ўжо бачым на прыкладзе Украіны, справа вельмі дарагая нават для багацейшых краінаў свету, так яшчэ трэба штосьці рабіць з захопленымі тэрыторыямі. Адбудоўваць зруйнаваную гаспадарку, даваць нейкую працу, жыллё і заробак мясцовым жыхарам — гэта вельмі вялікія грошы, і ёсць пэўныя сумневы, што тыя жа Польшча ці Літва засвоілі ўсе свае тэрыторыі, а грошы, нават амерыканскія, з кішэняў на зямлю падаюць дажджом і насельніцтва ногі ў каньяку штодня мые і марыць аб Бярэсці, Гародні ці Ашмянах з Валожынам.
Беларусь — сусветны пастаўшчык калійных угнаенняў, на якіх можна зарабіць велічэзныя грошы і з гэтай нагоды можна і рызыкнуць паваяваць. Наконт «сусветнага гульца рынку калійных угнаенняў» можна пагадзіцца, але з агаворкамі. У «дасанкцыйныя» часы (да 2021 года) Беларусь па экспарту калійных угнаенняў дзяліла другое-трэцяе месца ў свеце з РФ, троху адставаў Кітай. На першым — Канада. Ну і хто і за што тут будзе бразгатаць гусеніцамі па беларускіх прасторах, зноўку такі адбудоўваць разбураныя прадпрыемствы і наладжваць лагістыку? Нашмат танней гандляваць чым ваяваць — у цывілізаваным свеце гэта засвоілі ўжо даўно.
Аб касмічных поспехах сельскай гаспадаркі я ўжо казаў. Яны настолькі выбітныя, што вясной і зімой часцей на палічках супермаркетаў можна сустрэць кітайскі часнок і егіпецкую бульбу. Магчыма, усё сваё ідзе на экспарт за шалёныя грошы. Так можа гэта і ёсць мэта, за якую гатовыя бегчы ў бой салдаты краін ЕЗ? Тут справа ў тым, што на тэрыторыі ЕЗ існуюць жорсткія квоты на вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі, якія даволі жорстка абмяжоўваюць усё — ад вылаву рыбы да вырошчвання збожжа. Ну і навошта ім наша суперпаспяховая сельская гаспадарка? Каб яшчэ і яе рэгуляваць і квоты разлічваць?
Безумоўна, усе гэтыя і іншыя спробы вынайсці хоць нешта, чым можна было б ганарыцца ажно да ваеннай ліхаманкі і «аналагаўняма» сыходзяць ад дзяржпрапаганды, якая кожны дзень гучна вяшчае аб «самай лепшай краіне пад самым лепшым кіраўніцтвам». А іншыя нам зайздросцяць і мараць усё гэта разбурыць, бо самі так не могуць і ўвогуле там у іх голад і смутак. Болей за ўсё гэта падобна на хлапчукоў з дзіцячага садка, якія моцна крыўдзяцца на тое, што дарослыя дзядзі не звяртаюць увагу на іх цацкі. Канечне, яны дакладна ведаюць, што ў дзядзек ёсць цацкі круцейшыя, але да іх трэба дарасці, у першую чаргу — розумам. Вось таму часам і выпальваюць у дзіцячай злосці: «Гэта ўсё таму, што ў вас такога няма! Вы зайздросціце!». Гэта было б даволі міла, калі б гэтыя хлапчукі не былі пенсійнага ўзросту і не мелі бязмежную ўладу над цэлай краінай.
Кожны дзень нас прымушаюць ганарыцца тым, што, насамрэч, стварылі не мы. Той жа калій нам дала прырода, тых жа фашысцкіх захопнікаў перамаглі дзяды, заводы пабудавалі бацькі... А што зрабілі мы?