Карбалевіч: Украіна ўступіць у NATO, беларускі выбар яшчэ наперадзе

Палітычнае рашэнне аб уступленні Украіны ў NATO прынята. «Усе саюзнікі па альянсе згодныя з тым, што Украіна стане членам арганізацыі», — заявіў генеральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг па выніках пасяджэння 11-й сустрэчы кантактнай групы па Украіне на авіябазе «Рамштайн» у Нямеччыне. Якія наступствы гэта можа мець для Беларусі і для ўсяго рэгіёна Усходняй і Цэнтральнай Еўропы? Аб гэтым у аўтарскай калонцы на «Св*бодзе» разважае Валерый Карбалевіч.

Калаж kharkivoda.gov.ua

Калаж kharkivoda.gov.ua

Можна меркаваць, што гэтае рашэньне, прынятае на нямецкай авіябазе, стане важным пунктам біфуркацыі, пачаткам геапалітычнага павароту, пунктам адліку ў працэсе стварэньня новай сыстэмы бясьпекі ў рэгіёне.

Нагадаю, што ў тым ультыматуме, які Крэмль выставіў Захаду перад пачаткам вайны, было патрабаваньне вярнуць межы NATO на ўзровень 1997 году. То-бок адкруціць назад прыём у альянс ня толькі краін Балтыі, але і Польшчы, Чэхіі, Славаччыны, Румыніі і іншых дзяржаваў.

Мінуў год з пачатку вайны. Яе вынікам ужо стала хуткае пашырэньне NATO на ўсход. У альянс уступіла Фінляндыя. Цягам некалькіх месяцаў чальцом NATO стане Швэцыя. З гэтай нагоды прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў: «Пуцін хацеў фінляндызацыі Эўропы, а атрымае NATOізацыю».

Пачынаючы сваю агрэсію, Крэмль тлумачыў, што адной з галоўных мэтаў вайны зьяўляецца імкненьне не дапусьціць уступленьня Ўкраіны ў NATO і ўвогуле заблякаваць яе інтэграцыю ў эўраатлянтычныя структуры. Нагадаю, што падставай для другога Майдану і ўмяшаньня Расеі ва ўкраінскія справы стала пытаньне аб падпісаньні дамовы аб асацыяцыі Ўкраіны з ЭЗ у 2013 годзе.

Што маем праз год пасьля пачатку расейскай агрэсіі? Вайна запусьціла працэс інтэграцыі Ўкраіны ў ЭЗ і NATO. Цяпер гэта пытаньне часу. Можна меркаваць, што на саміце NATO, які пройдзе ў сталіцы Летувы Вільні 11-12 ліпеня, пытаньне аб уступленьні Ўкраіны ў Паўночнаатлянтычны альянс будзе пераведзенае ў практычную плашчыню. Уладзімера Зяленскага ўжо запрасілі на гэты саміт.

Без вайны шанцу на хуткае ўступленьне Ўкраіны ў ЭЗ і NATO не было б. То-бок Расея атрымала вынік, супрацьлеглы таму, да якога імкнулася.

Ёсьць і іншыя наступствы для рэгіёну, да якіх прывяла вайна Расеі супраць Украіны. Міністры замежных справаў «Бухарэсцкай дзевяткі» (аб’яднаньне дзевяці краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, створанае для паглыбленьня вайсковага супрацоўніцтва паміж краінамі ўсходняга флянгу NATO) заклікалі да ўзмацненьня вайсковай прысутнасьці ЗША ў краінах Усходняй Эўропы.

Міністар замежных справаў Эстоніі Урмас Рэйнсалу прапанаваў ануляваць Аснаватворны акт Расея — NATO 1997 году, што адкрые шлях да разьмяшчэньня вайсковых базаў NATO і ЗША ў краінах Усходняй Эўропы ўжо не на ратацыйнай, а на пастаяннай аснове.

Рашэньне аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскай ядзернай зброі — гэта таксама адно з наступстваў вайны.

Адмыслоўцы робяць яшчэ адну важную выснову: цяпер у рэгіёне ня будзе «шэрых зонаў», то-бок ня будзе краін, якія захоўваюць нэўтральны статус, імкнуцца выконваць ролю нейкага пасярэдніка, «моста» паміж Усходам і Захадам. Усе краіны рэгіёну павінныя будуць зрабіць жорсткі выбар на карысьць таго ці іншага вайскова-палітычнага блёку. Украіна ўжо яго зрабіла. На чарзе Малдова. І, зразумела, Беларусь.

Можна запярэчыць, што Беларусь таксама зрабіла свой выбар. І ён на карысьць Расеі. Але гэта выбар не Беларусі як дзяржавы, не беларускага грамадзтва. Гэта выбар Лукашэнкі.

Таму беларускі выбар яшчэ наперадзе. І гэта будзе вельмі драматычнае рашэньне. Драма палягае ў тым, што беларускае грамадзтва моцна расколатае ў пытаньні геапалітычнай арыентацыі. Да таго ж вялізная (калі не пераважная) частка насельніцтва імкнецца альбо інтэгравацца адначасова і з Расеяй, і з Захадам, альбо захоўваць нэўтралітэт. Але так не атрымаецца. Тут ня варта мець нейкіх ілюзій. А неабходнасьць рабіць жорсткі выбар яшчэ больш паглыбіць беларускі раскол.

Украіна пераадолела падобны раскол і зрабіла-такі выбар пад узьдзеяньнем расейскай агрэсіі. Будзем спадзявацца, што Беларусі ўдасца пазьбегнуць падобнага моцнага сацыяльнага стрэсу.

Пуцін назваў распад СССР найбуйнейшай геапалітычнай катастрофай. Мяркую, што ўступленьне Ўкраіны ў NATO магчымае толькі ў выніку падзей, якія будучыя расейскія гісторыкі, напэўна, назавуць новай геапалітычнай катастрофай. То-бок вельмі цяжкай паразы Расеі.