Раман Пратасевіч у апошнім слове пакаяўся і прасіў не пазбаўляць яго волі
Апошняе слова Рамана Пратасевіча ў судзе доўжылася да 10 хвілін. Прысуд будзе абвешчаны 3 траўня.
Абвінавачаны па справе «Nexta» Раман Пратасевіч у апошнім слове ў судзе заявіў пра сваё раскаянне.
«Мной проста скарысталіся спачатку ў Вільні, а потым у Варшаве, а потым проста выкінулі, здаўшы беларускім уладам», — заявіў Раман Пратасевіч у апошнім слове ў судзе, піша «Спутник».
Як піша прапагандыстка Людміла Гладкая, Пратасевіч сказаў, што было вялікай памылкай дамагацца перамен праз раскол грамадства і што ён гатовы пакрыць шкоду.
«Я адкрыта прызнаю палітычнае паражэнне. (…) Адказнасць ляжыць на мне. Прызнаю, у адрозненне ад тых, хто ў тым ліку цяпер за мяжой і прыкрываецца шырмай», — цытуе Пратасевіча прапаганда.
Ён папрасіў суд не прызначаць яму пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі.
Нагадаем, пракурор запрасіў Пратасевічу 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Сцяпану Пуцілу — 20 гадоў, Яну Рудзіку — 19 гадоў. Рудзіка і Пуцілу судзяць завочна.
Першапачаткова Пратасевіч абвінавачваўся па 7 артыкулах, у тым ліку ў распальванні варожасці, арганізацыі масавых беспарадкаў, закліках да захопу ўлады, стварэнні і кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем. Па гэтых абвінавачаннях ён цалкам прызнаў віну. Падчас працэсу яму выставілі больш цяжкае абвінавачанне —кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем у сувязі з працай на канал «Б*ларусь галаўнога м*згу». Ён часткова не прызнаў яго, а таксама не прызнаў у поўным аб'ёме пазоў на 30 млн рублёў.
23 траўня 2021 года ў выніку гвалтоўнай пасадкі беларускімі ўладамі пасажырскага авіялайнера кампаніі «Ryanair», які ляцеў па маршруце Афіны — Вільня, у Нацыянальным аэрапорце Мінска Пратасевіч быў затрыманы прадстаўнікамі спецслужбаў. Разам з ім была затрымана Соф'я Сапега, студэнтка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Цяпер палітзняволеная адбывае тэрмін у гомельскай калоніі.
Пасля затрымання Пратасевіча некаторы час утрымлівалі ў СІЗА КДБ. Праз два тыдні ён ужо з'явіўся ў эфіры праграмы «Маркаў. Нічога асабістага» на «АНТ». Тады ён пералічыў людзей, якія былі з ім у адным тэлеграм-чаце «Хата», у якім нібыта «прымаліся ўсе асноўныя рашэнні аб тым, дзе пройдзе наступная акцыя, і дзе абмяркоўваліся ўсе актуальныя падзеі». У чэрвені 2021 года ён быў пераведзены пад хатні арышт.
Пасля таго, як яму змянілі меру стрымання і выпусцілі з СІЗА, ён актыўна даваў інтэрв'ю дзяржаўным журналістам. У прапагандысцкім фільме «Одно уголовное дело» сцвярджаецца, што Пуціла, Рудзік і Пратасевіч рыхтавалі ў Беларусі «масавыя беспарадкі» і кіравалі беларусамі падчас пратэстаў у 2020 годзе. Пратасевіч у фільме даваў каментары наконт сваёй дзейнасці ў камандзе «N*xta» і дзяліўся падрабязнасцямі сваёй працы, калі па ўсёй Беларусі праходзілі акцыі пратэсту. Пры гэтым у яго спыталі, ці адчувае ён сваю віну за тое, што здарылася 28 верасня 2021 года, калі загінулі супрацоўнік КДБ і Андрэй Зельцэр у выніку перастрэлкі. Ён адказаў, што «ніхто не думаў, што такое магчыма».