Сафію Сапегу перавядуць адбываць тэрмін у Расію
Палітзняволеную Сафію Сапегу, якая з'яўляецца грамадзянкай РФ, перавядуць адбываць тэрмін пакарання ў Расію. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал Baza.
![Фота з сацсетак Фота з сацсетак](/img/v1/images/23945bdb92c94c7b85886ad11834a926_logo_1.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота з сацсетак
Сафія Сапега неўзабаве будзе этапаваная ў Расію. Беларускі бок не пярэчыць супраць таго, каб рэшту тэрміну яна адседзела на радзіме.
Паводле слоў адваката Антона Гашынскага, маці Сафіі і яе біялагічны бацька падалі
хадайніцтва ў Мінюст РФ аб пераводзе дачкі ў Расію. Згоду на гэта даў не толькі рэжым Лукашэнкі, але і сама дзяўчына.
Цяпер сям'я
Сапегі чакае суда ў Расіі, які павінен устанавіць тэрмін адбыцця пакарання
Сафіі на радзіме. Пасля гэтага яе перавод у іншую краіну стане тэхнічна
магчымы.
Нагадаем, што менавіта такі сцэнар развіцця падзей Антон Гашынскі анансаваў яшчэ ў лютым.
— Яе аддадуць, — казаў адвакат. — Але патрымаюць: свабода павінна быць выпакутаваная.
Пасля таго як з'явілася інфармацыя пра тое, што пададзены запыт на перавод яе ў
Расію для адбыцця пакарання, мне сталі паступаць званкі ад расійцаў з
пагрозамі: «Нам Сапега не патрэбна! Хай застаецца там, мы яе не чакаем!» Самі
разумееце, як там усё «прамыта». Дарэчы, ведаеце, у чым прыкол? Сафія яшчэ
сумнявалася, ці мае сэнс пераводзіцца ў Расію.
Як бачым, з цягам часу Сапега пагадзілася на перавод у РФ.
![Лукашэнка не памілаваў Сафію Сапегу Лукашэнка адмовіўся памілаваць Сафію Сапега](/img/v1/images/photo_2023_01_10_18_17_56.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
— Я сваякам тлумачу: яна тут з жоўтай нашыўкай экстрэміста ў калоніі, стаўленне да яе ў Беларусі — як да смяротніка, а ў Расійскай Федэрацыі — не, — дадаваў у лютым Антон Гашынскі. — У Расіі яна можа разлічваць на амністыю. Дарэчы, і беларускія амністыі таксама будуць на яе распаўсюджвацца. У мяне так было з адным кліентам: ён атрымаў у Беларусі пяць гадоў, мы аформілі перавод, за гэты час у Беларусі было дзве амністыі. У выніку яму ў Беларусі па амністыі знялі два гады, яшчэ год у Расіі — і фактычна ён выйшаў адразу, як толькі перавёўся.
Сафія
Сапега была затрымана ў траўні 2021 года разам з журналістам Раманам
Пратасевічам у выніку прымусовай пасадкі «Боінга» Ryanair у Мінску. Праз год
дзяўчыне прысудзілі 6 гадоў калоніі паводле двух крымінальных артыкулаў за
«распальванне варожасці ці варажнечы» і «незаконны збор і распаўсюд звестак аб
прыватным жыцці».
Антон Гашынскі абараняе правы яшчэ аднаго палітзняволенага грамадзяніна Расіі, які зараз знаходзіцца ў няволі ў Беларусі, — Ягора Дуднікава. Аднак, як адзначаў адвакат у лютым, дамагачыся пераводу хлопца ў РФ будзе цяжэй.
Ягора Дуднікава схапілі ў траўні 2021 года. За «распальванне варожасці ці варажнечы» і «заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі» палітвязня асудзілі на 11 гадоў зняволення.