Палітвязні для Лукашэнкі цяпер не актуальныя — яго цікавяць іншыя «цацкі»

Пасланне чалавека, які лічыць сябе прэзідэнтам краіны, было надзіва пустым, бессэнсоўным і поўным канспіралагічных тэорый. Эксперты прааналізавала асноўныя тэзісы звароту Лукашэнкі да сваіх прыхільнікаў. Высновы — даволі сумныя, але прадказальныя.

fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas9_logo_1.jpg


З 2020 года Аляксандр Лукашэнка то адмяняе сваё традыцыйнае «пасланне», то пераносіць яго на іншыя даты і ў іншыя залы. З 2020 года ён не прыходзіць у парламент. Сёлета Лукашэнка выступіў са сваім зваротам 31 сакавіка ў Палацы Рэспублікі, дзе сабралі больш за дзве тысячы чалавек — не толькі дэпутатаў (якіх у Беларусі 110), але і прапагандыстаў, людзей, якія публічна падтрымліваюць цяперашні рэжым.

Пра ядзерную зброю: «Мы ні перад чым не спынімся»

Тэмай паслання Лукашэнкі сталі «ўмовы захавання суверэнітэту і незалежнасці». І праз амаль тыдзень пасля заявы Пуціна ён нарэшце пракаментаваў планы па размяшчэнні ў Беларусі ядзернай зброі, піша «Нямецкая хваля». Лукашэнка назваў «вар'ятамі» тых, хто «да яго» падпісаў абавязацельствы па вывадзе ЯЗ з тэрыторыі Беларусі. «Ці маю я права паставіць пытанне вярнуць ядзерную зброю?» — звярнуўся ён да сваёй аўдыторыі ў зале. Паводле яго слоў, ён «захаваў усе гэтыя пляцоўкі», дзе раней «былі размешчаныя ядзерныя боегалоўкі да ракетнага комплексу "Таполя»" і тыдзень таму загадаў вайскоўцам аднавіць іх. «Трэба будзе, мы з Пуціным вырашым і ўвядзем сюды і стратэгічную зброю. (...) Мы ні перад чым не спынімся, абараняючы свае дзяржавы і свае народы», — заявіў ён.


Як эксперты адрэагавалі на пагрозу размяшчэння ў Беларусі расейскай стратэгічнай ядзернай зброі? «Лукашэнка зрабіў стаўку на поўнае суправаджэнне і поўную падтрымку Расіі ў гэтай вайне. І з'яўленне ядзернай зброі на яго тэрыторыі ён успрымае як чарговую гарантыю захавання ўласнага рэжыму і, адпаведна, бяспекі», — кажа асацыяваны аналітык Еўрапейскага савета па міжнародных адносінах Павел Слюнькін.

Эксперт Фінскага інстытута міжнародных адносін Рыгор Ніжнікаў мяркуе, што «Лукашэнка разумее суверэнітэт як Людовік XIV. Суверэнітэт — гэта я. Гэта значыць, калі ёсць я, ёсць суверэнітэт. А як там далей, яму не важна». «Ён апелюе да Пуціна, выдатна разумеючы, што суверэнітэт у яго калі і застаецца, то толькі па ўнутрыпалітычных і эканамічных рашэннях. А знешняя палітыка ўжо стала функцыяй крамлёўскай знешняй палітыкі», — кажа эксперт.

«Гэта я іх прывёў сюды»

У сваёй прамове Лукашэнка доўга тлумачыў аўдыторыі, чаму Захад не пакінуў Расіі іншых варыянтаў, акрамя нападу на Украіну, і заклікаў бакі да перамоў: «Вайскова-прамысловы комплекс у Расіі разгортваецца на поўную моц. Калі расійская колы па інэрцыі пакоцяцца, то мала не падасца». На думку Лукашэнкі, разлічваць на перамогу над дзяржавай, якая валодае ядзернай зброяй, — вар'яцтва.

«На пачатку сваёй прамовы ён сказаў, што контрнаступленне ўяўляе небяспеку, з яго пункту гледжання. Гэта значыць Украіна не павінна вызваляць свае тэрыторыі. На думку Аляксандра Лукашэнкі, яна павінна садзіцца за стол перамоў, таму што калі раптам контрнаступленне будзе паспяховым, ёсць рызыка, што Расія прыменіць больш небяспечную, магчыма, ядзерную зброю», — каментуе словы Лукашэнкі Слюнькін.

У пасланні Лукашэнка заявіў, што сам кіруе войскамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі: «Не трэба парыцца, што тут Расія нешта захапіла, усе гэтыя расійскія падраздзяленні навучаюцца 500 беларускімі афіцэрамі, не трэба палохаць людзей, што тут Пуцін захапіў Беларусь, я кірую гэтымі войскамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. (...) Гэта я іх прывёў сюды, каб навучыць, падрыхтаваць, абсталяваць і разам працаваць, калі давядзецца гэта рабіць».

«Ён проста займаецца самагіпнозам, — мяркуе Рыгор Ніжнікаў. — Усё-ткі беларусы напалоханыя. Нават першае пытанне, якое яму пайшло з залы, было пра ядзерную зброю». Аповеды пра кантроль над зброяй эксперт называе «казкамі пра белага бычка» — таму што «няма ніякага кантролю за расійскай звычайнай зброяй. А што тычыцца ядзернай зброі, дык дакладна, Беларусь нават побач стаяць не будзе», — упэўнены Ніжнікаў.

Палітвязні — не актуальная тэма для Лукашэнкі

Лукашэнка мала згадваў у сваёй прамове падзеі 2020 года, толькі абмовіўся, што часам не спіцца, успамінае «тыя шалёныя дні». Ён заявіў аўдыторыі ў зале, што «большасцю мы выстаялі» і «пара б ім ужо публічна прызнаць сваю паразу».

Тым не менш гатоўнасць як «пераможцу» вызваліць палітвязняў ён не прадэманстраваў. На пытанне з залы пра лёс асуджанага на 8 гадоў журналіста Анджэя Пачобута, за якога заступілася Польшча, заявіўшы, што адкрые памежны пераход «Баброўнікі» на наступны дзень пасля яго вызвалення, Лукашэнка толькі аджартаваўся. «Як можна абмяняць чалавека на кавалак мяжы?» — сказаў ён і прапанаваў абмяняць Пачобута на апазіцыйнага палітыка Паўла Латушку і яго каманду.


Слюнькін звяртае ўвагу, што тэма палітвязняў была паднятая толькі напрыканцы выступу, калі Лукашэнка адказваў на пытанні з залы. «Гэта паказвае на тое, наколькі неактуальная цяпер тэма для яго. (...) Ён прадэманстраваў поўную негатоўнасць да нейкага канструктыўнага абмеркавання гэтай тэмы, прапанаваўшы абмяняць палітвязняў на палітычных лідараў, якія з'яўляюцца палітычнымі ўцекачамі, па сутнасці, у Польшчы і іншых дзяржавах», — кажа ён.

«Шмат бессэнсоўных тэзісаў»

Лукашэнка заявіў пра разварот краіны на Усход і вельмі шмат гаварыў пра тэорыі змовы — у асноўным, звязаныя з роляй ЗША. «Я думаю, што сёння мы бачылі ў цэлым даволі шчырага Лукашэнку, які, як і заўсёды, супярэчыць сам сабе. Шмат бессэнсоўных тэзісаў, якія не супадаюць з рэальнасцю, шмат хлусні. Але гэта як ён бачыць. Ён часам сам сябе здольны пераканаць у тым, што нешта — праўда, потым пераканаць сябе ў супрацьлеглым пункце гледжання. Ён сапраўды бачыць свет такім чынам. І я думаю, што ў гэтым сэнсе з Пуціным апошніх гадоў у іх даволі шмат агульнага», — кажа Павел Слюнькін.


Рыгор Ніжнікаў лічыць дзіўным тое, што Лукашэнку ў пасланні «ў прынцыпе, няма чаго было сказаць» — у той час, як вайна ідзе ўжо больш за год. Ён заўважае, што цэнтральная частка прамовы была прысвечаная эканоміцы: «Такое адчуванне, што мы вярнуліся ў 2010-я гады і на двары больш няма праблем. Лукашэнка паўтараў усе тыя тэзісы, якія ён з году ў год прамаўляў. І гэта для мяне стала галоўным адкрыццём. Мабыць, чалавеку сапраўды няма чаго сказаць».