Хронікі рэпрэсій. Сілавікі выкрылі «спячую ячэйку экстрэмістаў» у гомельскім гаражы

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі 31 сакавіка.

_kaljuczka___drot___njavolja___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_2.jpg


Суд Цэнтральнага раёна Мінска вынес прысуд Максіму Селязнёву па справе аб падрыве міліцэйскай машыны каля ГУУС. Мужчыну прызналі вінаватым у здзяйсненні «тэракту з мэтай аказання ўплыву на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, застрашвання насельніцтва і дэстабілізацыі грамадскага парадку».

Суддзя прысудзіў яго да 15 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу на 200 базавых адзінак.

* * *

Праваабаронцам стала вядома, што 17 лютага Мінскі абласны суд абвясціў прысуд 36-гадоваму былому супрацоўніку банка «БелВЭБ» Васілю Ермакову — 6 гадоў у турме строгага рэжыму.

Яго судзілі па так званай «справе Ч*рнай кн*гі Беларусі» і абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.3 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), арт. 352 («Неправамернае валоданне камп'ютарнай інфармацыяй»), ч. 3 арт. 203-1 («Неправамерныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб недатыкальнасці прыватнага жыцця і персанальных даных»).

Яго сукамернік распавёў: «Яго моцна збілі, нават у параўнанні з тымі, каго затрымліваў ГУБАЗіК. У яго былі зламаны рэбры. Губазікаўцы пагалілі галаву Васіля машынкай. Прычым зрабілі гэта не акуратна, а часткамі, так што валасы на галаве дзесьці былі, а дзесьці не. Яны здзекаваліся з яго. Такая асаблівая ўвага да яго была не проста так. Як казаў сам Васіль, ён не зліваў людзей у «ЧКБ», а перадаў даныя аднаго канкрэтнага чалавека — экс-кіраўніка ГУБАЗіКа Мікалая Карпянкова».

* * *

У Мінскім гарадскім судзе 31 сакавіка пачалі судзіць IT-спецыяліста Руслана Завадзіча паводле ч.2 арт. 361-2 КК («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»), паведамляюць праваабаронцы. Яму інкрымінуюць два данаты ў BY_h*lp у жніўні 2020 года на суму блізу 50 долараў, а таксама данат Валерыю Цапкалу на суму блізу 25 долараў.

Руслана Завадзіча затрымалі ў канцы кастрычніка 2022 года. Па матэрыялах справы, данаты Руслан рабіў праз беларускую біржу ў біткоінах. Але на момант пераводаў ні BY_h*lp, ні Цапкала не былі прызнаны «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».

* * *

У Круглым затрымалі мясцовага прадпрымальніка Аляксандра Каліна і былога галоўнага санітарнага лекара Аляксея Цыганава. У дачыненні да абодвух распачата крымінальная справа па «народным» артыкуле 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Праваабаронцы лічаць, што ўлады помсцяць ім за грамадзянскую пазіцыю і падтрымку апазіцыйных кандыдатаў на выбарах 2020 года. У жніўні 2020 года старшыня Круглянскага райвыканкама Сцяпан Палоннікаў на праўладным мітынгу публічна абразіў прадпрымальніка і галоўнага санітарнага лекара раёна за іх грамадзянскую пазіцыю. У адказ Аляксандр Калін з калегамі прынеслі ў райвыканкам больш за дзясятак узнагарод, грамат і падзяк, атрыманых ад чыноўнікаў, і расклалі іх проста на ганку.

* * *

31 сакавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». У спіс дадалі яшчэ 41 прозвішча — цяпер у ім 2637 чалавек. Акрамя іншых, у яго трапіў вайсковы аналітык Ягор Лебядок, былы палітзняволены намеснік дырэктара Мінскай роварнай супольнасці Максім Пучынскі, інста-блогеры Кацярына і Сяргей Чарэшкі, якіх нядаўна асудзілі за ўдзел у пратэстах, спартовец Дзяніс Хатылёў.

* * *

У Кобрыне затрымалі 25-гадовую Вікторыю Вараксіну, паведамілі праўладныя тэлеграм-каналы. Дзяўчына нібыта была кіраўніком Telegram-чата «Кобрын для жыцця». У «пакаяльным» відэа дзяўчына распавяла, што «ўдзельнічала ў мітынгах і распаўсюджвала нацысцкую сімволіку».

* * *


* * *

Вядомы глыбоцкі бодзібілдар Аляксандр Шарабайка пераведзены ў СІЗА-2 Віцебска. Паводле папярэдняй інфармацыі, яму інкрымінуюць абразу Лукашэнкі.

Нагадаем, Аляксандра затрымалі 13 сакавіка, пазней яму прызначылі 10 сутак арышту. У мужчыны і ягонай жонкі Алены сілавікі забралі тэлефоны. Пасля выбараў Шарабайку некалькі разоў саджалі на суткі за ўдзел у пратэстах і за бел-чырвона-белы сцяг на доме. У ліпені 2021 яго затрымлівалі на трое сутак «па падазрэнні ў злачынстве».

* * *

У Гомелі сілавікі затрымалі «спячую ячэйку экстрэмістаў» у гаражным кааператыве.

Мяркуючы па «пакаяльным» відэа, што былі апублікаваны ў праўладных тэлеграм-каналах, затрыманы чатыры чалавекі — іх называюць «спячай ячэйкай экстрэмістаў», якія «мелі замежныя сувязі» з беларускімі добраахвотнікамі, якія ваююць ва Украіне.

Паводле СМІ, на відэа — 35-гадовы Дзмітрый Папкоў, 34-гадовы Ігар Чарнавусаў, 32-гадовы Канстанцін Гвоздзеў і 34-гадовы Уладзімір Каменнаў. Усе яны гамельчукі і старыя сябры.

* * *

Выйшаў на волю гомельскі актывіст Уладзімір Няпомняшчых. У красавіку 2021 года ён быў асуджаны на два гады і тры месяцы калоніі.

Няпомняшчых затрымалі 25 снежня 2020 года, а суд пачаўся ў канцы сакавіка 2021 года і ад самага пачатку быў фактычна закрытым, бо адбываўся на тэрыторыі гомельскага СІЗА №3. Адвакат даў падпіску аб неразгалошванні.

Па матэрыялах следства, Уладзіміра Няпомняшчых абвінавачвалі ў абразе памочніцы пракурора Гомеля Алесі Жураўскай непасрэдна ў зале суда пасля абвяшчэння прысуду 26 лістапада 2020 года Георгію Васіленку за падняты на флагштоку бел-чырвона-белы сцяг на гомельскай плошчы. Жураўская падтрымлівала дзяржабвінавачанне. Актывіст сказаў штосьці пра «арганізаваную злачынную групу».

Уладзімір Няпомняшчых віны не прызнаў і заявіў, што гэты выраз не меў дачынення да абвешчанага крымінальнага прысуду.