Забарона на працаўладкаванне. Як выжываюць былыя палітвязні пасля зняволення

Нават пасля заканчэння тэрміну зняволення палітвязні не пазбаўляюцца «клапатлівага вока» дзяржавы, якая сочыць за тым, каб, крый божа, яны не падарвалі беларускую эканоміку сваімі «дэструктыўнымі дзеяннямі». «М*дыязона» на ўмовах ананімнасці расказвае гісторыі пошукаў працы былых палітвязняў.

У Беларусі палітвязням пасля зняволення працу знайсці амаль не магчыма. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

У Беларусі палітвязням пасля зняволення працу знайсці амаль не магчыма. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Пасля выхаду на волю міліцыя патрабуе ад былых асуджаных хутчэй уладкавацца на працу, але судзімасць часта становіцца перашкодай пры пошуках. Былыя палітвязні расказалі «М*дыязоне» пра свой (не заўсёды ўдалы) досвед зваротаў у цэнтры занятасці і «праверкі» пры працаўладкаванні.

Ад дворніка да даяркі

Усе героі гэтага матэрыяла пасля вызвалення не змаглі вярнуцца на ранейшую працу. Сяргей, які адбываў пакаранне ў калоніі больш за год, у сваім горадзе знайшоў вакансіі па спецыяльнасці толькі ў дзяржустановах, але судзімасць пазбавіла яго магчымасці ўладкавацца туды. Падобная сітуацыя ва Уладзіслава, які атрымаў тэрмін за каментар. Да затрымання ён працаваў электрыкам і абслугоўваў ювелірныя крамы і банкі. Людзям з судзімасцю забаронена працаваць на такіх аб’ектах, таму былыя працадаўцы не змаглі ўзяць яго на ранейшае месца.

Вікторыя не можа працягнуць сваю справу пасля выхаду на волю з іншай прычыны: лецішча, на якім яна вяла гаспадарку, давялося прадаць для аплаты судовых выдаткаў. Да затрымання за «абразу прадстаўніка ўлады» яна займалася падсобнай гаспадаркай: агародам, развядзеннем трусікаў і хатняй птушкі.

Большасць былых палітвязняў, з якімі паразмаўляла «М*дыязона», звярталіся па дапамогу з працай у цэнтр занятасці. Міхаілу там выдалі даведку, што вакансій па яго спецыяльнасці — электрык — дастаткова, таму ён можа шукаць працу сам. Іншым суразмоўцам у цэнтры падбіралі нізкааплатныя вакансіі.

Сяргею прапанавалі месцы грузчыка і дворніка з заробкам не больш за 500 рублёў, Вікторыі — вакансію даяркі або жывёлавода ў найбліжэйшым калгасе. Паводле слоў Вікторыі, супрацоўнікі цэнтра не гаварылі наўпрост пра тое, што іншых варыянтаў няма праз «палітычны» артыкул, а толькі «намякалі, паціскаючы плячыма».

— Я гадавала трусікаў, курачак, гусей, індыкачак, а тут — каровы. Я іх баюся, калі шчыра, не разумею, з якога боку да іх падыходзіць. І я павінна з’язджаць са сваёй кватэры ў нейкі задрыпаны калгас для таго, каб працаваць там не зразумела кім.

Стаць на ўлік у цэнтры занятасці трэба яшчэ і для таго, каб атрымаць матэрыяльную дапамогу, адзначае Вікторыя.

«Мы, вядома, дакументы аформім, але вам гэта трэба? 50 рублёў нейкіх. Вас гэта задаволіць? І наўрад ці вам вобласць ухваліць», — пераказвае Вікторыя размову з супрацоўнікамі райвыканкама.

Былая палітзняволеная не афармляла дакументы на атрыманне дапамогі: вырашыла «не прыніжацца за 50 рублёў, якія надвор’я дакладна не зробяць». Яна расказала пра сваю сітуацыю знаёмым па Фэйсбуку, і тыя пачалі ёй дапамагаць — забяспечылі на месяцы два.

— У мяне муж смяяўся. Даслалі фотаздымак прадуктовай перадачы і напісалі: «Сустракайце на санках. Або ўдваіх цягнуць мужыкам трэба, бо шмат важыць».

У «Чырвоным Крыжы», куды можна звярнуцца па дапамогу пасля выхаду на волю, ёй сабралі прадуктовую «скрыначку»: тры банкі згушчонкі, 800-грамовы слоік марынаваных агуркоў, слоічак кабачковай ікры, слоічак салаты і «нейкія кансервы».

Працаўладкаванне некаторых былых палітвязняў узялі на кантроль міліцыянты. Артуру, якога суд адправіў у калонію паводле артыкула аб «апаганьванні збудаванняў», паставілі ўмову: хутка знайсці працу, каб прыходзіць адзначацца раз на тры месяцы. Калі з працаўладкаваннем нічога не выйдзе, яго абавяжуць наведваць мерапрыемствы ў міліцыі і хадзіць у аддзяленне амаль кожны тыдзень, кажа Артур.

Міхаіла таксама «вельмі стараліся працаўладкаваць» супрацоўнікі міліцыі. Паводле яго слоў, міліцыянтам не падабаўся парадак падбору вакансій у цэнтры занятасці, таму яны самі пачалі «выпісваць накіраванні» для прыёму на працу на пэўныя прадпрыемствы.

«Вы нам не пасуеце»

Спярша супрацоўнікі органаў давалі Міхаілу накіраванні на заводы, але туды ўладкавацца не ўдалося: спецыялісты па бяспецы не хацелі прымаць асуджанага «за палітыку».

— На трактарным заводзе мне напісалі: «Адмовіць у працаўладкаванні ў сувязі з неадпаведнасцю карпаратыўнай палітыцы МТЗ», яшчэ недзе адмовілі «ў сувязі з дыскрэдытуючымі абставінамі звальнення», — расказвае ён.

Міхаіл дадае, што дні пасля вызвалення праводзіў так: прыходзіў у міліцыю па накіраванне, ехаў на прадпрыемства і атрымліваў адмову. Аднойчы супрацоўнікі адправілі яго працаўладкоўвацца ў бальніцу, дзе намеснік галоўнага ўрача сказаў, што міліцыя не мае права даваць накіраванні на працу.

Былыя палітзняволеныя расказваюць пра «праверкі» на прадпрыемствах, якія ім апрыёры немагчыма прайсці.

Былы палітвязень Васіль прыйшоў на сумоўе на месца слесара ў адзін з буйных заводаў Мінска — гэтую вакансію яму прапанаваў цэнтр занятасці. Супрацоўніца аддзела кадраў папярэдзіла мужчыну, што ўдзел у пратэстах 2020 года можа паўплываць на працаўладкаванне. Так і здарылася: пасля праверкі звестак Васілю адмовілі ў працы.

Гэта была яго першая і апошняя спроба знайсці працу праз цэнтр занятасці. Там прапануюць вакансіі толькі на дзяржаўных прадпрыемствах, куды былых палітвязняў не возьмуць «праз іх мінулае», упэўнены Васіль.

Уладзіслаў расказвае, што пытанне аб удзеле ў пратэстах 2020 года было ў анкеце перад уладкаваннем на працу і ў дзяржаўныя, і ў прыватныя арганізацыі.

— «Вы нам не пасуеце». Судзімасць яны па-любому ўбачаць, няма сэнсу хаваць. А я проста пакінуў каментар, — кажа былы палітвязень.

Пра ўдзел у пратэстах пытаюцца і на вусных сумоўях. Артур расказвае, што рэкрутарка анлайн-гіпермаркета «21vek» нават адрэагавала на адказ былога палітвязня станоўча — паабяцала «што-небудзь вырашыць» і ператэлефанаваць. Але не ператэлефанавала.

Вікторыі таксама не пашанцавала з працаўладкаваннем: на дзяржаўныя арганізацыі спадзявацца было няма чаго, а ўладальнікі прыватных бізнесаў у невялікім горадзе асцерагаліся «праблем на галаву».

— Некаторыя казалі, маўляў, малайчына, ганарымся табой, Але... вы ж разумееце, гэта іх словы і перакананні, а рызыкаваць ніхто не хоча, — кажа яна.

Жанчына дадае, што большасць прыватных фірм у горадзе займаюцца будаўнічымі працамі, «жаночых» месцаў практычна няма. Займацца цяжкай фізічнай працай жанчыне не дазваляе здароўе, якое пагоршылася ў калоніі.

У мужа былой палітзняволенай таксама былі праблемы з працаўладкаваннем. Пасля затрымання Вікторыі муж некалькі месяцаў дапрацоўваў у кацельні, куды ўладкаваўся па дамове падраду — пазней знайсці працу было ўсё больш складана. У адной арганізацыі ён паспеў папрацаваць тыдзень — пасля кіраўніцтва папрасіла яго звольніцца, каб вызваліць месца для іншага работніка. Падобныя гісторыі здараліся не адзін раз, але ў рэшце рэшт муж Вікторыі ўсё-ткі знайшоў працу.