Ад прымусовых абортаў да забароны глядзець уверх. Праваабаронцы распавялі пра катаванні ў КНДР

У межах дзейнасці Камісіі ААН праваабарончая арганізацыя Korea Future прадставіла даклад аб сітуацыі ў турмах КНДР. Па заключэнні аўтараў дакладу, у Паўночнай Карэі пабудаваны сапраўдны ГУЛАГ.

Скрыншот з відэа Detained in North Korea ад Human Rights Watch

Скрыншот з відэа Detained in North Korea ад Human Rights Watch


Трэба прызнаць, Korea Future добра папрацавалі. Найперш ім удалося знайсці ажно 269 чалавек, якія раней прайшлі праз турмы КНДР. Інтэрв'ю з імі і сталі базай для справаздачы. Акрамя таго, у рукі складальнікаў трапілі некаторыя ўнутраныя дакументы сілавікоў, спадарожнікавыя здымкі пенітэнцыярных устаноў.
Аўтары даклада таксама стварылі поўную карту ўсіх 206 устаноў, якія складаюць пенітэнцыярную сістэму КНДР, уключаючы СІЗА, працоўныя лагеры і спецтурмы для палітвязняў. Высветлілі імёны больш за 500 супрацоўнікаў пенітэнцыярнай сістэмы КНДР, генерал-маёраў, 16 брыгадных генералаў, 20 палкоўнікаў, 37 падпалкоўнікаў, 69 маёраў.
Цікава, што турэмная сістэма Паўночнай Карэі была шмат у чым створана супрацоўнікамі савецкай грамадзянскай адміністрацыі ў лістападзе 1945 года пасля таго, як гэтая тэрыторыя была вызвалена ад японцаў. З зыходам СССР мясцовыя турмы перайшлі пад кантроль Дэпартамента паліцыі — органа нядаўна сфармаванай дзяржавы КНДР. Фармальна сітуацыя не змянілася і дагэтуль.
Аднак насамрэч за гэты час адбылася вельмі важная рэч. Паступова ўся пенітэнцыярная сістэма перайшла пад прамы кантроль кіруючай у краіне Працоўнай Партыі Карэі (ППК). Акрамя таго, у 1974 годзе кіраўніцтвам партыі былі прынятыя так званыя «10 прынцыпаў», якія вызначаюць формулу паводзінаў усіх грамадзянаў краіны.
Гэта дазваляе казаць, што сістэма пакарання ў краіне функцыянуе як палітычны апарат, параўнальны з савецкім ГУЛАГам. Галоўная мэта пенітэнцыярнай сістэмы КНДР — ізаляцыя ад грамадства асоб, чые паводзіны з'яўляюцца выклікам аднаасобнай улады Вярхоўнага лідара з дынастыі Кімаў.
Паколькі ўсе пенітэнцыярныя ўстановы знаходзяцца пад кантролем ППК, многія зняволеныя ў «звычайных» турмах па сутнасці з'яўляюцца палітычнымі зняволенымі. Прычым трапіць у турму дастаткова лёгка. Дастаткова, напрыклад, проста паскардзіцца мясцовым уладам на дрэнныя жыллёвыя ўмовы.
Затрыманых у паўночнакарэйскіх турмах перавыхоўваюць праз прымусовую працу, ідэалагічны інструктаж і гвалт. Умовы ўтрымання вязняў тут не вельмі камфортныя. У дакладзе прыводзяцца і канкрэтныя прыклады, калі зняволеных трымалі ў маленечкіх камерах плошчай 2 кв. м, пры гэтым ім забаранялі размаўляць, глядзець уверх, перасоўвацца па камеры.
У асноўным у турмах КНДР ужываюцца тры віды катаванняў: прымусовы аборт, адмова ў праве на харчаванне і «пазіцыйнае катаванне».
Пад гвалтоўным абортам маецца на ўвазе спыненне цяжарнасці без згоды пацярпелай. Агулам зафіксавана 56 выпадкаў прымусовых абортаў. Таксама задакументаваны выпадкі, калі турэмшчыкі забівалі немаўлят, якія нарадзіліся жывымі.
Наступная гісторыя ілюструе, як гэта працуе на практыцы. Яе распавяла жанчына, якая фігуруе ў дакладзе як А0078 (сапраўдныя імёны інфарматараў утоены праз пытанні бяспекі). А0078 было 30 гадоў, калі яе арыштавалі ў Кітаі і выдалі ў КНДР. Тым часам яна была на другім месяцы цяжарнасці. Улады прад'явілі ёй абвінавачанне ў незаконным уездзе і выездзе цераз мяжу. Падчас знаходжання ў следчым ізалятары А0078 зрабілі прымусовы аборт на восьмым месяцы цяжарнасці. Пазней яна была асуджана на тры гады перавыхавання ў працоўным лагеры.
Справа вязня A0070 ілюструе, як прымяняецца такое папулярнае ў турмах пакаранне як абмежаванне ў ежы. Калі A0070 не выканаў штодзённую працоўную норму, яго сутачны паёк з 120 грамаў скарацілі да 80 грамаў. Прычым гэта была не кукуруза, а нейкае падабенства хлеба з дробнымі фрагментамі галінак. Каб выжыць, A0070 прыйшлося ўжываць у ежу прусакоў і пацукоў, якіх ён лавіў у сваёй камеры. Нядзіўна, што звычайна ахвяра такога катавання губляе за месяц 20-25 кг вагі.
Паводле слоў A0070, за амаль восем гадоў зняволення ў лагеры Кэчхон Рэ 980 з 3000 затрыманых памерлі па прычынах, звязаных з галаданнем і недаяданнем.
Нарэшце, пазіцыйнае катаванне. Падчас пазіцыйнага катавання ахвяра вымушана заставацца ў фіксаваным становішчы на працягу працяглага перыяду. Пазіцыі могуць быць розныя. Зняволенага могуць прымусіць стаяць, сядзець у нязручнай позе, падвесіць на ланцуг на вельмі доўгі час. Напрыклад, пацярпелы A1803 падвяргаўся пазіцыйным катаванням па 17 гадзін у дзень на працягу 30 дзён запар. Працягласць і інтэнсіўнасць катавання выклікалі цяжкія фізічныя і псіхічныя ўздзеянні ў яе ахвяры.
Як бачым, катаванні і жорсткае абыходжанне ў «звычайнай» пенітэнцыярнай сістэме КНДР носяць сістэматычны характар. Таму фінальная выснова аўтараў даклада відавочная. Праваабаронцы заклікаюць міжнародную супольнасць правесці поўнамаштабнае расследаванне сітуацыі ў турмах КНДР, задакументаваць выпадкі парушэнняў правоў чалавека і арганізаваць судовыя працэсы ў дачыненні да асоб, якія ўчынілі гэтыя дзеянні. Пакуль такая перспектыва падаецца трошкі ілюзорнай. Аднак нічога выключаць таксама не варта.