Хронікі рэпрэсій. У Гомелі асудзілі барда, у Полацку зладзілі «хапун»
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі 30 сакавіка.
У Мінскім абласным судзе агучылі прысуд 36-гадоваму былому супрацоўніку
банка «БелВЭБ» Васілю Ермакову — 6 гадоў калоніі ва
ўмовах узмоцненага рэжыму.
Яго судзілі па так званай «справе Чорнай кнігі Беларусі» і абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч.3 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), арт. 352 («Неправамернае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй»), ч.3 арт. 203-1 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных»). Справу разглядала суддзя Алена Міснік.
Гомельскі абласны
суд вынес прысуд па крымінальнай справе 61-гадовага барда і музыканта Аляксея
Ільінчыка. Яму былі прад’яўлены абвінавачанні ў паклёпе на Лукашэнку (ч.2
арт. 367 КК), абразе Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК) і распальванні варожасці (ч.1 арт. 130 КК). Справу разглядаў суддзя Аляксей Хлышчанкоў.
Пра затрыманне Ільінчыка стала вядома 18 жніўня 2022 года пасля таго, як праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што Аляксея затрымалі з-за «творчай дзейнасці ў інтэрнэце». Яго змясцілі ў СІЗА, аднак з-за перанесенага перад гэтым інсульту Аляксею прыйшлося правесці ў бальніцы некалькі месяцаў, паколькі рэабілітацыя пасля хваробы была праблемнай і правы бок цела быў паралізаваны.
Вядома, што дяржаўны абвінаваўца запытаў для Ільінчыка тры гады пазбаўлення волі. Суд прыгаварыў барда да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Па справе «Чорнай
кнігі Беларусі» затрымалі былога памочніка пракурора Глускага раёна Канстанціна Прытуленку. Нібыта ён перадаў каналу звесткі пра некалькіх сілавікоў і сфатаграфаваў дом аднаго з іх. Мяркуючы па ўсім, супраць мужчыны заведзена крымінальная справа.
За данаты затрыманы супрацоўнік EPAM Андрэй Баранаў. Вядома, што дома ў яго адбыўся ператрус. Папярэдне Андрэю інкрымінаваны арт. 290-1 КК («Фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці»).
Хворую жанчыну, якая даглядае чалавека з інваліднасцю, затрымалі за «лайк» пад «экстрэмісцкім» рэсурсам. Выпадак адбыўся ў адной з вёсак Гомельскай вобласці.
«Жанчына не цікавілася палітыкай, ды ёй і часу не было. Але яе ляжачы муж практычна ўвесь час сядзеў у інтэрнэце з яе тэлефона. Можа, ён і паставіў падабайку на «экстрэмісцкім рэсурсе», — расказала крыніца. Муж жанчыны памёр у канцы сакавіка 2022 года.
Апошнім часам жанчына даглядала чалавека з інваліднасцю, які пасля інсульту пакутуе на дэменцыю — яго адвезлі ў раённы шпіталь. Сама жанчына цяпер за кратамі — у яе бранхіяльная астма, праблемы з суставамі, страўнікам.
Адбыліся
суды над некаторымі затрыманымі ўчора супрацоўнікамі Полацкага
гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Папярэдняя інфармацыя адносна таго,
што большасць затрыманых урэшце адпусцілі, не пацвердзілася. Адпусцілі толькі
трох ці чатырох, а ўсяго затрымалі за два дні 11 чалавек.
Былой дырэктарцы музея-запаведніка Тамары Джумантаевай, фатографу Кірылу Смалякову далі па 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Яны адбываюць яго ў полацкім СІЗА.
Што тычыцца кандыдата філасофскіх навук Ігара Бортніка, то яго ўтрымліваюць у Наваполацкім ЦІП.
Таксама ў Полацку былі затрыманы і іншыя супрацоўнікі музея: фатограф Ігар Супранёнак, загадчыца рэстаўрацыйных майстэрняў Аксана Шафран, Аксана Козел з музея ткацтва, Вольга Філімонава з Сафійскага сабора, Вікторыя Бабко з аддзела фондаў, Надзея Язмер з Сафійскага сабора і Алена Ходзікава.
Палітвязень Мікіта Старажэнка пераведзены ў віцебскую калонію № 3. У Мінгарсудзе 2 снежня былога следчага асудзілі на сем гадоў калоніі за «зліў» кантактаў сілавікоў «пратэсным каналам». Са словаў былога сукамерніка палітвязня, менавіта Старажэнка быў прызначаны ў 2020 годзе весці справу супраць 16-гадовага збітага сілавікамі хлопца (верагодна, гаворка ідзе пра Цімура Міцкевіча) — тады Мікіта звольніўся са следчых органаў.
Былы сукамернік Старажэнкі з ізалятара часовага ўтрымання на Акрэсціна распавёў, што былога следчага даставілі туды моцна збітым.
З'явілася інфармацыя пра ператрусы ў мінскіх актывістаў, што збіраюць подпісы супраць будаўніцтва цэха «Камунаркі» па перапрацоўцы какава-бабоў. Паведамляецца, што ніхто з актывістаў не затрыманы. З людзьмі правялі размову, падчас якой супрацоўнікі сказалі, што «выканкам нервуецца» і «настойліва папрасілі не перашкаджаць рабоце дзяржаўных органаў».
Новы цэх «Камунаркі» плануюць пабудаваць у раёне вуліцы Ангарскай. Гаворка ідзе аб стварэнні на 11 гектарах інавацыйнай імпартазамяшчальнай вытворчасці поўнага цыкла перапрацоўкі какава-бабоў. Пляцоўка, дзе можа размясціцца вытворчасць, знаходзіцца ў раёне вуліцы Герасіменкі, 57 — у межах вуліц Ілімскай, Ангарскай і завулка Балотнікава.
Рэдактары слуцкай газеты «Інфа-Кур’ер» Сяргей Станкевіч і
Алег Рубчэня выйшлі на волю пасля 15-сутачнага арышту. Нагадаем, журналістаў затрымалі пасля ператрусу ў рэдакцыі.
У Беларусі 10 новых палітвязняў. Гэта Арцём Бабкоў, Аляксандра Каско, Валерый Цімашэнка,
Яраслаў Казакевіч, Дзмітрый Качаноўскі, Ксенія Алькенава, Юрый Адамаў, Мікалай
Васілевіч, Дзмітрый Слук, Віктар Залатарэўскі.
Цяпер у спісах праваабаронцаў 1476 палітвязняў. Хаця насамрэч іх, вядома, значна больш.