«Чалавек ратаваўся ад фашысцкага закона». Адвакат пра затрыманага ў Беларусі Аляксея Маскалёва

У Мінску затрымалі Аляксея Маскалёва — жыхара Тульскай вобласці, які ўцёк напярэдадні прысуду расійскага суда па справе аб паўторнай «дыскрэдытацыі» арміі РФ. Як гэта адбылося?

Аляксей Маскалёў. Фота: Scanpix / LETA

Аляксей Маскалёў. Фота: Scanpix / LETA

У ноч на 30 сакавіка ў Мінску затрымалі Аляксея Маскалёва. Суд РФ прызнаў Маскалёва вінаватым і пастанавіў адправіць на два гады ў калонію, а яго дачка Маша трапіла ў прытулак. Пра затрыманне Маскалёва першымі паведамілі незалежныя СМІ, пазней інфармацыю пацвердзіла МУС Беларусі. Дзе цяпер знаходзіцца Аляксей, па-ранейшаму невядома.

Як спецслужбы змаглі затрымаць Маскалёва і ці магчыма наогул збегчы з сучаснай Расіі — гэта паспрабавалі высветліць у адваката журналісты расійскай «Медузы».

— Як вы адрэагавалі на навіну пра ягоныя ўцёкі? На ваш погляд, гэта правільнае рашэнне?

— Чалавек ратаваў сваю свабоду. Свабода заўсёды лепш, чым несвабода. Чалавек ратаваў сябе ад дзеянняў фашысцкага закона, які не з'яўляецца правам. Гэта яго выбар, які трэба паважаць.

— Вы можаце расказаць, як менавіта Аляксей збег з-пад хатняга арышту і як апынуўся ў Мінску?

— Ва ўсіх дэталях не ведаю, а калі б і ведаў — не сказаў бы.

— Вы маглі б растлумачыць, чаму менавіта казаць пра гэта нельга?

— 24 лютага 2022 года мы ўсе прачнуліся ў [краіне з] канчаткова аформленай фашысцкай дыктатурай. У сакавіку 2022 года ў Крымінальны кодэкс быў унесены шэраг законаў, якія па сваёй сутнасці фашысцкія. Яны прымаліся спецыяльна для таго, каб караць людзей за абсалютна дапушчальнае, карэктнае меркаванне.

Для жыхароў Расійскай Федэрацыі гэта азначае наступнае: яны могуць трапляць у сітуацыі, калі яны вольна ці мімаволі будуць сутыкацца з пераследам з боку дзяржавы. Чалавек можа казаць нешта нават непублічна, а падчас тэлефоннага званка, як гэта ўжо было ў справе былога супрацоўніка паліцыі Сяргея Ведзеля (Клокава). Ці можа сказаць нешта «антысавецкае» на кухні, святкуючы дзень нараджэння. Часам у такіх сітуацыях адзіны спосаб выратаваць сваю свабоду — уцёкі.

Людзей, якіх улады пераследуюць за выказванне меркавання, будзе яшчэ больш. І чым больш мы даём інфармацыі аб тым, якім чынам уцекачоў неабходна шукаць, тым менш у іх шанцаў на поспех.


— Вы апісалі ў сваім тэлеграм-канале некалькі варыянтаў таго, што будзе далей з Аляксеем: ад таго, што прысуд яму могуць перагледзець, а дачку вярнуць за «пакаянне», і да таго, што яму «накінуць яшчэ што-небудзь». Які з іх вам здаецца найбольш верагодным?

— Залежыць ад людзей, якія каментуюць гэтую сітуацыю. Калі яны знойдуць у сабе сілы перастаць вінаваціць адзін аднаго і зоймуцца справай: гэта значыць пачнуць каментаваць сітуацыю ў тым кантэксце, што гэта бязладдзе і бязмежжа як з боку беларускіх, так і расійскіх улад; што гэта парушае ўжо нават не закон, а самі асноўныя нормы грамадскай маралі, у тым ліку дэклараваныя самой уладай «сямейныя каштоўнасці», тады, магчыма, зыход справы будзе крыху лепшым, чым калі працягнецца бясконцае навешванне цэтлікаў і спрэчкі адносна таго, хто і што не так сказаў.

— Што цяпер будзе з Аляксеем Маскалёвым? Ці адаб'юцца на яго становішчы ўцёкі?

— З пункту гледжання закона, уцёкі з-пад хатняга арышту могуць пацягнуць за сабой змяненне меры стрымання ў бок узмацнення жорсткасці, гэта значыць, заключэння пад варту.

— Пасля ўцёкаў Маскалёва было даволі шмат публікацый з апавяданнямі людзей, якія ў розны час беглі з Расіі. Як вы да гэтага ставіцеся?

— Маё меркаванне: раскрываць падрабязнасці — вельмі дрэнна. Звярніце ўвагу, як тая ж самая Марына Аўсяннікава паводзіць сябе, калі распавядае пра гэтую сітуацыю. Яна не дае ніякай інфармацыі. Яна кажа: «я ўцякла лясамі-палямі». У якім кірунку, па якой дарозе, у што яна пераапраналася, якія парыкі насіла, які касцюм быў на яе дачцэ, якімі сродкамі сувязі яны карысталіся, хто канкрэтна іх вывозіў, на якіх машынах, у якую краіну — гэтага нічога яна не распавядае. Яна пра гэта маўчыць — і правільна робіць. А тыя людзі, якія распавядаюць нешта з гэтага, аказваюць мядзведжую паслугу грамадзянскай супольнасці.

— Ці застаецца яшчэ магчымасць дапамагчы чалавеку, якога, напрыклад, пераследуюць па палітычных матывах, бегчы з Расіі?

— Дапускаю, што магчыма.

— Вы дапамагалі бегчы Марыне Аўсяннікавай. Як вы лічыце, ці правільна гэта для адваката?

— Я кіруюся наступным прынцыпам: можаце выратаваць чалавека і яго дзяцей ад знявагі, расстання з сям'ёй, магчымай смерці ў турме з-за жорсткага абыходжання па відавочна палітычна матываваным пераследзе (як гэта было ў выпадку з Марынай) — проста зрабіце гэта нягледзячы ні на што, і хай дапаможа вам у гэтым Бог. І хай будзе, як будзе.

Паўтаруся яшчэ раз: фашысцкі закон не ёсць права. Закон, які змяшчае ў сабе прамую і непрыхаваную дыскрымінацыю па прыкмеце стаўлення грамадзяніна да агрэсіўнай, захопніцкай, незаконнай вайны, прызнанай у такой якасці рэзалюцыяй Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, — гэта не права. Ён юрыдычна нікчэмны: яго прымяненне з пункту гледжання права не павінна цягнуць за сабой ніякіх юрыдычных наступстваў, акрамя рэабілітацыі, кампенсацыі шкоды за незаконны крымінальны пераслед у нацыянальнай юрысдыкцыі.

У міжнароднай юрысдыкцыі прымяненне да грамадзяніна падобнага закона з боку ўлад РФ надзяляе яго правам звяртацца ў іншую краіну з заявай аб прадастаўленні яму палітычнага прытулку ў адпаведнасці з Жэнеўскай канвенцыяй аб статусе бежанцаў 1951 года. Гэта з аднаго боку.

З іншага боку, калі «суды» і «органы следства» Расійскай Федэрацыі лічаць для сябе магчымым прымяняць падобныя законы на практыцы, то ім варта яшчэ раз прачытаць Нюрнбергскія прынцыпы, асабліва прынцып VI.


— Ці будзеце вы неяк дапамагаць Аляксею Маскалёву цяпер? Ці можна нешта зрабіць?

— Гэта самая жудасная, самая абуральная і брыдкая гісторыя за апошні час. Неверагодная ганьба для ўсіх, хто быў арганізатарам і саўдзельнікам пераследу Аляксея і ягонай дачкі. Я буду вельмі ўважліва сачыць за лёсам Аляксея. Будзе зразумела ў працэсе, змагу ці не змагу яму чымсьці дапамагчы.