401-ы дзень вайны і гадавіна дэакупацыі Бучы. Час гуляе супраць Расіі

Абарона Бахмута трывае. У Бахмуце час гуляе супраць ворага, заявіла намеснік міністра абароны Ганна Маляр. Год таму ўвесь свет пабачыў праўду пра РФ, калі вызвалілі Бучу, прыгадаў Зяленскі. Сабралі для вас асноўныя навіны з вайны ва Украіне.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Паводле слоў Ганна Маляр, правільныя і прафесійныя дзеянні ўкраінскага камандавання на Бахмуцкім кірунку і мужнасць байцоў «зрабілі для ворага гэтыя працяглыя баі самымі дарагімі за час поўнамаштабнага ўварвання. Бо выдаткаваныя ворагам на захоп Бахмута час, зброя, тэхніка і велізарная колькасць загінулых з пункту гледжання ваеннай мэтазгоднасці не апраўданыя».

Зрэшты, РФ не пакідае свае планы, пайшла на прынцып і падняла стаўкі на шкоду сабе. «Гэта вельмі «па-руску», логікай не зразумець», — дадала Маляр.

Расіяне кожны раз ужываюць новую тактыку для нападаў, паведаміў спікер паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат. Так, паводле яго слоў, напярэдадні яны спачатку днём ўжывалі дроны-камікадзэ, а затым і ноччу, бо разумелі, што мабільныя агнявыя групы не могуць так эфектыўна знішчаць іх, як днём. «Але і мы не стаім на месцы, і мабільныя агнявыя групы атрымліваюць ад нашых партнёраў, ад валанцёраў сучаснае абсталяванне, якое дапамагае знішчаць «Шахеды» нават у начны час», — дадаў Ігнат.

Сілы абароны працягваюць абараняць Бахмут і пры гэтым наносяць вялікія страты ворагу на ўсходзе. Пра гэта заявіў камандуючы сухапутнымі войскамі УСУ Аляксандр Сырскі. Паводле яго слоў, на некаторых участках «вораг прыкметна нервуецца, таму што час гуляе супраць іх, а чалавечага рэсурсу для штурмаў нашых пазіцый застаецца менш».

У Херсонскай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінуў адзін чалавек, яшчэ двое атрымалі раненні. У Данецкай вобласці адзін загінулы (у Бахмуце) і шасцёра параненых, паводле інфармацыі АВА.

У вёсцы Пасад-Пакроўскае Херсонскай вобласці на расійскай міне падарваліся тры энергетыкі, якія працавалі над аднаўленнем электрасетак. Паводле папярэдняй інфармацыі, двое загінулі, адзін паранены, паведаміў кіраўнік АВА Аляксандр Пракудзін.

Расіяне абстралялі вёскі Разумоўка і Ніжняя Хорціца Запарожскай вобласці. Ёсць траплянні ў жылыя прыватныя дамы, а таксама ў раёне мясцовай фермы. Паводле папярэдняй інфармацыі, людзі не пацярпелі, паведамілі ў офісе прэзідэнта.

Войскі РФ позна ўвечары 30 сакавіка нанеслі ракетны ўдар па Новабаварскім раёне Харкава. Усяго па горадзе было выпушчана дзевяць ракет, папярэдне з ЗРК С-300, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінягубаў. У Харкаве пашкоджаны аб'ект грамадзянскай інфраструктуры і прыватныя жылыя дамы. Частка ракет трапіла ў зямлю і выбухнула ў паветры. У выніку ракетнай атакі лёгкія раненні атрымалі тры чалавекі.

Таксама мінулай ноччу вораг атакаваў дронамі-камікадзэ аб'екты крытычнай інфраструктуры ў Ізюмскім раёне. Два чалавекі параненыя.

Акрамя таго, войска РФ задзейнічала дзесяць ударных БПЛА тыпу Shahed-136, дзевяць з іх знішчаныя, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы. Паводле інфармацыі камандавання паветраных сіл УСУ, таксама ў небе было зафіксавана да пяці іншых паветраных мэтаў, верагодна, паветраных шароў. Ударнымі дронамі-камікадзэ расіяне атакавалі з паўночнага кірунку — з Бранскай вобласці РФ, праз Сумскую і Чарнігаўскую вобласці.

Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 31 сакавіка: асабовага складу-каля 173 360 (+460 за мінулыя суткі) чалавек.

straty_rf_u_vajne_31_03.jpg

Армія РФ засяроджвае асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. Падраздзяленні сіл абароны Украіны адбілі больш за 80 нападаў расіян. У эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца Белагаўка, Бахмут, Аўдзееўка і Мар'інка.

  • Прэм'еры Славакіі, Славеніі і Харватыі — ва Украіне

Прэм'еры Славакіі, Славеніі і Харватыі прыбылі ва Украіну на саміт да дня дэакупацыі Бучы. Фота  vlada.gov.hr

Прэм'еры Славакіі, Славеніі і Харватыі прыбылі ва Украіну на саміт да дня дэакупацыі Бучы. Фота vlada.gov.hr


Прэм'еры Славакіі, Славеніі і Харватыі Эдуард Гегер, Роберт Галаб і Андрэй Пленковіч прыбылі ва Украіну, дзе возьмуць удзел у саміце з нагоды гадавіны дэакупацыі Бучы.

Пра аднадзённы візіт ва Украіну таксама заявіў прэм'ер-міністр Славеніі. "Мы хочам пацвердзіць нашу палітычную падтрымку ў святле ўсебаковай дапамогі Славеніі Украіне ў цяжкія часы расійскай вайсковай агрэсіі. Мы таксама хочам пацвердзіць нашу прыхільнасць палітыцы тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў межах яе міжнародна прызнаных межаў", — напісаў ён.

Уладзімір Зяленскі апублікаваў відэа пра Бучу: «Ніколі не даруем»

«Буча і Бучанскі раён. 33 дні акупацыі. Больш за 1400 смерцяў, з іх 37 дзіцячых. Больш за 175 чалавек знойдзеныя ў брацкіх магілах і камерах катаванняў. 9000 расійскіх ваенных злачынстваў. 365 дзён, як гэта зноў свабодны ўкраінскі горад. Сімвал зверстваў арміі краіны акупанта. Ніколі не даруем. Пакараем усіх вінаватых».


  • Орбан: ЕС увядзе міратворцаў ва Украіну?

Орбан заявіў, што краіны ЕС ужо блізкія да таго, каб абмяркоўваць магчымасць адпраўкі ва Украіну міратворчых сіл: «Мы блізкія да таго, каб у размовах еўрапейскіх лідараў легітымным і прынятым стала пытанне аб тым, ці могуць краіны-чальцы ЕС паслаць у якой-небудзь форме войскі нейкага міратворчага тыпу, або лепш не пасылаць. Мы блізкія да гэтай мяжы, якую раней ніколі не пераступалі».

Паводле слоў венгерскага прэм'ера, пазіцыя Будапешта заключаецца ў тым, каб дамагчыся спынення агню, пасля чаго нібыта можа быць выпрацаваны мірны план. «Пагроза сусветнай вайны — не літаратурнае перабольшанне. У гэты момант гэта рэальная небяспека», — мяркуе Орбан.

  • Спорт па-за палітыкай?

Зборныя Украіны будуць байкатаваць спаборніцтвы, у якіх будуць удзельнічаць спартоўцы з краін-агрэсараў. Такое рашэнне прыняў Кабінет міністраў, паведаміў міністр КМУ Алег Нямчынаў. Рашэнне распаўсюджваецца на ўсе міжнародныя спаборніцтвы, у тым ліку адборачныя этапы да Алімпіяды 2024 года ў Парыжы.

«На пасяджэнні ўрада прынята пратакольнае рашэнне па прапанове калегі Гутцайта аб тым, што мы ўдзельнічаем у адборачных спаборніцтвах толькі там, дзе няма расіян. Адпаведна, удзел па-за гэтымі крытэрамі можа быць падставай для пазбаўлення федэрацый статусу нацыянальнай», — заявіў Нямчынаў.


  • Заўтра РФ стане старшынёй Рады Бяспекі ААН

Расія з 1 красавіка цягам месяца будзе старшынстваваць у Радзе Бяспекі ААН. Прэс-сакратар Белага дома Карын Жан-П'ер заявіла, што краіне, якая груба парушае Статут ААН і ўрываецца да свайго суседа, не месца ў Радзе Бяспекі, аднак на сённяшні дзень няма прававых шляхоў, якія могуць выключыць Расію з СБ. Па словах Жан-П'ер, РФ працягне выкарыстоўваць сваё месца ў ААН для распаўсюджвання крамлёўскіх наратываў і спробаў апраўдаць сваю ваенную агрэсію супраць Украіны і ваенныя злачынствы.

  • ISW: прызыў перашкодзіць РФ рыхтаваць салдат для вайны ва Украіне

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) мяркуе, што ў раёне Бахмута загінулі або былі параненыя блізу 30 тысяч расійскіх вайскоўцаў і наймітаў ПВК Вагнер. На думку аналітыкаў, значныя страты ПВК Вагнер будуць пагражаць іх здольнасці захаваць сваю ўплывовую ролю сярод расійскіх сіл, што ваююць ва Украіне. У той жа час эксперты адзначаюць, што расійскія войскі працягваюць наступальныя дзеянні ў раёне Бахмута, а таксама на ўчастку Аўдзееўка-Данецк.

У ISW таксама мяркуюць, што Пуцін наўрад ці накіруе нядаўна мабілізаваных расіян ва Украіну праз боязь за стабільнасць свайго рэжыму. А паколькі магчымасці навучання ў Расіі абмежаваныя, той факт, што іх зоймуць прызыўнікі, якія не будуць ваяваць у 2023 годзе, пазбаўляе Крэмль магчымасці навучаць рэзервістаў і добраахвотнікаў.

Эксперты дапускаюць, што расійскія ўлады могуць паспрабаваць набраць папаўненне для вайны ва Украіне, прымусіўшы або ўгаварыўшы падпісаць кантракты частку жаўнераў, якія заканчваюць службу прызыву і ўжо ў нейкай ступені падрыхтаваныя. Зрэшты, у ISW не ўпэўненыя, што падобная спроба прынясе жаданы вынік.

Мінабароны РФ заявіла, што ў планах Генеральнага штаба УС РФ няма другой хвалі мабілізацыі — ужо прызваных у рамках частковай мабілізацыі і добраахвотнікаў нібыта «цалкам хапае для выканання ўскладзеных задач у рамках спецаперацыі».

  • NATO не спыніць дапамогу Украіне

NATO мае намер забяспечыць украінскіх вайскоўцаў усім неабходным для будучага контрнаступлення, якое, магчыма, адбудзецца гэтай вясной, заявіла прэс-сакратарка Белага дома Карын Жан-П'ер. Яна дадала, што саюзнікі абмяркуюць патрэбы УСУ на сустрэчы міністраў абароны ў Брусэлі 3-5 красавіка.

Паводле korrespondent.net, Украінскай службы РБК, сацсетак; www.pravda.com.ua