МАК рэкамендаваў дапускаць расійскіх і беларускіх спартсменаў да спаборніцтваў, але з шэрагам умоў
У выніку незадаволеныя ўсе. Асабліва абураюцца ў Расіі. У чым справа?
Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) апублікаваў рэкамендацыі міжнародным спартыўным федэрацыям па допуску расійскіх і беларускіх спартсменаў да спаборніцтваў. У Расіі яны ўжо выклікалі абурэнне.
Што вырашыў МАК
Паводле рэкамендацый, якія апублікаваў выканкам МАК па выніках пасяджэння ў Лазане, расійскіх і беларускіх спартсменаў могуць дапусціць да спаборніцтваў, але толькі ў нейтральным статусе і толькі ў тым выпадку, калі яны:
- выступаюць у індывідуальных відах спорту;
- не выступалі з падтрымкай уварвання ва Украіну;
- не маюць сувязей з расійскім ці беларускім войскам, а таксама з сілавымі структурамі і органамі бяспекі.
Расійскія спартсмены і раней выступалі без сцяга і гімна з-за парушэння антыдопінгавых правіл, але пры гэтым маглі прымаць удзел у спаборніцтвах зборных (у хакеі, валейболе і г.д.) — у якасці «нейтральных атлетаў з Расіі» або «зборнай алімпійскага камітэта Расіі (ROC)».
Цяпер жа МАК гэта забараняе: акрамя таго, спартсмены з Расіі не змогуць выступаць і ў камандных дысцыплінах, такіх, як лыжныя і біятлонныя эстафеты, мнагабор'і і г. д.
Для допуску расійскіх спартоўцаў МАК рэкамендуе кожнай федэрацыі стварыць асобную камісію, якая вызначыць, ці выступаў той ці іншы атлет у падтрымку вайны, развязанай Расіяй ва Украіне.
Як адзначаецца ў рэкамендацыях, такой падтрымкай могуць лічыцца пасты спартсменаў у сацсетках, выказванні ў СМІ, удзел у праваенных мітынгах і нашэнне або публікацыя імі Z-сімволікі.
Калі спартсмен мае дачыненне да войска, сілавых структур або органаў бяспекі, то ён аўтаматычна лічыцца тым, хто падтрымлівае ўварванне, вырашылі ў МАК.
Вядома, што многія расійскія атлеты маюць воінскія званні і служаць у сілавых ведамствах. Так, на Алімпійскіх гульнях у Пекіне выступілі больш за 60 спартсменаў, якія прадстаўляюць ЦСКА — федэральную аўтаномную ўстанову Мінабароны Расіі.
За ЦСКА выступаюць алімпійскія чэмпіёны Марыя Ласіцкене (скачкі ў вышыню), Соф'я Вялікая (фехтаванне), Дзіна і Арына Аверыны (мастацкая гімнастыка).
Іншыя спартсмены, напрыклад, трохразовы алімпійскі чэмпіён па лыжных гонках Аляксандр Бальшуноў і сярэбраны прызёр Алімпіяды Дзяніс Спіцоў лічацца ваеннаслужачым Расгвардыі і маюць званні капітанаў.
18 сакавіка 2022 года некалькі расійскіх спартсменаў, якія заваявалі алімпійскія медалі, прынялі ўдзел у мітынгу-канцэрце да 8-годдзя анексіі Крыма. Некаторыя прымацавалі на грудзях літару Z.
Усе гэтыя рэкамендацыі тычацца спаборніцтваў, якія праводзяць міжнародныя спартыўныя федэрацыі, але не Алімпійскіх гульняў.
Канчатковае рашэнне па допуску расійскіх і беларускіх спартсменаў на гульні 2024 года ў Парыжы яшчэ не прынята, і, па словах кіраўніка МАК Томаса Баха, МАК «пакідае за сабой права вярнуцца да пытання, калі гэта будзе магчыма».
Як адрэагавалі ў Расіі
У Расіі агучаныя МАК крытэрыі допуску на міжнародныя спаборніцтвы сустрэлі з абурэннем.
Прэзідэнт Алімпійскага камітэта Расіі (АКР) Станіслаў Пазнякоў заявіў, што рэкамендацыі МАК «з'яўляюцца непрымальнымі для алімпійскага камітэта Расіі», і назваў іх «парушэннем правоў чалавека» і «дыскрымінацыяй».
«Што тычыцца каманд, то гэта дыскрымінацыя не толькі па пашпарце, але і па відзе спорту. Рашэнні выканкама — гэта фарс, парушаюцца прынцыпы МАК і ААН. Мы патрабуем роўных умоў для спартсменаў усіх краін», — заявіў ён (цытаты па «РИА Новости»).
Яшчэ больш яго абурыла рэкамендацыя не дапускаць да спаборніцтваў спартсменаў, звязаных з узброенымі сіламі або органамі бяспекі.
«Заяўленая сёння пазіцыя па ваенных — гэта ўжо не проста чарговая дыскрымінацыя, гэты крытэрый распальвае канфлікт у расійскай спартыўнай супольнасці. Мэта — нанесці ўрон расійскаму спорту ў цэлым», — сказаў Пазнякоў.
Кіраўнік федэрацыі лыжных гонак Расіі Алена Вяльбе заявіла, што пры такіх умовах Расіі «не патрэбны іх міжнародныя спаборніцтвы». «Тое, пра што я раней казала: нават не хачу абмяркоўваць! Я катэгарычна супраць нейтральнага статусу, тым больш шмат дадаткаў: «хто не падтрымлівае СВА», «хто не ў сілавых і ўзброеных структурах» і «хто не ўдзельнічаў у канцэртах Z», — заявіла яна «Р-Спорт».
Лыжніца Вераніка Сцяпанава (алімпійская чэмпіёнка ў эстафеце) і зусім «паслала» Міжнародны алімпійскі камітэт. «А не пайшлі б вы нафіг з усімі сваімі ўмовамі і рэкамендацыямі, паважаны МАК? Я не дам ніякай «міжнароднай камісіі» разбіраць мае погляды і перакананні і вырашаць, ці дапусціць мяне да Кубка свету. Бегайце самі ў такім разе», — напісала яна ў сваім тэлеграм-канале.
Паводле ВВС