МАК вывучыць выкананне Беларуссю Алімпійскай хартыі
Міжнародны алімпійскі камітэт занепакоены сітуацыяй у спартыўнай супольнасці Беларусі ў святле рэпрэсій у дачыненні да атлетаў. НАК Беларусі, які ўзначальваецца Лукашэнкам, запэўніў, што выконвае Алімпійскую хартыю.

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) мае намер больш старанна вывучыць, як Нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) Беларусі выконвае Алімпійскую хартыю. Такое рашэнне выканкам МАК прыняў у пятніцу, 23 кастрычніка, атрымаўшы прамежкавую справаздачу аб сітуацыі спартсменаў у Беларусі. Беларускі бок раней запэўніваў, што цалкам выконвае хартыю.
МАК зноў выказаў занепакоенасць сітуацыяй у спартыўнай супольнасці Беларусі. Выканкам арганізацыі працягне назіраць за тым, што адбываецца напярэдадні летніх Алімпійскіх гульняў у Токіо ў 2021 годзе і зімовай Алімпіяды-2022 у Пекіне. Камітэт "адкрыты да атрымання любой інфармацыі датычна дыскрымінацыі спартсменаў па палітычных поглядах", падкрэслілі ў МАК.
У той жа дзень у Лазане, дзе знаходзіцца штаб-кватэра МАК, прайшла акцыя пратэсту. Дэманстранты неслі банер з надпісам "Чэмпіёны не гуляюць з дыктатарамі" і бел-чырвона-белыя сцягі. У завяршэнне акцыі пратэстоўцы перадалі прадстаўнікам камітэта ліст з заклікам расследаваць факты дыскрымінацыі і гвалту ў дачыненні да беларускіх спартсменаў і прыпыніць фінансаванне нацыянальнага камітэта Беларусі.
Удзельнікі Свабоднага аб'яднання спартсменаў Беларусі SOS BY ў пачатку кастрычніка напісалі ліст прэзідэнту МАК Томасу Баху (Thomas Bach). Па словах аўтараў, у Беларусі спартсмены, нязгодныя з палітыкай уладаў, падвяргаюцца рэпрэсіям з боку дзяржаўных органаў, у тым ліку міністэрства спорту і Нацыянальнага алімпійскага камітэта, які ўзначальвае Аляксандр Лукашэнка. Складальнікі дакумента прывялі ў прыклад пераслед 22 беларускіх атлетаў, а таксама арышт знакамітай баскетбалісткі Алены Леўчанка.
dw.com