400-ы дзень вайны ва Украіне. Асноўнае на гэты час

Новае наступленне ўкраінскай арміі прызначана на красавік-травень. Што яшчэ здарылася за апошні час на вайне ва Украіне?

Руйнаванні, што прынесла Украіне вайна. Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Руйнаванні, што прынесла Украіне вайна. Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

  • Рэзнікаў назваў тэрміны і напрамкі, па якіх адбудзецца ўкраінскае контрнаступленне

Па словах міністра абароны, Украіна рыхтуецца да вясновага контрнаступлення, якое павінна пачацца на працягу красавіка-траўня. Тэрміны наступальных дзеянняў звязаны з умовамі надвор'я.

  • РФ абстраляла за суткі больш за 90 украінскіх гарадоў і вёсак, загінулі трое цывільных

Пад агонь арміі РФ за мінулыя суткі патрапілі населеныя пункты ў васьмі абласцях, пацэлілі ў 48 аб'ектаў інфраструктуры.

За мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў на тэрыторыі Украіны загінулі трое цывільных, яшчэ 11 мірных жыхароў атрымалі раненні. Пра гэта 30 сакавіка паведаміў Military Media Center са спасылкай на звесткі Міністэрства абароны Украіны.

«Паводле атрыманай ад Сітуацыйнага цэнтра Міністэрства абароны Украіны інфармацыі, за мінулыя суткі расійскія войскі абстралялі тэрыторыю васьмі абласцей Украіны. Папярэдне, загінулі тры чалавекі, 11 параненыя», — гаворыцца ў публікацыі.

Так, напрыклад, у Херсонскай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў адзін чалавек загінуў, адзін паранены. У Данецкай вобласці адзін загінулы (у горадзе Часаў Яр) і пяцёра параненых, паводле звестак АВА.

Усяго армія РФ абстраляла 92 населеныя пункты — ужываліся мінамёты, танкі, артылерыя, РСЗА, ЗРК, С-300 і тактычная авіяцыя.

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 30 сакавіка: асабовага складу — каля 172 900 (+560 за мінулыя) чалавек

hensztab_starty_30_03.jpg

Армія РФ засяроджвае асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. Падраздзяленні сіл абароны Украіны адбілі на іх больш за 60 нападаў арміі РФ. У эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца Белагораўка, Бахмут, Аўдзееўка і Мар'інка, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.

Запарожскую АЭС цяпер немагчыма абараніць, паколькі вакол яе значна павялічылася колькасць войскаў, заявіў гендырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі пасля візіту на станцыю.

«Відавочна, што ваенная актыўнасць ва ўсім рэгіёне расце. Таму станцыя не можа быць абароненая», — заявіў Гросі.

  • Украіна арыштавала расійскіх актываў на 41 млрд грыўняў

Пра гэта паведаміў дырэктар Бюро эканамічнай бяспекі Украіны Вадзім Мельнік. Ён удакладніў, што гаворка ідзе, у прыватнасці, аб разнастайнай тэхніцы, вытворчых магутнасцях, таварна-матэрыяльных каштоўнасцях, у тым ліку будаўнічых і гаруча-змазачных матэрыялах, якія ўжо выкарыстоўваюць УСУ.


  • Ці знойдзецца ў РФ 400 тысяч «добраахвотнікаў»

Брытанская выведка не верыць, што Расіі ўдасца набраць у войска яшчэ 400 тысяч чалавек добраахвотна, як яна гэта задэкларавала. Аналітыкі адзначаюць, што Расія прадстаўляе гэтую кампанію як добраахвотны прызыў прафесійных кадраў, а не як новую абавязковую мабілізацыю. Але існуе рэальная магчымасць таго, што на практыцы гэтая розніца будзе размытая — і рэгіянальныя органы ўлады будуць спрабаваць выканаць пастаўленыя перад імі задачы па наборы, прымушаючы мужчын уступаць у войска.

Таксама ў выведцы нагадваюць, што для аднаўлення баявой моцы Расіі неабходна не толькі набраць асабісты склад, але і забяспечыць яго боепрыпасамі і вайсковай тэхнікай, якіх яна не мае ў неабходнай колькасці.

  • Расія ўнесла Венгрыю ў спіс «недружалюбных краін».

Гэта было зроблена праз далучэнне Будапешта да еўрапейскіх санкцый, заявіў амбасадар РФ у Венгрыі Яўген Станіславаў. Пры гэтым ён дадаў, што Будапешт «дэманструе прагматычную пазіцыю, ад якой пакуль не збіраецца адмаўляцца нават пад ціскам сваіх хаўруснікаў у ЕС і NATO».

  • У РФ арыштавалі карэспандэнта The Wall Street Journal

У расійскім Екацярынбургу затрыманы карэспандэнт The Wall Street Journal, грамадзянін ЗША Эван Гершковіч. ФСБ заявіла, што ён па заданні Вашынгтона нібыта займаўся «зборам звестак аб адным з прадпрыемстваў расійскага ВПК, якія складаюць дзяржтаямніцу».

Раней з'явілася інфармацыя, што Гершковіч знік. Паводле звестак СМІ, ён рыхтаваў матэрыял пра ПВК «Вагнер».

  • Кітай і Іран дапамогуць РФ?

Мінабароны КНР заявіла, што кітайская армія гатовая супрацоўнічаць з расійскай для далейшага «ўмацавання стратэгічнай камунікацыі і каардынацыі». У прыватнасці, войска Кітая гатовае разам з войскам РФ «падтрымліваць рэгіянальны мір і бяспеку».

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) мяркуе, што Лаўроў падчас сустрэчы ў Маскве з міністрам замежных спраў Ірана Амірам Абдалахіянам маглі дамовіцца аб новых пастаўках іранскага ўзбраення ў абмен на перадачу Тэгерану штурмавікоў Су-35. На думку аналітыкаў, Іран спрабуе ўмацаваць двухбаковыя адносіны з Расіяй, у якіх абое будуць больш раўнапраўнымі партнёрамі, і, верагодна, павялічыць пастаўкі зброі Маскве для дасягнення гэтай мэты.


  • Дапамагчы энергетычнай сістэме Украіны

Міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка заклікаў сусветныя энергетычныя кампаніі падзяліцца прыбыткам з Украінай. «Многія энергетычныя кампаніі атрымліваюць велізарны звышпрыбытак цераз вайну. Паводле нашых ацэнак, гэта больш за 200 млрд долараў. Яны атрымліваюць гэтыя грошы праз вайну, таму што мы ваюем. Я думаю, было б справядліва падзяліць гэтыя грошы з Украінай, каб дапамагчы нам аднавіць энергетычную інфраструктуру», — сказаў Галушчанка ў каментары Politico.

Выданне адзначае, што літоўская Ignitis Group ужо абвясціла аб гатоўнасці перадаць каля 10% прыбытку на дапамогу ў аднаўленні Украіны.

Японія вылучыла Украіне новы пакет гуманітарнай дапамогі на 470 млн долараў — сродкі пойдуць пераважна на размініраванне тэрыторый і аднаўленне энергетычнай сістэмы, паведаміў МЗС краіны.

  • Павялічыць вытворчасць снарадаў для дапамогі Украіне

Польшча плануе павялічыць вытворчасць боепрыпасаў напярэдадні контрнаступлення УСУ на фронце. А таксама заклікае саюзнікаў, прыватныя, дзяржаўныя і замежныя кампаніі прыняць выклік.

ЗША маюць намер да канца 2023 года павялічыць вытворчасць 155-мм артылерыйскіх снарадаў удвая, а на працягу наступных пяці гадоў — у шэсць разоў, заявіў намеснік кіраўніка Пентагона па пытаннях сухапутных войскаў Гейб Камарыльё. Паводле яго слоў, Пентагон выдаткуе каля 1,45 млрд долараў на мадэрнізацыю вытворчых магутнасцяў снарадаў калібру 155 мм, каб падтрымаць абараназдольнасць Украіны і папоўніць запасы арміі ЗША.

Ён дадаў, што армія ЗША таксама нарошчвае вытворчасць супрацьтанкавых ракет Javelin і кіраваных рэактыўных сістэм залпавага агню (GMLRS). У прыватнасці, вытворчасць Javelin вырасце больш чым удвая — да 330 у месяц, а вытворчасць пускавых установак падвоіцца да 41 у месяц.

Гейб Камарыльё заявіў, што да 2026 года армія ЗША мае намер таксама ўдвая (з 566 да 1110 адзінак) павялічыць штомесячны заказ на вытворчасць ракет для РСЗА. Згодна з публічным дадзеных, ЗША ўжо адправілі ва Украіну 1 074 000 адзінак 155-мм снарадаў, прычым месячны расход гэтых снарадаў, паводле ацэнак экспертаў, складае да 143 000 адзінак.

  • ЗША не зафіксавалі ніякіх абуральных парушэнняў пры выкарыстанні Украінай заходняй вайсковай дапамогі.

Пра гэта заявіў каардынатар Рады нацбяспекі Белага дома Джон Кірбі. Ён падкрэсліў, што дапамога, якая накіроўваецца Кіеву, выкарыстоўваецца па прызначэнні, а ўкраінская ўлада падзяляе занепакоенасць адносна яе мэтавага выкарыстання і належнай справаздачнасці. Кірбі дадаў, што падчас вайны немагчыма прадугледзець кожнае перамяшчэнне кожнага вырабу, якія прымяняе кожны салдат.

  • Як NATO адказвае на вайну ва Украіне?

У адказ на расійскае ўварванне ва Украіну NATO стварыў магутную вайсковую структуру на ўсходнім флангу, заявіў вярхоўны галоўнакамандуючы Аб'яднаных узброеных сіл NATO ў Еўропе Крыстафер Кавалі: «Цяпер пад маім камандаваннем больш за 40 тысяч вайскоўцаў і яшчэ 200 тысяч вайскоўцаў, якіх краіны прывялі да гатоўнасці на выпадак, калі я буду ў іх мець патрэбу. У нас ёсць амаль 100 самалётаў, якія патрулююць паветраную прастору цяпер, амаль 100 судоў, якія кантралююць сітуацыю на вадзе».

Кавалі ўказаў на неабходнасць працягваць аказваць падтрымку Украіне. Паводле яго слоў, больш за 11 тысяч украінскіх салдат зараз праходзяць падрыхтоўку па ўсёй Еўропе.