Як Захад можа адказаць на на размяшчэнне ў Беларусі расійскай ядзернай зброі?

МЗС Беларусі не бачыць парушэння дамовы аб нераспаўсюдзе ядзерназ зброі ў выпадку яе размяшчэння ў Беларусі. Між тым, прэм'ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі ўжо заявіў, што з’яўленне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі будзе азначаць для нашай краіны больш суровыя санкцыі.

berlin_sankcii_3_logo.jpg


«Наша Н*ва» запыталася ў эксперта даследчага цэнтра BEROC Дзмітрыя Крука, якія галіны эканомікі могуць закрануць новыя санкцыі.


Імаверныя кірункі — чатыры

«Значная частка таго, што з боку ЕС можна было выкарыстаць, ужо была выкарыстана, таму манеўраў для ўвядзення новых значных і адчувальных санкцый засталося не так шмат», — лічыць Крук.

Эканаміст не валодае інсайдамі наконт таго, якія менавіта санкцыі могуць быць уведзены ў адказ на размяшчэнне ядзернай зброі. Ён агучвае чатыры найбольш імаверныя кірункі, якія могуць патрапіць пад новыя абмежаванні.


Чыгуначны транзіт

Першы з іх — далейшае скарачэнне і абмежаванне транзіту тавараў чыгуначнымі шляхамі ажно да поўнага закрыцця таварнага руху праз чыгунку.

«Зыходзячы з таго, што значная частка транзіту кітайскіх тавараў працягвае ісці праз нас у ЕС менавіта чыгункай, то гэта менавіта тое месца, на якое могуць ціснуць. Будуць уплываць на ўсё, што звязана з транзітам», — кажа ён.

Пэўнае ўзмацненне абмежаванняў усё яшчэ магчымае і на аўтадарожным транзіце.

Могуць далей вырашацца пытанні адкрыцця ці закрыцця наземных пунктаў пропуску, хоць ступень абмежавання па аўтадарожным руху ўжо даволі высокая, кажа эксперт.


Адключэнне ад SWIFT

Па-другое, эканаміст лічыць, што ЕС можа пайсці на пашырэнне санкцый у банкаўскім сектары шляхам адключэння беларускіх банкаў ад SWIFT.

«Колькі банкаў патрапіць пад санкцыі, ужо будзе залежаць ад таго, наколькі высока еўрапейскі бок ацэніць для сябе пагрозу ад дзеянняў Беларусі. Гэта можа быць як поўнае адключэнне ўсіх банкаў, так і толькі часткі, як гэта ўжо адбылося», — зазначае ён.


Абмежаванні на імпарт

Трэцім пунктам Зміцер Крук называе пашырэнне санкцый на ўвоз тавараў у Беларусь.

«Цяпер склалася такая сітуацыя, што санкцыі на ўвоз у дачыненні да Беларусі і Расіі адрозніваюцца, таму яшчэ да гэтай заявы Пуціна ішлі размовы пра тое, што ёсць логіка ў іх уніфікацыі. У гэтым кірунку таксама ёсць патэнцыял да ўзмацнення санкцыйных абмежаванняў», — адзначае эксперт.


Персанальныя санкцыі

Чацвёрты кірунак, куды, на думку эканаміста, могуць распаўсюдзіць новыя абмежаванні, — гэта персанальныя санкцыі ў дачыненні да пэўных асоб.

«Персанальныя санкцыі не такія адчувальныя для эканомікі цалкам, але вельмі адчувальныя для асобнага бізнесу. Для пэўных людзей гэта вельмі балючыя пытанні, таму яны робяць усялякія намаганні, каб абысці іх. Пошук такіх асоб і бізнесу таксама застаецца патэнцыйным кірункам для пашырэння санкцыйнага ціску», — зазначае Крук.

Аднымі з самых адчувальных санкцый для Беларусі з’яўляюцца абмежаванні на экспарт, але яны былі ўведзены яшчэ паўтара года таму.

«Калі казаць агулам, то трэба памятаць, што санкцыі бясконца павялічваць немагчыма, бо ў пэўны момант яны ўпіраюцца ў столь. Калі ўжо амаль усе стасункі разарваныя, то цяжка далей пашыраць санкцыі», — нагадвае эксперт.