Жанчыне, што вярнулася па праграме сілавікоў «Дарога дадому», далі чатыры з паловай гады калоніі
Таццяна Курыліна вярнулася ў Беларусь з Польшчы пасля ўгавораў знаёмага — верагодна, супрацоўніка беларускіх спецслужбаў. Жанчына нават дала інтэрв'ю дзяржСМІ, але гэта не дапамагло ёй пазбегнуць турмы.
![Таццяяна Курыліна. Скрыншот з відэа Таццяяна Курыліна. Скрыншот з відэа](/img/v1/images/kurylina_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Таццяяна Курыліна. Скрыншот з відэа
Раней улады стварылі праграму «Дарога дадому», праз якую беларусам прапануецца нібыта бяспечнае вяртанне на радзіму. Адной з яе ахвяр стала адміністратарка сеткі пратэсных тэлеграм-каналаў «97%» 49-гадовая Таццяна Курыліна.
28 снежня Курыліну пачалі судзіць, ёй былі прад'яўленыя абвінавачанні па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса і пагражала да 15 гадоў пазбаўлення волі. Суд адбываўся ў закрытым рэжыме, таму дакладна невядома, па якіх артыкулах яе судзілі і прызналі вінаватай.
Што паведамляла пра справу пракуратура?
Па матэрыялах следства, Таццяна Курыліна з 20 жніўня 2020 года па 20 лютага 2022 года праз Telegram-рэсурсы заклікала ўдзельнікаў чатаў да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да прадстаўнікоў улады і сілавых структур.
Яна ж без згоды пацярпелых, якімі прызнаныя ў тым ліку пракурорскія работнікі і суддзі, неправамерна збірала, сістэматызавала і распаўсюджвала звесткі аб іх прыватным жыцці, чым прычыніла істотную шкоду іх правам і законным інтарэсам. У такіх паведамленнях змяшчалася загадзя ілжывая інфармацыя.
«Пачынаючы з 20 верасня 2020 года Курыліна на працягу паўтара года размяшчала ў Telegram-каналах публікацыі, у якіх заклікала да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах на тэрыторыі Беларусі, аказанні актыўнага супраціву супрацоўнікам праваахоўных органаў, перакрыццю дарог, пашкоджання маёмасці арганізацый і прадпрыемстваў, ухілення ад выплаты падаткаў», — паведамляла пракуратура.
У тэкставых паведамленнях абвінавачанай у Telegram-чатах таксама ўтрымліваліся абразы з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі, пагрозы гвалтам у дачыненні да Лукашэнкі, паклёп, спалучаны з яго абвінавачваннем у цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах.
![Навошта Лукашэнку вяртаць "беглых"? Хто аўтар ідэі вярнуць тых, хто з'ехаў?](/img/v1/images/_daroha___bezljudz___szasza__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Таццяну Курыліну «развялі» беларускія спецслужбы, пацярпеў «Рабочы рух»
Як паведамлялі праваабаронцы, Таццяна Курыліна доўгі час знаходзілася за мяжой. У студзені 2022 года беларускія сілавікі ўзламалі шэраг чатаў «97%». А ў лютым Курыліна «ўсплыла» на беларускім тэлебачанні ў праграме прапагандысткі Ксеніі Лебедзевай. Аказалася, што Курыліна ўжо знаходзіцца ў Беларусі.
На тэлебачанні, стомленая, яна казала, што чаты не маюць сэнсу, але кантралююцца польскімі спецслужбамі, заяўляла пра шчыльныя кантакты з «Байп*лам», расказвала нюансы сваёй працы.
Па інфармацыі «Байп*л», Таццяну Курыліну «развялі» беларускія спецслужбы. Жанчыну спакусіў малады чалавек і папрасіў вярнуцца да яго ў Беларусь, абяцаў «вырашыць усе пытанні». Яна вярнулася, але гэта аказалася спецаперацыяй КДБ. І жанчына стала «ўсіх зліваць».
Справу разглядаў суддзя Мікалай Доля.