Зяленскі: Расійская вайна будзе ўсё больш адчувальнай у іх дома, у Расіі

«Ракетнае супрацьстаянне» Расіі і Украіны працягваецца. Масква стварае больш эфектыўную балістыку, Украіна працягне біць па крытычнай інфраструктуры Расіі, пакуль Пуцін не захоча міру. А стваральнікі Patriot марудзяць з перадачай ліцэнзій, бо проста баяцца канкурэнцыі з украінскімі вытворцамі. Ідуць 1629-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

759964928_808611655612592_6925676643430785747_n.jfif

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 254 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 10 жніўня.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 31 атака ў раёнах Канстанцінаўкі, Іллінаўкі, Русінага Яру і ў бок Доўгай Балкі і Мікалайполля.

На Ліманскім кірунку расійцы 30 разоў атакавалі ў бок Дробышава, Лімана, Дзібровы, Азёрнага і ў раёнах Наваегораўкі, Навасёлаўкі, Торскага, Ямпаля.

На Пакроўскім кірунку расіяне правялі 26 атак у раёнах Новааляксандраўкі, Котліна, Удачнага, Маладзецкага і ў бок Кучарава Яра, Новага Шахава, Шаўчэнкі, Светлага і іншых.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку УСУ адбілі 25 атак расійцаў ў раёнах Старыцы, Ваўчанска, Лімана, Арцільнага і ў бок Ізбіцкага, Валохаўкі, Купінага, Хатняга, Бярэзнікаў, Амбарнага.

На Гуляйпольскім кірунку армія РФ 21 раз атакавала ў бок Уздвіжаўкі, Горкага, Стараўкраінкі, Гуляйпольскага, Роўнага і Цвятковага.

* * *

У ноч на 10 жніўня расійскія войскі нанеслі пяць удараў кіраванымі авіябомбамі па грамадзянскай інфраструктуры Сум, раненні атрымалі па меншай меры 14 чалавек.

Расійскія войскі ў ноч 10 жніўня атакавалі Запарожжа. Пад удар трапіў гаражны кааператыў. На месцы адбыўся пажар, абышлося без пацярпелых.

10 верасня дроны атакавалі Ніжнякамск у расійскім Татарстане. Там размешчаны адзін з найбуйнейшых і самых сучасных нафтахімічных і нафтаперапрацоўчых вузлоў Расіі, дзе дзейнічаюць два галоўныя прадпрыемствы — «ТАНЕКА» (належыць «Татнафце») і «ТАІФ-НК», а таксама магутнасці кампаніі «Сібур». Гэты прамысловы комплекс з'яўляецца ключавым элементам паліўна-энергетычнай інфраструктуры РФ.

* * *

769222561_2924254311251580_2278140492062956237_n.jfif

* * *

Папа Рымскі Леў XIV падчас нядзельнага выступлення перад вернікамі заклікаў міжнародную супольнасць пакласці канец расійска-ўкраінскай вайне, піша Reuters.

Пантыфік заявіў, што «трагічныя інцыдэнты множацца» і выклікаюць усё большую колькасць ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва, у тым ліку сярод дзяцей.

«Я яшчэ раз звяртаюся з шчырым заклікам да захавання міжнароднага гуманітарнага права і спынення атак на грамадзянскія аб'екты з абодвух бакоў», — заявіў Папа Рымскі.

* * *

Амерыканскія абаронныя кампаніі Raytheon і Lockheed Martin асцерагаюцца, што Украіна ў выпадку атрымання ліцэнзіі зможа ўдасканаліць зенітныя ракеты Patriot і вырабляць іх хутчэй і значна танней, чым ЗША, піша The Atlantic.

Кампаніі Raytheon і Lockheed публічна тлумачаць свая агаворкі адносна надання Украіне ліцэнзіі «рызыкамі крадзяжу інтэлектуальнай уласнасці і несанкцыянаванай перадачы тэхналогій».

На самай справе чыноўнік з Рэспубліканскай партыі на Капіталійскім пагорку расказаў выданню, што сапраўдная прычына заключаецца ў страху канкурэнцыі. Амерыканскія вытворцы асцерагаюцца, што «ўкраінцы знойдуць спосаб удасканаліць Patriot, а затым вырабляць іх масава і значна танней, чым гэта робяць існуючыя лініі ў ЗША».

Выданне падкрэслівае, што на разгортванне маштабнай вытворчасці сыдуць гады. У доўгатэрміновай перспектыве Украіна магла б вырабляць лішкі ракет Patriot для патрэб ЗША ці іх саюзнікаў.

Аднак менавіта патэнцыйная высокая эфектыўнасць украінскага ВПК выклікае трывогу ў амерыканскіх збройнікаў. The Atlantic адзначае, што ваенна-прамысловы патэнцыял Украіны істотна вырас: у цяперашні час Украіна вырабляе каля 10 мільёнаў беспілотнікаў у год супраць 100 тысяч у ЗША.

* * *

Расія перастала выпускаць «Кінжалы» і крылатыя ракеты Х-32 (мадэрнізацыя Х-22). Сродкі і камплектуючыя, якія адводзіліся для іх, пераразмеркавалі на іншыя тыпы ракет, што лічацца больш эфектыўнымі — на балістычныя ракеты, сказаў РБК-Украіна прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны Вадзім Скібіцкі.

Як патлумачыў Скібіцкі, расіяне рабілі ўсё магчымае, каб павялічыць дакладнасць Х-32. Але вынікі баявых выпрабаванняў паказалі, што ім гэта не ўдаецца. Таму расіяне вырашылі зноў вярнуць іх на дапрацоўку, а план серыйнай вытворчасці прыпынілі. «Такія ж у іх нюансы і з “Кінжаламі”. Наўрад ці мы ўспомнім выпадак, калі гэтая ракета трапляла дакладна ў мэту. Для эфектыўнай ракеты адхіленне ад мэты не павінна перавышаць 5-7 метраў, а ў іх — 30 метраў і больш», — падкрэсліў намеснік начальніка ГУР.

«І гэта лагічна: калі ёсць пэўныя тыпы ракет, якія даходзяць да мэтаў — яны павялічваюць іх вытворчасць. Акрамя таго, яны робяць акцэнт на вытворчасці тых сродкаў, для якіх у іх ёсць камплектуючыя», — патлумачыў Скібіцкі.

Ён адзначыў, што наўрад ці варта чакаць паўзы ў абстрэлах Украіны, паколькі Масква па асноўных тыпах ракет выконвае план вытворчасці на ўзроўні 110-120% на месяц. Гадавы план па «Цырконах» і мадэрнізаваных «Аніксах» быў выкананы за сем месяцаў.

* * *

Вайна працягваецца з-за нежадання Расіі яе заканчваць. Украіна будзе адказваць на кожны расійскі ўдар, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце 9 жніўня.

«Гаварыў з галоўкамам Драпатым — па абароне нашых гарадоў, па нашых адказах Расіі. Сапраўды справядлівыя адказы ёсць, на кожны расійскі ўдар будзе наша рэагаванне. Расійская вайна будзе ўсё больш адчувальнай у іх дома, у Расіі», — сказаў глава дзяржавы.

Па словах Зяленскага, Украіна працягвае наносіць удары па расійскай нафтаперапрацоўцы і іншых крытычных аб'ектах расійскай інфраструктуры.

«Адзіная прычына, чаму гэта да гэтага часу працягваецца, — гэта расійскае нежаданне гэтую вайну заканчваць», — заявіў Зяленскі.