Не хочуць ваяваць: у расійскіх рэгіёнах людзей хапаюць, каб адправіць на вайну ва Украіну

У расійскім Омску людзей затрымліваюць на вуліцах, і пад ціскам прымушаюць падпісаць кантракт з Мінабароны РФ. Раней такія ж выпадкі фіксаваліся ў Пензе. Тым часам украінскія «дальнабойныя санкцыі» спыняюць крытычную расійскую вытворчасць, а Зяленскі зноў прапануе мір. Ідуць 1631-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

491835483_1022893253357086_8736122056664995942_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 237 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 12 жніўня.

На Пакроўскім кірунку расійцы здзейснілі 37 атак у раёнах Новага Шахава, Мірнага, Дарожнага, Новааляксандраўкі, Грышына, Котліна, Удачнага, Новамікалаеўкі і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 34 атакі ў раёнах Канстанцінаўкі, Іванаполля, Іллінаўкі і ў бок Доўгай Балкі, Сцяпанаўкі, Тарэцкага, Новага Донбаса, Кучарава Яра.

На Славянскім кірунку расіяне здзейснілі 18 штурмаў у раёнах Рэзнікоўкі, Закітнага, Крывой Лукі, Каленікаў і ў бок Рай-Аляксандраўкі і Азёрнага.

На Купянскім кірунку адбылося 15 атак арміі РФ ў раёнах Загрызава, Курылаўкі і ў бок Радзькоўкі і Петрапаўлаўкі.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 13 атак войска РФу раёнах Ліману, Старыцы і ў бок Хатняга, Ахрымаўкі і Вадзянога.

* * *

У Херсоне ў выніку атакі беспілотнікаў арміі РФ два чалавекі загінулі, яшчэ двое атрымалі раненні.

У Запарожжы ў выніку удараў у ноч на 12 жніўня ўзнік пажар у гандлёвым цэнтры «Эпіцэнтр», 1200 спажыўцоў засталіся без святла.

У Адэсе ў выніку расійскай атакі раніцай 12 жніўня пашкоджана інфраструктура. Абышлося без пацярпелых.

Расійскія ўлады заявілі аб масіраванай атацы беспілотнікаў на Краснадарскі край РФ, Telegram-каналы пішуць пра пажары ў порце, на нафтавым тэрмінале і ў ваеннай гавані ў Наварасійску.

У ноч на сераду, 12 жніўня, акупацыйныя ўлады Севастопаля заявілі аб масіраванай атацы дронаў, расійская супрацьпаветраная абарона нібыта збіла больш за 30 беспілотнікаў, у горадзе ўзніклі пажары.

* * *

770955798_2641432779653007_1712917762379086342_n.jfif

* * *

Расійскі нафтахімічны комплекс «ЗапСібНафтахім» у Табольску Цюменскай вобласці на захадзе Сібіры пасля атакі дронаў прыпыніў працу, піша Reuters.

11 жніўня на Санкт-Пецярбургскай міжнароднай таварнай біржы (SPIMEX) не было выстаўлена на продаж ніякіх аб'ёмаў звадкаванага газу для адгрузкі з пункта пагрузкі ў Табольску. З гэтага пункта рэгулярна прадавалася каля 4000 метрычных тон тэхнічнай сумесі прапану і бутану (СПБ) у суткі.

«ЗапСібНафтахім» у Табольску вырабляе каля 6 мільёнаў тон сыравіны ў год, што складае прыкладна 40% ад агульнага аб'ёму вытворчасці тэхнічнай сумесі бутану і прапану ў Расіі.

* * *

Украіна перадала амерыканскаму боку свае прапановы па далейшых дзеяннях, якія павінны ўзмацніць ціск на Расію і дапамагчы наблізіць завяршэнне вайны, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Ён атрымаў даклад украінскай перамоўнай каманды. Пасля гэтага Кіеў перадаў Вашынгтону сваё бачанне наступных крокаў.

Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што ЗША могуць узмацніць падтрымку Украіны, у прыватнасці ў сферы супрацьпаветранай абароны. У той жа час Кіеў чакае ад Вашынгтона больш актыўнага выкарыстання палітычнага і эканамічнага ўплыву на Маскву. Гаворка ідзе пра тое, каб прымусіць Расію змяніць свой падыход да вайны і перайсці да рэальных крокаў дзеля яе завяршэння.

«Амерыка можа дапамагчы нашай абароне, перш за ўсё з ППА, і давіць на Расію», — адзначыў Зяленскі. Ён дадаў, што мэтай павінна быць «рыхтаваць заканчэнне вайны, а не зацягванне».

* * *

Расія спыніла вытворчасць рэактыўных дронаў-камікадзэ «Герань-3», паведамілі ў Галоўным упраўленні разведкі Міністэрства абароны Украіны. Апарат развіваў хуткасць да 370 км/г і ляцеў на адлегласць да 1000 км.

«Герань-3» — гэта фактычна той жа планер і элементная база, што і ў «Герань-2», але замест звычайнага поршневага рухавіка расіяне ўстанавілі рэактыўны Telefly JT80. У ГУР таксама падлічылі, што ў канструкцыі дрона маецца 45 замежных кампанентаў — больш за ўсё амерыканскіх (22), а таксама кітайскія, швейцарскія, нямецкія, брытанскія і японскі.

Аднак «Герань-3» стала толькі пераходнай мадэллю да наступнай версіі — «Герань-4», планер якой ужо спецыяльна распрацавалі пад новы рэактыўны рухавік Telefly LX-WP-160. У новага дрона ўзраслі ўзлётная маса — з 350 да 450 кг, а дзякуючы больш магутнаму рухавіку павялічыліся і хуткасць, і далёкасць палёту.

* * *

У расійскім Омску паведамляюць пра новую практыку прыцягнення мужчын на ваенную службу. Затрыманых дастаўляюць у пункты адбору, дзе іх прымусова прымушаюць падпісаць кантракт з Мінабароны РФ, паведамляе «Омскае грамадзянскае аб’яднанне ».

Адзін з такіх выпадкаў адбыўся днямі, калі 31-гадовы мужчына быў затрыманы на вуліцы, калі ён піў піва. Пасля гэтага яго даставілі ў пункт адбору «Сірыус 55». Па словах сваякоў, там на мужчыну аказвалі ціск, пасля чаго ён падпісаў кантракт з Мінабароны РФ. Сваякі звярнуліся ў пракуратуру, аднак там папрасілі «даць дадатковыя дакументы і звярнуцца паўторна».

Фармальна рэйды з удзелам паліцыі і работнікаў ваенных структур могуць праводзіцца для пошуку людзей, якія парушаюць правілы ваеннага ўліку. Аднак затрыманым прапаноўваюць або навязваюць падпісанне кантрактаў з расійскім Мінабароны.

Раней падобныя выпадкі масава фіксаваліся ў Пензе.

Паводле праваабарончага праекта «Идите лесом», расійскім уладам становіцца ўсё больш складана прыцягваць добраахвотнікаў для ўдзелу ў вайне. Таму ўлады РФ пашыраюць практыку прымусовай вярбоўкі. Сярод метадаў, якія яны называюць — затрыманне мужчын на вуліцах, візіты чыноўнікаў дадому і на працу, а таксама вярбоўка даўжнікоў, умоўна асуджаных і нядаўна дэмабілізаваных ваеннаслужачых.